Вакол Курапатаў усталяваны памежныя знакі

Днямі вакол Курапатаў усталяваны 5 знакаў на мяжы народнага мемарыялу. Прычым тры х іх знаходзяцца на заходнім баку урочышча паміж шашой Заслаўе-Калодзішчы і Мінскай кальцавой аўтамабільнай дарогай, а два — на ўсходнім баку Курапатаў паміж шашой Заслаўе-Калодзішчы і МКАД.



kurapaty_pz_4.jpg

Памежныя знакі ўяўляюць сабою рознага памеру і формы вялікія валуны, на паліраванай частцы вонкавага баку якіх — выява ахоўнага знаку помніка гісторыі і археалогіі міжнароднага значэння з гербам Рэспублікі Беларусь і тэкстам: “Гісторыка-культурная каштоўнасць. Месца згубы ахвяр палітычных рэпрэсій. 1930–1940-я гады. Прычыненне шкоды караецца па закону”. Акрамя таго, унізе на вонкавым баку валуноў высечаны памятныя даты: “1937–1941”, на якія прыйшліся найбольш масавыя расстрэлы ахвяраў сталінізму ва ўрочышчы. На ўнутраным баку камянёў змешчаны шасціканцовы крыж найсвяцейшай Ефрасінні Полацкай — нябеснай заступніцы Беларусі. 

kurapati_pz_2.jpg

kurapati_pz_3.jpg

Трэба адзначыць, што памежныя знакі зроблены вельмі прафесійна — якасна, з душою. Можна толькі ўявіць, якіх высілкаў патрабавалі працы па пошуку валуноў, іх дастаўцы, апрацоўцы (так, для таго, каб нанесці на камяні выявы ахоўных знакаў помніка, некаторыя валуны пдавялося распілаваць), аздабленню і ўсталёўцы.

Пакуль не вядома, хто ажыццявіў гэты высакародны грамадскі праект. Пра гэта можна толькі здагадвацца. Але з цягам часу імёны патрыётаў стануць вядомыя беларускаму грамадству. Адно зразумела — устаноўка памежных знакаў прымеркавана да 25-годдзя адкрыцця Курапатаў — публікацыі знакамітага артыкулу Зянона Пазняка і Яўгена Шмыгалёва “Курапаты — дарога смерці” ў штотыднёвіку “Літаратура і мастацтва” за 3 чэрвеня 1988 года.
 

kurapati_pz_6.jpg

Каментуючы гэтую падзею, культуролаг Вацлаў Арэшка назваў яе “добрай справай”, якая дазваляе кожнаму наведвальніку ўрочышча ўявіць межы народнага мемарыялу ў Курапатах. На ягоную думку, усталяванне памежных камянёў у нацыянальным некропалі сведчыць, што ў грамадстве ёсць пэўныя людзі і сілы, якім неабыякавы трагічныя старонкі айчыннай гісторыі, звязаныя з сталінскімі рэпрэсіямі. “Гэтая падзея — добры знак, які дае надзею на зрухі ў пошуку згоды паміж грамадствам і дзяржавай. Прычым, памежныя знакі не толькі нагадваюць пра абавязкі чыноўніцтва па ахове гэтага помніка, але і даюць надзею на супрацоўніцтва грамадскасці з тымі прадстаўнікамі ўладаў, якія жадаюць лепшай долі сваёй Бацькаўшчыне”, — падкрэсліў Вацлаў Арэшка.

Фота Марата Гаравога