Вялікі крок у мінулае. Беларускім раварыстам хочуць дазволіць пераязджаць дарогу толькі пешшу
Культура кіравання аўто на постсавецкай прасторы дагэтуль характарызуецца жорсткай нянавісцю да раварыстаў. У надзеі апраўдаць уласную няўважлівасць і наўмыснае парушэнне правіл дарожнага руху кіроўцы часта шукаюць «ахвярных казлоў», скардзячыся на скасаванне савецкага правіла пра спешванне раварыстаў. Цяпер да такіх скаргаў дабраліся беларускія аматары абмежаванняў.
![vokladka_128.jpg vokladka_128.jpg](/img/v1/images/vokladka_128.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1727343370&w=528)
Адзначым, што існуе багата выпадкаў, калі вінаватымі ў дарожна-транспартных здарэннях з’яўляюцца раварысты: праз наўмыснае парушэнне правілаў дарожнага руху накшталт праезду на чырвоны сігнал святлафора альбо перасячэння дарогі ў неналежным месцы.
У дадзеным артыкуле гаворка ідзе пра выпадкі, у якіх раварыст гэтыя правілы не парушае. Канцэпцыя пра тое, што пешаход альбо ўласнік ровара павінен прадказваць дзеянні кіроўцы аўтамабіля, — абсалютна абсурдны састарэлы стэрэатып, уласцівы толькі постсавецкай прасторы. Менавіта аўтамабіліст атрымлівае пасведчанне кіроўцы, пацвярджаючы абавязак выканання правіл, бярэ на сябе ўсю адказнасць за карыстанне вялікай металічнай махінай і за ўсе магчымыя наступствы, да якіх могуць прывесці яго дзеянні.
Такім чынам, вінаватым ва ўмоўным ДТЗ на пешаходным пераходзе з’яўляецца не раварыст, які «з ніадкуль выскачыў» на зялёны сігнал святлафора, а кіроўца, які не знізіў хуткасць і не пераканаўся ў адсутнасці раварыста. Так і толькі так працуюць правілы дарожнага руху ва ўсім цывілізаваным свеце.
![Роварныя сцежкі ў Кіеве. Скрыжаванні з дарогай абазначаны чырвонай фарбай Роварныя сцежкі ў Кіеве. Скрыжаванні з дарогай абазначаны чырвонай фарбай](/img/v1/images/rovarnyja_scezki_u_kieve._skryzavanne_z_darohaj_abaznaczana_czyrvonaj_farbaj.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1727343395&w=528)
Роварныя сцежкі ў Кіеве. Скрыжаванні з дарогай абазначаны чырвонай фарбай
З 12 па 27 верасня праводзіцца абмеркаванне праекта Указа прэзідэнта Рэспублікі Беларусь «Аб змяненні ў Правілы дарожнага руху» — у ім цэлы шэраг антыпешаходных і антыраварысцкіх тэзісаў з паблікаў «блатных гоншчыкаў», якія перараслі ў рэальныя прапановы да ўвядзення ў ПДР.
На праблему вакол новага пункта, які, насуперак міжнароднай практыцы, абавязвае раварыстаў і кіроўцаў самакатаў спешвацца на пешаходных пераходах, звярнула ўвагу Мінская ўрбаністычная платформа.
Глядзіце таксама
![79 адсоткаў беларусаў успрымаюць развіццё веларуху пазітыўна 79 адсоткаў беларусаў успрымаюць развіццё веларуху пазітыўна](/img/v1/images/cycling_3.png?f=c&h=360&o=0&u=1715395350&w=660)
Права раварыстаў не спешвацца на ўсіх пешаходных пераходах было замацавана ў Беларусі ў 2022 годзе: раней перасякаць дарогі «на колах» можна было толькі пад адпаведным знакам ровара, а ў астатніх выпадках — спыніцца і перайсці праезную частку, цягнучы ровар. Згодна са змяненнямі ў ПДР ад 27 красавіка 2022 года, веласіпедыстам стала дазволена перасякаць пешаходныя пераходы, не спяшаючыся, але пры гэтым яны абавязаны ўступаць дарогу пешаходам і рухацца з хуткасцю не вышэй за 10 км/гадз.
![Велапераезды ў Беларусі абазначаны бірузовай альбо зялёнай фарбай. Пры іх адсутнасці пераязджаць дарогу не спешваючыся дазволена Велапераезды ў Беларусі абазначаны бірузовай альбо зялёнай фарбай. Пры іх адсутнасці пераязджаць дарогу не спешваючыся дазволена](/img/v1/images/velaperaezdy_u_belarusi_abaznaczany_biruzovaj_albo_zjaljonaj_farbaj._pry_ih_adsutnasci_perajazdzac_darohu_ne_speszvyjuczysja_dazvolena.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1727343452&w=528)
Велапераезды ў Беларусі абазначаны бірузовай альбо зялёнай фарбай. Пры іх адсутнасці пераязджаць дарогу не спешваючыся дазволена
Цяпер над збалансаваным еўрапейскім рашэннем навісла пагроза кансерватыўнага мыслення ДАІ і шматлікіх кіроўцаў.
Мэта карыстання роварам у сучасным вялікім горадзе — гэта не толькі забаўляльныя пакатушкі, але і магчымасць дабрацца на працу, вучобу, набыць прадукты ў краме. Нават калі не ўлічваць тое, што па Мінску надзвычайна цяжка перасоўвацца праз практычна поўную адсутнасць вылучаных веласцежак, вялікую колькасць падземных пераходаў і няякаснае заніжэнне бардзюраў, скрыжаванні з аўтамабільнымі дарогамі сустракаюцца кожныя дзясяткі альбо сотні метраў.
