Брэст. Больш за 1000 $ мусіць сплаціць вернік дзяржаве за адмову браць у рукі зброю
За тыдзень да ўвядзення альтэрнатыўнай службы верніка аштрафавалі за адмову браць у рукі зброю. Калі аспрэчыць прысуд у Беларусі не атрымаецца, плануецца падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН.
24 чэрвеня пасля разгляду апеляцыі Брэсцкі абласны суд пакінуў у сіле прысуд 21-гадоваму верніку "Сведкаў Іеговы" з Маларыцкага раёна Віктару Каліне, прызнанаму вінаватым ва ўхіленні ад прызыву на вайсковую службу.
Рашэнне было вынесена за тыдзень да таго, як 1 ліпеня пачаў дзейнічаць закон аб альтэрнатыўнай службе (АГС).
Суд Маскоўскага раёна Брэста ў верасні 2015 года апраўдаў Каліну, выявіўшы ў яго адсутнасць намеру ўхіліцца ад ваеннай службы, і прасіў даць яму магчымасць прайсці АГС. У лютым 2016 года Вярхоўны суд задаволіў пратэст пракуратуры на гэтае рашэнне і накіраваў справу на паўторны разгляд.
І ў маі суд вынес процілеглы вердыкт, аштрафаваўшы верніка на 21 мільён рублёў. Пры гэтым суд не прыняў у разлік просьбу Каліны даць яму магчымасць прайсці АГС, матывуючы гэта тым, што на момант прызыву і разгляду справы закон аб АГС яшчэ не ўступіў у моц, перадае Deutsche Welle.
Па словах верніка, ён «гатовы быў прайсці альтэрнатыўную службу і выконваць любую грамадзянскую працу». «Разумееце, я ў Бібліі прачытаў такую фразу: «Народ, які любіць Бога, не будзе вучыцца ваяваць». Гэтага прынцыпу я хачу прытрымлівацца: не браць у рукі зброю і ніякім чынам не датычыцца ваенных арганізацый. Аддаць доўг радзіме я гатовы, але толькі альтэрнатыўным чынам», — сказаў Віктар Каліна ў інтэрв’ю onliner.by.
Калі аспрэчыць прысуд у Беларусі не атрымаецца, плануецца падаваць скаргу ў Камітэт па правах чалавека ААН, адзначыў прадстаўнік Беларускага Хельсінскага камітэта Дзмітрый Чарных.
krynica.info