Вярнуцца дадому, ці Каму патрэбны беспрытульныя

«Людзі без пэўнага месца жыхарства» — за гэтым тэрмінам хаваюцца зламаныя лёсы. Падаецца, і дзяржаве, і грамадству ўсё роўна, адкуль яны бяруцца і куды знікаюць. Чаму толькі адзінкі бяздомных у нашай краіне вяртаюцца да нармальнага жыцця?

z_a7f01583_logo.jpg

Шлях ад дому

Адкуль бяруцца бяздомныя? Напэўна, шмат хто скажа: «Каб менш піў, тады б і не бамжаваў». І ў большасці выпадкаў гэта сапраўды так. Шмат хто даходзіць да гэтага стану менавіта праз алкаголь.
Напрыклад, Аляксандр да алкаголю прызвычаіўся, калі яшчэ вучыўся ў школе. Пасля смерці маці яму ў спадчыну перайшла палова дома (у другой жыў бацька). І Аляксандр на правах гаспадара паціху стаў прадаваць усё, што было ў хаце. Калі прадаў усё, што толькі можна, пачаў красці. У выніку трапіў за краты. Калі выйшаў з турмы, то даведаўся, што бацька яго памёр, а ў бацькоўскім доме жылі ўжо чужыя людзі. І вось так у 20 гадоў стаў жыць на сметніку. Бутэлька для яго стала і татам, і мамай. Піў нават зялёнку, бо там жа «дзесяць працэнтаў спірту!». І няважна, што зялёнкай быў абпалены ўвесь страўнік. Так прайшлі дзесяць гадоў. Пакуль ён не зразумеў, што больш так жыць не хоча, і не патрапіў да валанцёраў, якія накіравалі яго ў рэабілітацыйны цэнтр.
Сярод бяздомных даволі шмат і тых, хто мяняў свае вялікія квадратныя метры не толькі на келіхі таннага віна, але і на дозы гераіну. Яшчэ больш тых, хто адседзеў турэмныя тэрміны, і нават не адзін раз. Дырэктар Дома начнога перабывання ў Мінску Павел Залатухін кажа, што 95% бяздомных — былыя зняволеныя.
Сяргей трапіў у турму яшчэ ў савецкі час. Пакуль ён адбываў свой тэрмін, жонка сышлася з іншым мужчынам і выпісала Сяргея з кватэры. Мужчына выйшаў з турмы, а жыць яму ўжо не было дзе. Ён стаў бадзяцца па горадзе, піць. У выніку, Сяргей сеў другі раз у турму за крадзеж. Пасля другой адсідкі выйшаў і стаў жыць па закінутых паддашках і падвалах. Так працягвалася да таго моманту, пакуль мужчыну не падабралі валанцёры і не накіравалі ў адзін з прытулкаў.
А бываюць і тыя, каго на вуліцу прывяло разбітае сэрца. Як, напрыклад, Дана — жанчына сярэдніх гадоў, якая жыве ў прытулку на Гродзеншчыне. Яшчэ зусім нядаўна яна жыла разам з мужам у Шчучыне. Але шчасце цягнулася да таго моманту, пакуль муж не сышоў да іншай жанчыны, а Даніна хата не згарэла. Жанчына стала прыходзіць да мясцовага касцёла, дзе яе кармілі. Адна валанцёрка ведала пра прытулак для бяздомных на Шчучыншчыне і адвезла жанчыну туды.
Можна прагназаваць, што ў бліжэйшы час колькасць бяздомных дакладна не паменшыцца, улічваючы той факт, што з 1 ліпеня ўсё непрыватызаванае жыллё перайшло ў разрад арэнднага, з якога значна прасцей выселіць чалавека. А калі яшчэ ўзгадаць, што і з працаўладкаваннем, і з заробкамі зараз у нас цяжка, то трагічныя гісторыі страты даху над галавой могуць стаць не такімі ўжо і рэдкімі.
А гэта значыць, што праблема беспрытульных можа значна абвастрыцца. Таму і грамадству, і дзяржаве трэба не з агідай адварочвацца ад бруднага чалавека ля сметніцы, а спрабаваць комплексна вырашаць праблему і дзейнічаць супольна.