Уведзенае ў 2022 годзе правіла значна падвысіла мабільнасць ровара як транспарту, паспрыяўшы развіццю культуры перасаджвання на экалагічны від транспарту. З яго скасаваннем сэнс выкарыстання веласіпедаў у горадзе вычарпаецца, паколькі цяпер замест язды ўлады прапануюць хадзіць з роварам у руках.
З пункту гледжання раварыста гэтыя дзеянні, безумоўна, вельмі стамляюць — чакаць зялёны сігнал святлафора, а пасля цягнуць ровар праз шырокі праспект. І ўсё гэта дзеля таго, каб кіроўца не збіў чалавека на зялёны сігнал святлафора. Хіба не абсурд?
![Безбар’ерны віадук для раварыстаў і пешаходаў на дарозе з цяжкім рэльефам, Вільня Безбар’ерны віадук для раварыстаў і пешаходаў на дарозе з цяжкім рэльефам, Вільня](/img/v1/images/bezbar_erny_viaduk_dlja_ravarystau_i_peszahodau_na_daroze_z_cjazkim_relefam__vilnja.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1727343530&w=528)
Безбар’ерны віадук для раварыстаў і пешаходаў на дарозе з цяжкім рэльефам, Вільня
Як справядліва заўважаюць крытыкі паправак, статыстычнага абгрунтавання іх неабходнасці не прыведзена. Вось што пішуць беларусы на Прававым форуме Беларусі, дзе абмяркоўваецца новы ўказ.
«Трэба павысіць патрабаванні і адказнасць да аўтамабілістаў па праездзе пешаходных пераходаў. З такім жа поспехам можна прымусіць аўтамабілістаў спяшацца перад пешаходным пераходам і штурхаць свой транспартны сродак праз пераход, што ў сваю чаргу прывядзе да зніжэння аварый на пешаходных пераходаў на 100 адсоткаў», — дзеліцца беларус.
«Я лічу, што ні ў якім разе нельга прымушаць раварыстаў спешвацца! Як паказвае практыка, для многіх людзей спешванне з’яўляецца непераадольным фактарам. Маю на ўвазе людзей сталага веку. Калі быць адкрытым, то і чалавеку здароваму будзе вельмі цяжка спешвацца на кожным пераходзе.
Я прапаную паспрабаваць кожнаму (хто ўносіць гэты праект на разгляд) праехаць па Гомелі на ровары, хаця б з Савецкага раёна ў Валатаву! Фізічна вы будзеце ўжо не ў стане працягваць працоўную дзейнасць у гэты дзень.
Кіроўцы аўтамабіляў проста павінны быць больш уважлівымі пры руху, улічваць раварыстаў! Увядзеннем абмежаванняў для раварыстаў вы рызыкуеце проста знішчыць на пні ўвесь роварны рух у Рэспубліцы Беларусь! Я і мая сям'я будзе проста вымушана адмовіцца ад паездак на ровары», — піша гамельчучка.
«Перш чым увесці спешванне веласіпедыстам, прапаную ўсім камітэтам праехацца па вуліцах. Напрыклад, у Магілёве зрабілі велапераезды, калі на ўсіх спешвацца, то няма сэнсу ў ровары, прасцей ужо ісці пешшу, а не скакаць на веласябры. Так, рух на велапераездах з хуткасцю пешахода, але не пешшу, па-першае, гэта няёмка, па-другое, больш шанец быць збітым праз павелічэнне часу знаходжання на дарозе, па-трэцяе, які сэнс ад велапераезда. Раней ішлі да цывілізацыі, прагрэсу ў спартовым ладзе жыцця насельніцтва», — адзначае жыхар Магілёва.
«Хочацца адзначыць, што змяненне ПДР ад 18 красавіка 2022 г. № 145, якое ўступіла ў законную сілу 27.10.2022, было прагрэсіўным і адным з нямногіх лагічным і правільным рашэннем па шляху развіцця веларуху ў Беларусі. Кожны жыхар і госць Мінска можа заўважыць, як моцна пасля 2022 года вырасла колькасць удзельнікаў веларуху. Скасаванне права не спяшацца раварыстаў з'яўляецца нічым іншым як рэгрэсным рашэннем — для тых веласіпедыстаў, якія праязджалі скрыжаванне праезнай часткі без зніжэнняў хуткасці да хуткасці ідучага крокам пешахода», — дзеліцца мінчук.
«Атрымліваецца, дзеля таго, каб на машынах было зручна ганяць па горадзе, раварысты павінны хадзіць з роварам у руках, скачучы кожныя 300 метраў туды-сюды.
І яшчэ — у маёй маці хворыя ногі, электрасамакат сядзячы — для яе адзіны даступны спосаб перамяшчэння. Ёй фізічна цяжка злазіць і залазіць на яго на кожным пешаходніку. І рабіць яна гэтага яна не будзе, нават калі вы ёй гэта забараніце. Ёй прасцей штраф заплаціць. Так людзей, як яна, многа. Які сэнс тады ў гэтых зменах?», — слушна адзначае беларуска. Навошта патрэбныя правілы, якія немагчыма не парушаць?
![Ілюстрацыйнае фота Ілюстрацыйнае фота](/img/v1/images/iljustratyunae_fota_3.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1727343733&w=528)
Ілюстрацыйнае фота
Калі мэты паправак — даць кіроўцам законнае права «лётаць» па пешаходных пераходах ды збіваць раварыстаў, знішчыць веларух і адкаціцца да расійскай псеўдабяспекі на дарогах, беларуская ДАІ знаходзіцца на правільным шляху.
Вы таксама можаце прыняць удзел у грамадскім меркаванні і выказаць свае думкі тут.