Узгоднены праект канцэпцыі конкурсу “Курапаты — месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій”

22 студзеня ў Мінску на чарговым пасяджэнні грамадзянскай ініцыятывы “Эксперты ў абарону Курапатаў” узгоднены праект канцэпцыі адкрытага творчага конкурсу “Курапаты — месца згубы ахвяраў палітычных рэпрэсій”  



kurapaty_kancept_konkursu_1_logo.jpg

У праекце, між іншым зазначаецца, што адкрытыя для грамадства ў 1988 годзе Курапаты сталі адным з нацыянальных сімвалаў Беларусі. Усведамленне вялізарных стратаў, нанесеных беларускаму народу бальшавіцкім савецкім рэжымам, змяніла свядомасць беларусаў, падштурхнула працэс паўстання суверэннай нацыі і незалежнай дзяржавы Беларусь.

Але больш за чвэрць стагоддзя дзяржава ня робіць нічога для ўшанавання памяці ахвяраў савецкага тэрору, для мемарыялізацыі Курапатаў ды іншых месцаў масавых забойстваў, здзейсненых у Беларусі органамі дзяржаўнай бяспекі, а таксама адмаўляецца раскрываць усю праўду пра маштаб рэпрэсіяў і абнародаваць імёны ахвяраў. Гэта лагічна для цяперашняй ўлады, якая дэкларуе сваю пераемнасць з савецкім мінулым.

Увесь гэты час беларускае грамадства, грамадзянская супольнасць шанавала і бараніла Курапаты. Дзякуючы менавіта ініцыятывам грамадства Курапаты былі афіцыйна прызнаныя помнікам, паўстаў Народны мемарыял, тэрыторыя месца згубы засталася збольшага непарушанай. Грамадства патрабавала комплекснай мемарыялізацыі Курапатаў, дзякуючы чаму адбыўся творчы конкурс 1993 году.

У такіх умовах натуральным працягам супольнай працы грамадзянаў дзеля захавання і ўшанавання Курапатаў, адраджэння гістарычнай памяці беларусаў будзе ініцыяванне новага творчага конкурсу. У задачы яго павінна ўваходзіць не толькі распрацоўка праектаў пабудовы мемарыяльных аб'ектаў на тэрыторыі помніка. Сёння беларускае грамадства ня мае магчымасцяў узяць на сябе такое будаўніцтва, а разлічваць на існую ўладу немагчыма. Акрамя таго, з увагі на характар мясціны, а таксама на тое, што стварэнне Народнага мемарыялу ўжо фактычна адбываецца, не могуць разглядацца праекты мемарыялізацыі ў выглядзе маштабных канструкцыяў. Больш мэтазгодна правесці конкурс творчых ідэяў і працаў, якія ўвасобілі б тэмы Курапатаў, памяці пра ахвяры, непрыняцця тэрору і бальшавізму, пакаяння за ўдзел людзей у злачынствах таталітарнага рэжыму. Архітэктурныя, скульптурныя, жывапісныя і графічныя формы ўвасаблення тэмы павінны быць у гармоніі з ужо наяўнымі элементамі Народнага мемарыялу.

Вынікі конкурсу дапамогуць распрацоўваць будучыя дэталёвыя праекты мемарыялу, прапануюць грамадству выразныя вобразы і сімвалы, неабходныя для аднаўлення гістарычнай памяці. Конкурс прыцягне ўвагу грамадства, паспрыяе пашырэнню гістарычных ведаў, узбудзіць творчую актыўнасць розных пакаленняў мастакоў, а ў цэлым будзе карысным для кансалідацыі грамадства і ўмацавання ідэнтычнасці сучаснай беларускай нацыі.

Такі конкурс не прадугледжвае жорсткага адбору пераможцаў і буйных узнагародаў. Усе ўдзельнікі павінны мець гарантыі апублікавання сваіх працаў, большасць — мець магчымасць удзелу ў выніковай выставе, а адбор найлепшых павінен праходзіць пры чынным удзеле грамадства. Увага прэсы, публічнасць, падтрымка грамадзянскай супольнасці — важныя ўмовы правядзення конкурсу. Палажэнне аб ім мяркуецца  апублікаваць асобна.

Да сярэдзіцы лютага будзе праводзіцца грамадскае абмеркаванне праекту канцэпцыі, які  разам з ГІ “Эксперты ў абарону Курапатаў” падтрымалі суполка “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, грамадскае аб’яднанне “Хрысціянская злучнасць “Курапаты”, Беларуская асацыяцыя ахвяраў палітычных рэпрэсій, грамадскае аб’яднанне “Дыярыуш”, электронны архіў “Вытокі”, прафсаюз “РЭП”, Арт Cядзіба, Цэнтр Супольнасць і Асамблея няўрадавых дэмакратычных арганізацый Беларусі.

Усе заўвагі і прапановы ў праект канцэпцыі можна дасылаць да 8 лютага на электронны адрас kurapaty@bielarus.by  З улікам матэрыялаў грамадскага абмеркавання дапрацаваная і зацверджаная канцэпцыя конкурсу ў сярэдзіне лютага будзе прадстаўлена беларускім і замежным журналістам на адмысловай прэсавай канферэнцыі. 

Нагадаем, што 30 чэрвеня 2015 году ў Мінску па выніках круглага стала, арганізаванага ГІ “Эксперты ў абарону Курапатаў”, была створана працоўная група па падрыхтоўцы праекту канцэпцыі адкрытага нацыянальнага конкурсу на лепшую ідэю ўшанавання ў Курапатах памяці бязвінных ахвяраў савецкага таталітарызму.  На пасяджэнне былі запрошаныя навукоўцы (археолагі, культуролагі, мастацтвазнаўцы, філолагі), грамадскія і культурніцкія дзеячы, у тым ліку сябры суполкі “Пагоня” Беларускага саюзу мастакоў, архітэктары, краязнаўцы і журналісты.

У якасці першага кроку па падрыхтоўцы праекту канцэпцыі было вырашана арганізаваць першую ў найноўшай гісторыі Беларусі дакументальна-мастацкую выставу “Праўда пра Курапаты. Факты, дакументы, сведчанні”, што з 14 па 17 лістапада мінула году дэманстравалася ў сталічным Палацы мастацтва і мела шырокі розгалас у грамадстве.

Па выніках выставы было вырашана правесці конкурс творчых ідэяў і працаў па курапацкай тэматыцы.