Вілейка. Глыбокае. Светлагорск. Чачэрск

Вілейка. Супраціў пашыраецца

Вілейка. Супраціў пашыраецца
1 мая адбыўся круглы стол па праблеме будаўніцтва атамнай электрастанцыі ў Астравецкім раёне. Вядучы Алесь Капуцкі распавёў, што гэткія круглыя сталы ладзяцца і ў іншых месцах рэгіёна — у Маладзечна, Смаргоні, Мядзелі. Бо ўсе гэтыя раёны суседнічаюць з пляцоўкай будаўніцтва АЭС, і праблема будаўніцтва станцыі непасрэдна датычыць усіх жыхароў. Галоўнай персонай на мерапрыемстве быў спецыяльна запрошаны эксперт, прафесар Георгій Лепін. Фізік па адукацыі, ён мае вялікі досвед працы ў галіне атамнай энергетыкі. У свой час ён працаваў на прадпрыемстве па вырабу рэактараў, а пасля катастрофы на Чарнобыльскай АЭС шмат гадоў прысвяціў працы ў забруджанай зоне, не далей за 3 кіламетры ад ЧАЭС. Па словах Георгія Лепіна, за час сваёй працы ў гэтай галіне ён прыйшоў да высновы, што атамная энергетыка з’яўляецца вельмі шкоднай і нявыгаднай рэччу.
Глыбокае. Кангрэс легіянераў
У касцёле Святой Тройцы адбыўся І кангрэс Легіёна Марыі. Тэма кангрэса: “Легіянер і Эўхарыстыя. На кангрэс сабраліся 55 легіянераў і духоўныя кіраўнікі.
Легіён Марыі — гэта супольнасць католікаў, якія выбралі Беззаганную Панну Марыю як найкарацейшы шлях да святасці і збаўлення. Мэта Легіёна Марыі — праслаўленне Бога і асвячэнне легіянераў праз штотыднёвыя малітоўныя сустрэчы і практычнае выкананне апостальскай працы. Легіянер кожны дзень чытае абавязковую малітву (tessera). У духоўным жыцці легіянераў важную ролю адыгрывае ружанцовая малітва. Легіянеры Марыі наведваюць шпіталі, дамы састарэлых. Трымаючыся Беззаганнай Маці і наследуючы Яе пакору, яны ідуць з Ёю на заданне, каб кожную душу прывесці да Хрыста. Гэты апостальскі рух узнік 7 верасня 1921 года, на свята Нараджэння Беззаганнай Панны Марыі, у Ірландыі.
Светлагорск. Пяшчотнае сэрца
У гарадскім цэнтры культуры Светлагорску быў паказаны чарговы спектакль народнага тэатра “Спадчына. Гэта камедыя-вадэвіль пра каханне. Спектакль сабраў поўную залу гледачоў — прыхільнікаў творчасці мясцовых артыстаў. Яны пабачылі інсцэніраваны твор расійскага пісьменніка Уладзіміра Салагуба “Бяда ад пяшчотнага сэрца. Прафесійных актораў у тэатры практычна няма, а трупа складаецца з настаўнікаў, выхавацеляў, слесараў і нават пенсіянераў. Аднак спектакль атрымаўся, гледачы засталіся задаволеныя.
Чачэрск. Гучалі творы Агінскага
2 мая ў чацвёрты раз адбылося свята беларускай музыкі “Чачэрскія сустрэчы. Яно было прысвечана 245-годдзю са дня нараджэння Міхаіла Клеафаса Агінскага. На “Сустрэчы гучалі выключна творы слыннага кампазітара, у тым ліку яго знакамітая “Развітанне з Радзімай. Па традыцыі, у фестывалі прымаў удзел Нацыянальны канцэртны аркестр Беларусі пад кіраўніцтвам Міхаіла Фінберга.