«Вясна»: У Беларусі за данаты забароненым арганізацыям асуджана не менш за 112 чалавек. Хронікі рэпрэсій 3 красавіка
Гэта асуджаныя за фінансаванне дзейнасці экстрэмісцкага фармавання, фінансаванне тэрарыстычнай дзейнасці, за ўдзел ці падрыхтоўку грамадзяніна Рэспублікі Беларусь на тэрыторыі замежнай дзяржавы ў ваенных дзеяннях без упаўнаважання дзяржавы. «Новы Час» сабраў асноўную інфармацыю пра палітычны пераслед у Беларусі па стане на 3 красавіка.

На АНТ выйшаў чарговы прапагандысцкі сюжэт «Тени. Цена террора», дзе распавялі пра пераслед людзей за ахвяраванні і затрыманых за фінансаванне арганізацый, прызнаных уладамі «экстрэмісцкімі» ці «тэрарыстычнымі». У фільме паказалі некалькі асуджаных і тых, хто яшчэ чакае суда.
Так, саўладальніка Wargaming Мікалая Кацалапава хочуць судзіць завочна за данаты апазіцыйным структурам.
Сцвярджаецца, што ён зрабіў «дзясяткі пераводаў у крыптавалюце» на «сотні тысяч даляраў» у розныя «экстрэмісцкія» ініцыятывы. У студзені 2023 Кацапалава ўнеслі ў спіс «тэрарыстаў».
У бліжэйшы час у дачыненні да айцішніка будзе распачата спецвытворчасць па некалькіх артыкулах Крымінальнага кодэкса.
Чарговае папаўненне Спіса экстрэмісцкіх матэрыялаў
У яго трапілі:
- Telegram-каналы і чаты «Хартия 97%», «Беларусы ў Кракаве - Белорусы в Кракове», «Цыганкоў», «Глаза Минска – Восток», «Глаза Минска – Север», «Празрысты чат | Могилёв», «Глаза Минска – Юг», «Думать не больно Chat», «НАШ ДОМ. Комментарии», «СКАДОВСЬКИЙ ЗАХИСНИК», «Ескадрон»;
- YouTube-канал «MozgON»;
- Facebook-старонкі «Радыё Свабода», «Не запраўляй аўтазак», «Vadzim Vasilyev», «Viktar Klimus»;
- Старонкі ў TikTok «Женя Егоров», «Усы Тихановской».
Вікторыю Кульшу чакае чацвёрты суд за «злоснае непадпарадкаванне адміністрацыі калоніі»
Палітзняволеная Вікторыя Кульша мусіла выйсці на волю ў красавіку 2025 года па заканчэнні тэрміну. Але днямі яе перавялі ў гомельскі СІЗА-3 у межах чацвёртай крымінальнай справы паводле ч. 1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне законным патрабаванням адміністрацыі калоніі), піша @dissidentBY.
Раней ёй ужо тройчы прызначалі пазбаўленне волі па гэтым артыкуле. Агульны тэрмін Вікторыі цяпер складае пяць гадоў і шэсць месяцаў зняволення.
Увесь час у зняволенні на жанчыну аказваецца ціск. Яе неаднаразова змяшчалі ў штрафны ізалятар і ПКТ. Па інфармацыі праваабаронцаў, у зарэчанскай калоніі № 24 адзін з наглядчыкаў душыў Вікторыю локцем, стоячы ззаду, а таксама цягаў яе па камеры. Праз галадоўкі ў яе двойчы здараўся сардэчны прыступ.
Мінчук патрапіў на «суткі» за відэа ў TikTok з машынай ДАІ
Па словах мужчыны, пад арышт яго адправілі за тое, што апублікаваў у TikTok відэа з машынай ДАІ і схаванай за шклом службовага аўтамабіля камерай. На яго думку, здымка вялася ў парушэнне заканадаўства — без папераджальных знакаў, піша @vitebsk_info.
Сядзець яму прыйшлося і ў ЦІП, і ў ІЧУ на Акрэсціна. Аб матрацах у камеры мужчына «не чуў і не бачыў», былі толькі нары з дошак.
Мінчук лічыць што, яго «паказальна спяцом пасадзілі на суткі, у пратаколе напісалі "Не адпускаць"».
«Суткі» за кожны «экстрэмісцкі» рэсурс
Жыхарку вёскі Браткова Лёзненскага раёна асудзілі на 10 сутак за «экстрэмісцкія» падпіскі.
22 сакавіка супрацоўнікі мясцовага РАУС устанавілі, што жанчына мае падпіскі на 10 інтэрнэт- рэсурсаў, уключаныя ў Рэспубліканскі спіс экстрэмісцкіх матэрыялаў. Суддзя суду Лёзненскага раёна Аляксей Лапушынскі пакараў яе арыштам паводле ч.2 арт. 19.11 КаАП.