Вагоны чачэнцаў у цягніках з Брэста едуць у Еўразвяз за статусам бежанца
Цягнік "Брэст – Цярэспаль" з раніцы звычайна запоўнены пад завязку: у Польшчу едуць не толькі беларусы "на закупы", але і чачэнцы ды грузіны, якія хочуць уладкаваць жыццё ў Еўропе.
У вагонах перамяшаліся беларусы, чачэнцы і грузіны. Ісхак з Грознага ў Брэст прыехаў з жонкай і ўнукам тры дні таму. Цяпер ён кожную раніцу прачынаецца, ідзе з сям'ёй на вакзал, садзіцца на цягнік, едзе ў Цярэспаль, безвынікова просіць прытулак і вяртаецца ў Брэст. Кожны дзень руціна — гэтакі чачэнскі дзень сурка, піша tut.by.
У Польшчу хочацца ўсім, а пускаюць толькі адзінкі. "Кажуць, што прасцей тым, у каго польская віза ёсць. А як ты яе атрымаеш у Чачэніі?" — пытаецца Ісхак, які з-за беспрацоўя вырашыў з'ехаць з радзімы.
З Грознага сям'я Ісхака дабіралася на аўтобусе да Масквы. Затым па чыгунцы пераехалі ў Брэст, пераселі на цягнік да Тэрэспаля, атрымалі ў Польшчы адмову і вярнуліся назад. У Брэсце яны жывуць на здымнай кватэры.
Па словах мужчыны, некаторыя дзесяць разоў спрабуюць, а на адзінаццаты праязджаюць. Амаль усе яго сваякі — ужо ў Еўразвязе. Бацька яго ўнука сапраўды гэтак жа перасёк мяжу на некалькі месяцаў раней. За плячыма Ісхака — тры спробы перасекчы мяжу з ЕЗ на цягніку "Брэст — Тэрэспаль". На выпадак правалу чарговай спробы ён купіў зваротны білет.
На рахунку яго земляка Лечы — 13 спробаў. На яго думку, гэта вельмі мала. "Некаторыя ўжо па 30-40 разоў паспелі з'ездзіць: раніцай едуць, іх назад адпраўляюць, у абед зноў едуць, зноў назад і трэці раз ужо ўвечары", — распавядае Лечы, які хоча патрапіць у Францыю, дзе ў яго ўжо ўладкаваліся сыны.
На вакзале Цярэспаля цягнік першымі пакідаюць беларусы. Услед за імі выводзяць тых, хто прэтэндуе на статус бежанца. Выводзяць чачэнцаў і грузін людзі ў форме і чорных балаклавах.
Ісхаку не пашанцавала і ў гэты раз. Лечы — таксама. На пытанне журналіста, колькі ён будзе хадзіць па замкнёным коле, Ісхак адказвае: "Пакуль грошы ёсць".