"Ежа супраць бомбаў" корміць бяздомных

"Ежа супраць бомбаў" корміць бяздомных


Ёсць чалавек, ёсць праблема


«Вось на Захадзе зусім няма практыкі даваць ім бескаштоўны начлег! Там такія ночаць у хостэлах!» — гэтыя словы я аднойчы пачула ад дырэктара Мінскага дома начнога перабывання.
Я была вельмі ўражаная гэтымі словамі, маючы гонар за сваю краіну, якая нібыта так спраўна вырашае сацыяльныя праблемы... Але з цягам часу, калі стала больш паглыбляцца ў тэму, зразумела: можа, у Еўропе некаторыя бадзягі і плацяць за дах над галавой, але большасць не толькі жывуць у бясплатных начлежках (якіх налічваецца з дзясятак у вялікіх гарадах), але атрымліваюць там і матэрыяльную, і псіхалагічную, і духоўную дапамогу. Напрыклад, у добра арганізаваных бярлінскіх начлежках беспрытульныя маюць магчымасць кансультацый па жыццёва важных пытаннях. А тыя, хто жадае змяніць сваё становішча, мусяць узяць удзел у мерапрыемствах па інтэграцыі ў нармальнае жыццё.
У Беларусі ж адсутнічае комплексная сістэма дапамогі бяздомным. У нашым грамадстве большасці ўсё адно, а меншасць становіцца валанцёрамі, каб хоць нечым дапамагчы. Але пакуль менавіта пра праблему беспрытульнасці ў Беларусі не надта любяць казаць.
Якая, маўляў, праблема, калі, згодна з афіцыйнай статыстыкай, пасля апошняга перапісу насельніцтва мы маем толькі 587 бяздомных? Для параўнання, у Польшчы такіх людзей больш за 36 тысяч, а ў Францыі — 8 мільёнаў. Таму Беларусь па гэтых паказчыках можна назваць узорнай краінай.
Толькі ў рэальнасці ад гэтай узорнасці бяздомных не становіцца менш. Дастаткова прайсціся па мінскіх рынках або па так названых «бомж-сіці» — сметніках, лясах, парках.

"Ежа супраць бомбаў" корміць бяздомных

"Ежа супраць бомбаў" корміць бяздомных


Дзяржава штосьці робіць


Заявы накшталт «дзяржаве няма справы да гэтых бяздомных!» занадта суб’ектыўныя і галаслоўныя. Дзяржава спрабуе штосьці рабіць, наколькі можа і разумее сваю задачу.
Напрыклад, праводзіцца акцыя «Сацыяльны патруль». У зімова-вясновы перыяд у кожным раёне сталіцы ствараліся пункты па аказанні псіхалагічнай, юрыдычнай і сацыяльна-гігіенічнай дапамогі людзям без пэўнага месца жыхарства.
У зімовы час супрацоўнікі тэрытарыяльных цэнтраў носяць гарачую гарбату, каб хоць неяк дапамагчы бяздомным перажыць самы няпросты перыяд. Напрыклад, бяздомны Славік, як яго ласкава называюць, абмарозіў сабе ногі на вакзале.
Славіка падабралі і накіравалі ў прытулак на Гродзеншчыну падчас аперацыі «Бомж». Гэта пастаянная міліцэйская аперацыя. Пасля яе бяздомных чакаюць «вашывыя» камеры, як іх празвалі ў народзе, і гарачыя абеды. Калі пашанцуе, то і ў Доме начнога перабывання для іх знойдзецца ложак. У камерах бяздомных пакормяць, дадуць некалькі сутак паспаць, а пасля — на вуліцу.
Таму ўзнікае заканамернае пытанне: навошта стваралі адзіную на ўвесь Мінск начлежку? Ці толькі для справаздачы? Асабліва, калі ўлічыць, што кормяць там бяздомных штодзённа пратэстанцкія цэрквы, грошы на аднаўленне дакументаў і рэгістрацыю даюць таксама цэрквы, вопратку мяхамі носяць валанцёры. Можа падацца, што дзяржава не надта зацікаўленая ў сацыялізацыі бяздомнага, які трапіў у Дом начнога перабывання. Галоўнае, што цэлы год (менавіта столькі бяздомнаму можна там бясплатна ночыць) ён не будзе бадзяцца па начных вуліцах сталіцы.

