«Вы на каго працуеце?», альбо Справа пра тры літары

Амаль два гады таму НЧ пісаў пра жаданне случакоў мець паказальнікі вуліц горада таксама і па-беларуску. На зварот 630 жыхароў горада райвыканкам адпісаўся, што ў нашай краіне дзейнічаюць дзве дзяржаўныя мовы, таму на шыльдах дастаткова адной дзяржаўнай мовы — рускай. Цяпер справа атрымала працяг.

received_2501417623406562_1_logo.jpeg


У якасці аргумента супраць змены шыльдаў райвыканкам таксама назваў адсутнасць на гэта грошай. Пры гэтым мясцовыя камунальнікі не шкадуюць грошай на новыя рускамоўныя шыльды, якія што грыбы вырастаюць у розных мікрараёнах горада. Даходзіць да таго, што новыя рускамоўныя паказальнікі не адпавядаюць беларускамоўным назвам саміх вуліц, пазначаных на дамавых шыльдах. Так, паказальнікі «улица Копыльская», «улица Максима Богдановича» паказваюць у бок беларускамоўных вуліц Капыльскай і Багдановіча. 


У студзені 2020 года інфармацыя пра жаданне грамадзянаў мець беларускую назву «міліцыя» на паказальніку паступіла з турыстычнай беларускай «Меккі» — Нясвіжа. Жыхарка Нясвіжа і сябра аргкамітэту па стварэнні БХД (Беларускай хрысціянскай дэмакратыі) Наталля Бордак на працягу некалькіх месяцаў безвынікова перапісвалася з упраўленнямі ўнутраных спраў розных узроўняў. Мастачка і паэтка Наталля Бордак даслала ліст нават у Міністэрства ўнутраных спраў РБ.

received_599707967498239_logo.jpeg


Яна распавяла, што на рагу будынка Нясвіжскага РАУС у вертыкальным выглядзе маецца двухбаковая шыльда «милиция» на расійскай мове. Наталля ні ў якім разе не выступала супраць рускамоўнага боку шыльды, а прасіла, каб на другім баку заняла сваё дастойнае месца беларуская назва беларускай міліцыі.

received_275067630130823_1_logo.jpeg


У перапіску ўцягнулася нават галоўнае ўпраўленне ідэалагічнай работы Міністэрства ўнутраных спраў, якое сур’ёзна патлумачыла Наталлі, што ў нас дзве дзяржаўныя мовы і «паводле артыкула 31 Закона аб мовах, афіцыйныя назвы дзяржаўных органаў і іншых арганізацый даюцца на беларускай і (або) рускай мовах». Парушэння норм дзеючага заканадаўства пры адказе на папярэднія звароты міністэрства не выявіла і нават параіла звярнуцца грамадзянцы ў суд, калі тая застанецца незадаволенай такім адказам.

received_2923468527677853_1_logo.jpeg


Такім чынам, высокая міліцэйская інстанцыя, якая павінна абараняць правы людзей і Канстытуцыю, замест таго, каб аддаць загад аб замене трох літараў у шыльдзе на Нясвіжскай міліцыі, адправіла беларускую жанчыну ў зацяжное судовае плаванне.
Наталля лічыць ганебным такі адказ з Міністэрства ўнутраных спраў і лічыць беспадстаўным адмову дадаць беларускую мову на шыльду Нясвіжскага РАУС.
— Калі б гэта быў будынак аддзялення ўнутраных спраў Расійскай Федэрацыі, то хай бы той надпіс хоць пяць разоў быў напісаны па-расійску, уздоўж і поперак, у даўжыню і шырыню, — выказвае сваю думку неабыякавая беларуска. — Аднак Нясвіж пакуль не з’яўляецца часткай Расіі. Па-гэтаму, лічу законным, правамоцным і лагічным, каб паказальнік на будынку Нясвіжскага РАУС меўся і на беларускай мове. Інакш міжволі на язык просіцца тое знакамітае пытанне з фільма пра шпіёнаў: «Вы на каго працуеце?»

Старшыня Рэспубліканскага таварыства беларускай мовы Алена Анісім коратка пракаментавала сітуацыю з безвыніковай барацьбой за беларускамоўныя шыльды ў Нясвіжы і Слуцку:
— На жаль, сённяшняя рэчаіснасць сведчыць пра тое, што рэферэндум 1995 года, як і прадказвалася, быў задуманы з мэтай знішчыць беларускую мову цалкам. Прыведзеныя факты пацвярджаюць, што ў адносінах да тытульнай мовы нацыі мы не можам разлічваць на Закон. Толькі там, дзе ў мясцовых органах улады працуюць патрыятычныя людзі, у якіх прысутнічае здаровы сэнс, там парадак і нармальная сітуацыя як з беларускай мовай, так і з вырашэннем іншых пытанняў, важных для людзей. Бяда нашая ў тым, што занадта многа на дзяржаўных месцах сядзіць бяздушных кар'ерыстаў, якія гатовы прадаць што заўгодна, у тым ліку і сваю Радзіму Беларусь. Асабліва небяспечна, калі гэта датычыцца органаў бяспекі. У дадзеным выпадку трэба падумаць над сітуацыяй і, магчыма, накіраваць ліст у Саўмін і ў Савет Бяспекі.
Таксама Алена Анісім параіла неабыякавым грамадзянам Слуцка і Нясвіжа не здавацца і надалей змагацца за права беларусаў жыць у беларускамоўным і ўтульным для іх асяроддзі, а таксама за аздараўленне свядомасці міліцэйскіх і райвыканкамаўскіх чыноўнікаў.