Вярхоўны Суд у трэці раз адмовіў у рэгістрацыі грамадскаму аб’яднанню «Дзея»
На мінулым тыдні ў Вярхоўным Судзе Беларусі разглядалася грамадзянская справа па скарзе заснавальнікаў рэспубліканскага праваабаронча-асветніцкага грамадскага аб’яднання «Дзея» на рашэнне Міністэрства юстыцыі пра адмову ў рэгістрацыі арганізацыі. Як паведаміла Асамблея НДА, суд у чарговы раз прызнаў законным рашэнне рэгіструючага органа і адхіліў скаргу.
Гэта была ўжо трэцяя спроба рэгістрацыі гэтага аб’яднання – раней «Дзея» ўжо спрабавала рэгістравацца ў 2017 і ў 2019 гадах і таксама сутыкалася з адмовамі. Гэтым разам Міністэрства юстыцыі прад’явіла прэтэнзіі да спісу заснавальнікаў арганізацыі (маўляў, кіраўнік арганізацыі падпісаўся ў ім адзін раз, а зацверджаная міністэрствам форма патрабуе падпісвацца двойчы) а таксама да яе юрыдычнага адрасу: на думку Мінюста, прадстаўленае для размяшчэння арганізацыі адміністрацыйнае памяшеканне не было пазначанае ў тэхпашпарце належным чынам (не быў вылучаны асобны пакой).
Інтарэсы ініцыятараў стварэння грамадскага аб’яднання ў судзе прадстаўлялі Алесь Лагвінец, Сяржук Бахун і Максім Ціханаў. Яны адзначылі, што неаднаразовыя адмовы чыноўнікаў у рэгістрацыі “Дзеі” маюць характар наўмыснай дыскрымінацыі і не заснаваныя на законе. Штораз новыя прэтэнзіі, якія прад’яўляюць спецыялісты мінюста да папераў «Дзеі», з’яўляюцца дробнымі і фармальнымі, малазначнымі хібамі – яны штучна прыдумляюцца каб абгрунтаваць палітычна матываванае рашэнне пра адмову.
Заяўнікі таксама акцэнтавалі ўвагу на дыскрымінацыі паводе моўнай прыкметы, што заўважная ў практыцы міністэрства: усе формы для рэгістрацыі, у парушэнні якіх абвінавачваюць «Дзею», зацверджаныя мінюстам толькі на рускай мове і не маюць вэрсіяў на беларускай мове.
У якасці прадстаўніка грамадскасці ў судовым працэсе браў удзел Юрый Чавусаў, які адзначыў паказальнасць гэтай справы:
— На жаль, апошнім часам усё меньш ініцыятыў робяць спробы зарэгістравацца ў форме грамадскага аб’яднання. Адбываецца гэта менавіта з той прычыны, што органы юстыцыі злоўжваюць тэхнічнымі прэтэнзіямі да дакументаў, каб абгрунтаваць адмовы ў рэгістрацыі аб’яднанняў, якія з’яўляюцца непажаданымі для ўладаў. Шмат хто ў гэткіх варунках аддае перавагу легалізацыі ў больш простай форме ўстановы (там толькі адзін заснавальнік, а рэгістрацыя не патрабуе звароту ў мінюст) альбо нават у форме камерцыйнай арганізацыі.
Прыклад «Дзеі» у гэтым сэнсе вельмі красамоўны – прэтэнзіі да спісу заснавальнікаў і да юрадраса з’яўляюцца любімымі сродкамі Міністэрства юстыцыі менавіта ў выпадках, калі адмова ў рэгістрацыі з’яўляецца палітычна матываванай. Нават калі дапусціць абгрутаванасьць патрабавання дадатковага подпісу кіраўніка арганізацыі у спісе заснавальнікаў, дык можна было прыпыніць працэс рэгістраці і выправіць дакументы, падпісаўшы іх дзе трэба. Нездарма ж на разгляд пытання пра рэгістрацыю закон дае міністэрству цэлы месяц! А яны чакалі гэты месяц, прынялі рашэнне ў апошні дзень, пры гэтым няк не праінфармаваўшы заяўнікаў цягам месяцу датычна магчымасці выправіць хібы і праставіць дадатковы подпіс у спісе.