Сацыяльны патруль

Сацыяльны патруль


Пасля майго прыходу ў якасці валанцёра ў Дом начнога перабывання, дырэктар даў нумар рахунку са словамі: «А раптам хто пералічыць грошы —  вельмі трэба фарбы набыць». Стала зразумела, што грошай на такія рэчы ў Дома начнога перабывання няма. А вось выдаткоўваюцца яны на гэта дзяржавай ці не — гэта ўжо іншае пытанне.
Дарэчы, у Берліне, напрыклад, створана некалькі дзясяткаў прытулкаў для бяздомных, дзе можна ночыць з 31 верасня да 1 красавіка. З мясцовага бюджэту вылучаецца па 15 еўра на ноч на чалавека.

Людзі другога гатунку


Беларускія бяздомныя знаходзяцца нібыта пасярод двух агнёў.  З аднаго боку — дзяржава-апякунка, якая вечна займаецца пераразмеркаваннем бяздомных, а з іншага — грамадства, малая частка якога ўсімі сіламі намагаецца дапамагчы, а астатнія — зрабіць усё, каб праблемны «кантынгент» не трапляў на вочы.
Такую сітуацыю добра адлюстроўвае ўжо нашумелы і вядомы прытулак у вёсцы Аляксандраўка на Гродзеншчыне, якім апякуюцца каталіцкія браты-паслядоўнікі Ордэну Маці Тэрэзы. Падаецца, ініцыятыва добрая. Два мужчыны ездзяць на аўто па Беларусі, знаходзяць бадзяг, прыводзяць, прывучаюць да працы на вёсцы, евангелізуюць. Падзякаваць бы! Замест гэтага Аляксей Шчадроў, заснавальнік прытулку, церпіць і канфіскацыю рэчаў, і бясконцыя праверкі, і выплату падаткаў, і пастаянную пагрозу ліквідацыі прытулку. І ўсё гэта адбываецца таму, што раёнчык нядобранадзейным атрымліваецца... Яшчэ б! Колішнія зэкі, наркаманы, алкаголікі, дармаеды — і ўсе ў адной вясковай хаце! Дзе ж тут спакойным будзеш?
Мясцовыя жыхары таксама не надта задаволеныя. Кажуць, бадзягі «ходзяць п’яныя па вёсцы». Хоць у прытулку дзейнічае сухі закон, пазіцыя вяскоўцаў досыць зразумелая. Хто хоча, каб былыя зняволеныя штодзённа прагульваліся каля тваёй хаты? Акрамя бяздомных, там яшчэ і сабакі жывуць, якія бадзяг сцерагуць. Але з сабакамі прасцей — можна атруціць (дарэчы, так і зрабілі з адным сабакам з прытулку). А вось з людзьмі крыху складаней...
Такім негатыўным стаўленнем грамадства наўпрост паказвае, што не гатова даваць беспрытульным людзям другі шанец, наракаючы ім, што яны горшыя — другога гатунку.
Нельга сказаць, што беларусы імкнуцца масава дапамагаць бяздомным. Але самае элементарнае жаданне — аддаць непатрэбнае адзенне — усплывае ў многіх. Толькі, аказваецца, месцы, куды тое дабро можна аддаць, не так лёгка і знайсці.
Некалькі разоў ад мінчан чула гісторыі пра тое, што яны хочуць аддаць непатрэбныя кашулі, джынсы, чаравікі, паліто ў спецыялізаваныя арганізацыі, але лагістыка настолькі складаная, што большасць плюнула, закрыла інтэрнэт і выкінула вопратку ў сметніцу.
Адзенне зараз у асноўным прымаюць некаторыя цэрквы, Чырвоны Крыж, або той жа Дом начнога перабывання, дзе вопратка стаіць мяхамі. Толькі валанцёры чамусьці не ўлічваюць факт: найперш такая дапамога патрэбна тым, хто бадзяецца каля сметнікаў або спіць у «бомж-сіці». Менавіта для іх варта арганізаваць значна прасцейшую працэдуру перадачы адзення, зрабіўшы — прынамсі на летні час — вулічныя кропкі збору ў розных раёнах горада.
У Германіі, напрыклад, па вуліцах пастаўлены спецыяльныя кантэйнеры, у якіх жыхары гарадоў могуць складаць вопратку для бяздомных. І ніхто даўно не здзіўляецца, што яна не толькі папраная, але і папрасаваная.
Але хто хоча дапамагаць бяздомным — дапамагае як можа і той жа вопраткай, і ежай, і начлегам. У асноўным, гэта робяць цэрквы. Дыякан «Новага Жыцця» арганізаваў у Мінску закрытую начлежку для мужчын, дзе жыве разам з бяздомнымі.
Зусім маладыя хлопцы і дзяўчаты з «Ежы супраць бомбаў» (або, як іх у народзе называюць, «анархісты») кормяць па пэўных днях бяздомных у розных месцах Мінску. Ведаю, што і ў Дом начнога перабывання пастаянна прыходзяць валанцёры. Пагуляць у шашкі ды шахматы з беспрытульнымі — таксама добрая справа, якая камусьці можа нагадаць той перыяд, калі чалавек яшчэ жыў «як і ўсе».

