Праваабаронцу выштурхоўваюць з краіны
Найгоршымі істотамі для беларускіх ўладатрымцаў становяцца не толькі незалежныя журналісты, моладзевыя актывісты, але і праваабаронцы. Якім чынам ад іх пазбавіцца? Выкінуць з краіны.
Асабліва ў выпадку, калі праваабаронца мае расійскае грамадзянства, хоць і жыве ў Беларусі каля трыццаці гадоў. Гаворка ідзе пра Алену Танкачову.
Напярэдадні Алена Танкачова, якая з’яўляецца кіраўніком афіцыйна зарэгістраванага ўладамі Цэнтра прававой трансфармацыі “Lawtrend”, атрымала ўведамленне пра ануляванне
віду на жыхарства ў Беларусі, якую лічыць сваёй другой радзімай, бо знаходзіцца тут ад 1985 года. Тут скончыла школу, атрымала дыплом юрыста ў Белдзяржуніверсітэце. Тут нарадзіла дачку.
“Новы Час” ужо паведамляў: яшчэ ў верасні бягучага году стала вядома, што ў дачыненні да Алены можа быць распачатая справа аб пазбаўленні яе віда на жыхарства ў Сінявокай.
Прычынаю такой працэдуры маглі быць адміністрацыйныя правапарушэнні ў выглядзе адміністрацыйных справаў за неістотныя перавышэнні хуткасці падчас кіравання аўтатранспартным сродкам, зафіксаваныя
відэакамерамі.
Пытанне пра прымусовую высылку Алены Танкачовай з Беларусі міграцыйная камісія будзе вырашаць 5 лістапада. Сама праваабаронца ўстрымліваецца ад ацэнак таго, што з ёй адбываецца. Гэта яе поўнае
права, асабліва ў такой няпростай сітуацыі.
За тое права выказацца на гэтую тэму застаецца за любым іншым чалавекам, у тым ліку і аўтарам гэтых радкоў. Алена Танкачова – адна з самых дасведчаных праваабаронцаў Беларусі і вельмі
адукаваны і вопытны юрыст. Я добра памятаю Алену Танкачову яшчэ з самага пачатку 90-х гадоў, калі яна шмат дапамагала ў юрыдычным плане Беларускаму дабрачыннаму фонду “Дзецям
Чарнобыля”, які ачольваў светлай памяці Генадзь Грушавы. Маладая жанчына, яна ўжо ў той час была “не па гадах” разумнай і пісьменнай юрысткай. Якой працягвае заставацца і
зараз.
За што яе змушаюць пакінуць Беларусь? Ясна, што не за перавышэнне хуткасыці. Інакш з нашай краіны з гэтай самай прычыны штогод вышпурлялі б сотні, калі не тысячы тых, хто мае тут від на
жыхарства.
Навідавоку меркаванне, што “віна” Алены палягае ў яе праваабарончай дзейнасці. Яе арганізацыя займаецца найперш прававой адукацыяй, прававымі даследваннямі. А слова
“права” у нашай дзяржаўнай сістэме можа тычыцца толькі самой улады і яе абслугі ў выглядзе сілавых структураў. Усе астатнія маюць пераважна абавязкі.
Дык вось, слова “права” з’яўляецца вельмі моцным алергенам для сённяшніх тутэйшых уладатрымцаў, якім невыгодна, каб “плебс” штосьці ведаў пра свае
ўласныя правы. Нават тыя, што нацвёрда гарантаваныя Канстытуцыяй, але шмат і шмат у чым не выконваюцца дзяржавай. І не проста не выконваюцца,а парушаюцца. Прычым менавіта таму, што людзі не ведаюць
пра свае правы. Таму тыя, што спрабуюць ім гэтыя правы данесці, ужо з’яўляюцца патэнцыйнымі “персонамі нон грата” ў сучаснай Рэспубліцы Беларусь.
Цяжка прадказаць, якое рашэнне будзе прынята 5 лістапада, ці дазволяць чыноўнікі застацца Алене Танкачовай жыць у Беларусі, да якой яна прыналежыць амаль трыццаць гадоў, ці яе вышпурнуць за межы
нашай краіны, нягледзячы на тое, што яе дачка мае беларускае грамадзянства. Адное можна сказаць дакладна, што такі высокі прафесіянал і высокамаральны чалавек без заняткаў не
застанецца.
І ўсё ж хацелася б, каб пасля 5 лістапада мы ўсе ўздыхнулі з палёгкай, а ўлада не педсекла чарговы сук, на якім сядзіць. Бо нават з пункту гледжання сённяшняга кіраўніцтва Беларусі, калі ідзе
пошук дыялогу з Еўропай, высылка з краіны Алены Танкачовай не прынесла б яму знешнепалітычных дывідендаў. Бо за лёсам праваабаронцаў на Захадзе пакуль яшчэ пільна сочаць, а Танкачову там добра
ведаюць.
Але калі нашы ўлады кіраваліся чыстай логікай?