Асабліва абуральнай з’яўляецца пртэнзія да юрыдычнага адрасу. Гэта любімая прычэпка мінюста для таго каб адмаўляць у рэгістрацыі партыям і рухам. Справа ў тым, што заканадаўства не ўтрымлівае абавязковых патрабаванняў да формы дакументаў, што прадстаўляюцца для пацвярджэння наяўнасці юрыдычнага адрасу арганізацыяў, якія ствараюцца. Дык гэтай нявызначанасцю міністэрства і карыстаецца, каб кожны раз высоўваць новыя прычэпкі ў абгрунтаванне адмовы. Пры гэтым для камерцыйных арганізацыяў увогуле не патрабуецца прадстаўляць аніякіх папераў у пацвярджэнне юрадрасу – некаторыя з іх нават маюць права размяшчацца ў жылых кватэрах!
Цяпер у якасці падставы для адмовы міністэрства ўказала, што ў гарантыйным лісце і тэхпашпарце не пазначаны нумар пакоя, дзе будзе размяшчацца арганізацыя. Пры вывучэнні матэрыялаў справы высветлілася, што прадстаўленае для «Дзеі» офіснае памяшканне, паводле тэхпашпарту не мае нумарацыі пакояў – гэта суцэльнае памяшканьне, без падзелу на асобныя пакоі. Да таго ж, памяшканнем гэтым распараджаецца адзін з заснавальнікаў «Дзеі» – ён быў заслуханы ў якасці сведкі ў судзе і пацвердзіў намер прадаставіць сваяму аб’яднанню юрадрас. Аднак, суд не зняў і гэтую відавочна абсурдную прэтэнзію, пакінуўшы адмову ў сіле.
Такім чынам ўлады парушаюць парвы заснавальнікаў, у чарговы раз выкарыстоўваючы патрбаванні да рэгістрацыйных дакументаў дзеля недапушчэння ўтварэння новых грамадскіх аб’яднанняў. Гэтая праблема ня ёсць толькі праблемай «Дзеі», гэта недахоп усяго парадку рэгістрацыі, які дае чыноўнікам магчымасці адвольна адмаўляць у рэгістрацыі любым аб’яднанням.
Вырашэнне гэтай праблемы патрабуе сыстэмных дзеянняў. У тым ліку відавочна наспела патрэба прывядзення сыстэмы пацвярджэння юрыдычных адрасоў для некамерцыйных арганізацыяў да таго ўзроўню, які цяпер прадстаўлены прадпрымальніцкім арганізацыям. Не можа лічыцца нармальнай сытуацыя, калі ўнітарнае прадпрыемства нават з сур’ёзнымі аб’ёмамі таваразвароту, шмаілікім штатам і вялікай вытворчасцю можа размяшчацца ў прыватнай кватэры, а для размяшчэння юрыдычнага адрасу грамадскага аб’яднання, у якім нават няма аніводнага штатнага супрацоўніка і якому не патрэбны офіс, закон патрабуе браць у арэнду адміністратыўнае памяшканне. Праблему можна вырашыць праз унясенне зменаў у заканадаўства – акурат у гэтым годзе мяркуецца разглядаць змены ў закон пра грамадскія аб’яднанні і распрацаваць агульны закон пра рэгістрацыю арганізацый.
Варта адзначыць, што пасля мінулай адмовы ў рэгістрацыі заснавальнікі «Дзеі» зарэгістраваліся ў суседняй Літве каб пазбегнуць адказнасці за дзейнасць незарэгістраванай арганізацыі – там для гэтай справы, нават з улікам патрэбы перакладу дакументаў, спатрэбілася ўсяго тры дні.
Прадстаўнікі «Дзеі» заявілі пра намер падаць наглядную скаргу на рашэнне Вярхоўнага Суда, каб потым, пасьля праходжання ўсіх магчымымх стадыяў абскарджвання на нацыянальным узроўні, звярнуцца ў Камітэт ААН па правах чалавека з індывідуальным зваротам пра парушэнне гарантаванага міжнароднымі дамовамі права на свабоду асацыяцыі.
Паводле прэс-рэліза