"Ежа супраць бомбаў" корміць бяздомных

"Ежа супраць бомбаў" корміць бяздомных


Дзе знайсці выйсце


Ужо даўно прыспеў час для прыняцця сістэмнага рашэння па дапамозе тым людзям, якія апынуліся на вуліцы. Паколькі проста гарачай гарбатай і цёплым адзеннем справу не вырашыш.
Першае, што патрэбна беспрытульным, гэта, канечне ж, жытло. Гэта могуць быць прытулкі, інтэрнаты, хостэлы ці што яшчэ. Напрыклад, у Польшчы для такіх людзей наогул існуе база гатэляў, якія функцыянуюць у правінцыях.
Натуральна, арганізаваць прытулак — не так проста. Але варта падумаць прынамсі пра тыя месцы, дзе бяздомны зможа памыцца, атрымаць лекі і нешта паесці. У той жа Польшчы, напрыклад, існуе адмысловая лазня для бяздомных.
Аляксей Шчадроў, заснавальнік прытулку ў Аляксандраўцы, запаліўся ідэяй такога кшталту дома каля Мінска ўжо даўно. Ён марыць пра тое, каб знайшоўся чалавек, які можа ахвяраваць для гэтага хоць якую хату-развалюху. «А я прыеду і за месяц уладкую там усё, будзе дзе людзям, якія, здаецца, ужо страцілі надзею, жыць», — запэўнівае Аляксей.

