Брэст. «Рабочыя групы», якія адбіралі кандыдатаў у выбарчыя камісіі

Пра гэта стала вядома прадстаўнікам Руху «За Свабоду» Дзянісу Турчаняку і Раману Кісляку падчас судовага паседжання ў Брэсцкім абласным судзе, дзе разглядалася скарга згаданай арганізацыі на вынікі фармавання трох выбаркамаў.

Фота elections2016.spring96.org

Фота elections2016.spring96.org


Задаволіць скаргу суд адмовіўся, аднак у часе разбіральніцтва прадстаўнікі Руху “За Свабоду” мелі магчымасць азнаёміцца з цікавым дакументам, з якога вынікае, што яшчэ 20 чэрвеня старшыня Брэсцкага аблвыканкама Анатоль Ліс падпісаў распараджэнне “Аб стварэнні рабочых груп”.
У распараджэнні гаворыцца, што рабочыя групы ствараюцца “дзеля вывучэння дзелавых і палітычных якасцяў асоб, якія вылучаныя ў склад акруговых выбарчых камісій”.
Кіраўнікам рабочых груп было загадана прадставіць інфармацыю па кожнай кандыдатуры з рэкамендацыямі па фармаванню складу акруговай выбарчай камісіі да 10 гадзін раніцы 27 чэрвеня ў галоўнае ўпраўленне арганізацыйна-кадравай работы Брэсцкага абвыканкама. Між тым, менавіта 27 чэрвеня ў другой палове дня адбылося сумеснае паседжанне аблвыканкама і прэзідыуму абласнога Савета дэпутатаў наконт фармавання выбарчых камісій.
Як адзначыў Дзяніс Турчаняк, “быць ці не быць вылучанаму кандыдату ў складзе выбаркаму фактычная вырашалі нейкія рабочыя групы, статус якіх не вызначаны заканадаўствам, і як трапіць у такую групу – невядома, бо ствараюцца яны паводле асабістага распараджэння кіраўніка абласной выканаўчай улады без удзелу Савета дэпутатаў”. Прадстаўнік Руху “За Свабоду” лічыць, што ў такіх абставінах само паседжанне аблвыканкама і прэзідыуму абласнога Савета дэпутатаў “ператвараецца ў фікцыю і гульню на публіку, бо ўсё вырашана яшчэ да пачатку паседжання”.
Праваабаронца Раман Кісляк лічыць гэтую працэдуру стварэння выбаркамаў абсалютна непразрыстай, і яна з’яўляецца грубым парушэннем правоў грамадзян абіраць і быць абранымі на сапраўдных выбарах.
“Праваабаронцы за свабодныя выбары”