Меркаванне: Руйнаванне помнікаў — вайна з мёртвымі?
Цягам апошніх дзён шмат навінаў аб зруйнаванні месцаў памяці, якія адлюстроўвалі самыя розныя старонкі гісторыі. Нарва, Рыга, Сурканты... Нібыта ідзе нейкае спаборніцтва — хто больш знішчыць спадчыны ХХ веку. Ці трэба гэта ўвогуле? А калі трэба, то чаму менавіта зараз і такім чынам?
Што тычыцца краін Балтыі — тут, на першы погляд, пытанняў значна менш. Савецкая акупацыя, тэрор мясцовага насельніцтва, перасяленцы...
Рыга, Латвія. Помнік ваярам Савецкай Арміі ўзарваны і знішчаны.
Нарва, Эстонія. Помнік у выглядзе манументу з танкам Т-34. Яго, паводле прэм’ер-міністра К. Каллас, перанясуць у іншае месца. Годна, па-еўрапейску.
Сурканты, Беларусь (Воранаўскі раён). Могілкі жаўнераў Арміі Краёвай. Міліцыя, экскаватар, пагрозы, знішчэнне.
У Беларусі ўсё зразумела. Хто не Чырвоная Армія — той вораг. І пляваць на факты! Армія Краёвая — гэта зараз беларускія «бандэраўцы». Але ж навошта нішчыць могілкі? Няма ўспамінаў — няма праблемы, на такім дагістарычным узроўні мяркуюць пракурорскія генералы? Пакуль што ўсё сведчыць пра гэта. Могілкі перажылі нават савецкія часы, а вось пітэкантрапаў сучаснай Беларусі не здолелі... Але ж нішто не вечна, адновім.
Калі з беларускімі «руйнаванцамі» ўсё зразумела, то са свабоднымі і незалежнымі Латвіяй і Эстоніяй — не! Ну, знішчылі вы гэтыя бетонныя глыбы і што? Зрабілі якасную «карцінку» на карысць прарасейскага асяроддзя! Я не здзіўлюся, калі ў гэтыя дні ў ФСБ РФ штодня гучаць гукі адкаркаванага шампанскага ці кароткія «хрусь» ад бутэлек з гарэлкай. Агенты адпрацавалі як трэба — інакш я ніяк не магу пракаментаваць гэтыя падзеі.
Ваяваць з памерлымі такая сабе справа. Я бачыў шмат могілак часоў Першай і Другой сусветных войнаў. Дагледжаных могілак. Рускіх, нямецкіх, польскіх. Не толькі ў Беларусі, але і ў той жа Украіне. Мёртвыя павінны быць пахаваныя і дагледжаныя. Інакш нельга. На тое мы і ёсць — жывыя!
Я, канечне, разумею, што асяроддзе вельмі істотна. Усе гэтыя вуліцы Леніна, Валадарскага, Калініна і іншае. Песня Фёдара Чысцякова «Вуліца Леніна» вельмі добра гэта адлюстроўвае. Але, як мне здаецца, трэба спачатку засяродзіцца на больш істотных пытаннях, а вось потым...
Кожнага мы праводзім асобна. Не на сметніцу, не! Мы не можам так абысціся з тым, што перажылі. Калі хто быў у «Gruto Parkas» побач з Друскінінкаем — той зразумее, пра што я зараз кажу.
Рэдакцыя можа публікаваць матэрыялы дзеля палемікі, не падзяляючы меркавання аўтараў