Інтэр'ер прытулку ў вёсцы Аляксандраўка

Інтэр'ер прытулку ў вёсцы Аляксандраўка


Хаця з эканамічнага пункту гледжання ўсё ж танней даваць беспрытульным якое-ніякое жытло, чым выдаткоўваць грошы на прытулкі і начлежкі. У ЗША, напрыклад, будуюць спецыяльныя дамы для бяздомных. І, дарэчы, колькасць бяздомных у раёнах пабудовы такіх дамоў значна скарацілася.
Праўда, для Беларусі амерыканскі варыянт малаверагодны, нават калі на гэта спецыяльна будуць вылучаныя сродкі. Па-першае, у нас вельмі цяжка вызначыць сярод бадзяг тых, каму сапраўды патрэбна гэтае жыллё, і тых, хто бадзяжнічае, бо ўжо прывык. Па-другое, бясплатная раздача кватэр будзе ўспрымацца як халява. Не факт, што, атрымаўшы жыллё, былы бяздомны пойдзе працаваць, а не «квасіць». Па-трэцяе, самім беларусам прыходзіцца падоўгу стаяць у чарзе на ўласныя метры або ўсё жыццё збіраць грошы на іх. Упэўнена, што бясплатная раздача жытла «алкаголікам-бамжам», а не сумленным працаўнікам выкліча хвалю абурэнняў.
Другая праблема — сацыялізацыя бяздомных. Па сутнасці, ёй займаюцца толькі некаторыя пратэстанцкія цэрквы, якія апякуюцца алкаголікамі і наркаманамі, займаючыся пры гэтым іх псіхалагічным і духоўным станам.
Той самы Аляксандр, які глытаў на сметніцы зялёнку, ішоў у рэабілітацыйны цэнтр з бутэлькай чарнілаў, бо гэта быў для яго запасны варыянт. Не дапамогуць там — ёсць той шлях, да якога заўжды можна вярнуцца. Ён казаў так: «Бачыў свайго сябра-бамжа, які меў некалькі адсідак, аднак урэшце стаўся там нармальным чалавекам. Тады падумаў: «А я што, лысы?»

Былы бяздомны Аляксандр

Былы бяздомны Аляксандр


Аляксандр даў згоду на ўласныя змены. Але не так складана было адмовіцца ад алкаголю, як няпроста было навучыцца нармальна размаўляць. Гады жыцця на вуліцы прапаноўвалі яму толькі нецэнзурныя выразы. Мужчына ўладкаваўся на працу, пасля зняў пакойчык, у хуткім часе ажаніўся. А цяпер мае трох дзетак.
Аляксандр падкрэсліваў, што толькі з дапамогай людзей вярнуўся да нармальнага жыцця.
Магчыма, вырашэнню праблемы дапамагла б распрацоўка праграмы сацыялізацыі бяздомных. Каб была магчымасць запрасіць да працы псіхолагаў, спецыялістаў, якія дапамагаюць змагацца з залежнасцямі, то сацыялізаваных людзей мелі б значна больш.
У той жа Польшчы ў 2014 годзе з бюджэту краіны вылучылі сродкі на тры ініцыятывы з розных рэгіёнаў, накіраваныя на тое, каб бяздомныя маглі вярнуцца да нармальнага жыцця.  
Важна таксама прымаць рашэнне па дапамозе бяздомным не толькі ў сталіцы і вялікіх гарадах, але і пачаць дзейнічаць стабільна ў гэтым накірунку ў рэгіёнах. Той факт, што на вуліцах большасці райцэнтраў ды мястэчак бяздомных не бачна, не кажа пра тое, што іх няма там зусім. Варта зазірнуць на сметнік, што знаходзіцца за горадам, каб пераканацца: праблема беспрытульнасці не абмінула і глыбінку.
У Польшчы мясцовае самакіраванне абавязана праводзіць мерапрыемствы па барацьбе з беспрытульнасцю — падтрымка асобных сямей, якія знаходзяцца на мяжы з бяздомнасцю, і барацьба са шкодным звычкамі, што з’яўляецца частай прычынай гэтай праблемы.
Сваю ролю можа згуляць і абвяшчэнне конкурсу сярод грамадскіх і рэлігійных арганізацый на малыя ініцыятывы, якія б пасля падтрымліваліся. Расклеіць па сметніках своеасаблівыя мапы з месцамі раздачы ежы бяздомным, арганізаваць кропкі сістэматычнага збору вопраткі, стварыць ініцыятыўную групу, якая б выходзіла па пэўных днях на вуліцу і размаўляла з бяздомнымі — усё гэта зрабіць рэальна.
Дарэчы, у Варшаве Чыгуначная кампаніяй РКР S.A. разам з некаторымі грамадскімі арганізацыямі рэалізоўвае праект пад назвай «Скарачэнне маштабаў бяздомнасці на чыгуначных станцыях і навакольных тэрыторыях», згодна з якім добраахвотнікі выходзяць на вуліцу каля чыгункі і размаўляюць з бадзягамі, працягваюць ім руку дапамогі. Такая актыўнасць прывяла да скарачэння бяздомнасці.
Але спачатку дзяржаве трэба прызнаць: праблема беспрытульнасці ў Беларусі існуе — бяздомных у нас далёка не 587 чалавек, а каля 10 000, як падлічваюць эксперты. А пасля ўжо распрацаваць сістэму захадаў, якія дапамогуць вырашыць гэту праблему. Адначасова грамадству варта навучыцца даваць другі шанец такім людзям, бо няма перасцярогу ад астрогу.

Бяздомныя ў Аляксандраўцы

Бяздомныя ў Аляксандраўцы


* * *


Часта беларусам патрэбны наўпрост кліч аб дапамозе. Напрыклад, гэта заўжды спрацоўвае ў звязку з валанцёрскімі паездкамі ў Аляксандраўку. Добраахвотнікі пішуць у Фэйсбук пра тое, што менавіта варта набыць у прытулак. У выніку абсалютна розныя людзі набываюць туды і лінолеум, і шпалеры, і мяса, і даюць не такія ўжо і малыя ахвяраванні.
Таму з упэўненасцю можна сказаць: ёсць шмат людзей, якія чула ставяцца да тых, хто сёння апынуўся за межамі нармальнага жыцця, у каго няма даху над галавой і нават талеркі супу штодзень. Магчыма, менавіта гэтыя людзі вернуць бяздомных да дому.

Бяздомны Іван

Бяздомны Іван


Толькі лічбы:

587 — менавіта столькі бяздомных у Беларусі па афіцыйных дадзеных Белстата

Мужчыны і жанчыны 40–50 і 60 гадоў — такі ўзрост пастаяльцаў у Мінскай начлежцы

92 месца — менавіта на столькі месцаў разлічаны Дом начнога перабывання ў Мінску

70–90% — працэнт запаўнення бяздомнымі ў Доме начнога перабывання ўзімку

50% — працэнт запаўнення бяздомнымі ў Доме начнога перабывання ўлетку

95% бяздомных у начлежцы — асобы, якія маюць судзімасці (паводле словаў дырэктара Дома начнога перабывання)



Памятка для тых, хто хоча і можа дапамагчы


Дзе можна знайсці бяздомных?

1. «Бомж-сіці» — лес каля Дома начнога перабывання на Ваўпшасава, 42

2.  Камароўка і астатнія буйныя рынкі


Дзе бяздомных кормяць?

1. Міхайлаўскі сквер (ад «Ежы супраць бомбаў», кожная субота, 13.20)

2. У сталовай пры Царкве «Гефсіманія» (Багратыёна, 51)

3. Матусевіча, 58 (ад царквы «Новае Жыццё» штодня)

4. Дворык за Кафедральным касцёлам (Прыватная ініцыятыва, кожная серада, 19.00)

5. Сквер імя Сімона Балівара (ад «Ежы супраць бомбаў», кожная субота, 15.00)

6. ГЦ «Шчасце» (ад «Ежы супраць бомбаў», ст. м. «Усход», кожная нядзеля 14.00)


Куды можна здаць вопратку для бяздомных?

1. Царква «Благодать» (Гурскага, 48 — па аўторках, серадах, пятніцах — 18.00)

2. Царква «Гефсіманія» (Багратыёна, 51 — можна паднесці ў любы час)

3. Дом начнога перабывання ў Мінску (Ваўпшасава, 42 — можна паднесці ў любы час)

4. Чырвоны Крыж (Карла Маркса, 35)


Памятка падрыхтавана валанцёрскім клубам «Крыніца валанцёраў»