Вышэйшая адукацыя больш не гарантуе працу з добрай зарплатай?
Для чаго беларусы імкнуцца даць дзецям добрую адукацыю і чаму ВНУ перастаюць быць прыступкай да высокага ўзроўню жыцця?
![adukacyja_5.jpg adukacyja_5.jpg](/img/v1/images/adukacyja_5.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
Кожнае новае пакаленне беларусаў атрымлівае больш высокую адукацыю, чым папярэдняе, паказала даследаванне «Адукацыя дзяцей і бацькоў: межпакаленная мабільнасць і ўплыў на даходы».
Узаемасувязь адукацыі бацькоў і даходаў дзяцей, а значыць, і іх адукацыйных і прафесійных магчымасцяў, назіраецца ў большасці краін свету. Беларусь не стала выключэннем — аўтары даследавання адзначаюць, што будучы даход дзіцяці шмат у чым залежыць ад якасці чалавечага капіталу, што фармуецца за кошт сям’і.
Узровень адукацыі бацькоў часта вызначае іх прафесійны статус, які дазваляе даць дзіцяці больш магчымасцяў, у прыватнасці адукацыйных.
— Больш высокі ўзровень адукацыі, хутчэй за ўсё, забяспечвае сям’і больш высокі ўзровень жыцця. За кошт гэтага бацькі могуць гарантаваць сваім дзецям больш высокі чалавечы капітал. Значыць, іх дзеці змогуць у будучыні знайсці лепшыя ўмовы працы, чым калі б у іх не было такога старту, — тлумачыць эканаміст, навуковы супрацоўнік Беларускага эканамічнага даследча-адукацыйнага цэнтра (BEROC) Марыя Акулава.
У той жа час аўтары даследаванні выявілі зніжэнне ўзроўню сацыяльнай мабільнасці у пакаленняў, якія атрымалі адукацыю ў перыяд незалежнасці Беларусі.
— Адна з прычын у тым, што пакаленне, якое атрымлівала адукацыю пасля 2000 года, бачыць: каб мець добры заробак не абавязкова атрымліваць вышэйшую адукацыю. Важную ролю адыгрываюць і іншыя крыніцы ведаў і магчымасці, якія даюць неабходныя ў бягучых рэаліях рынку і эканоміцы веды, — лічыць Марыя Акулава.
За кошт гэтага попыт на вышэйшую адукацыю ўпаў у параўнанні нават з 1990-мі гадамі. На гэта паўплывалі змены ў эканоміцы і тэхналагічнае развіццё. Усё больш актуальнымі становяцца прыкладныя навыкі, павялічваюцца магчымасці атрымаць веды ў канкрэтнай вобласці.
Але ў той жа час вышэйшая адукацыя стала настолькі даступнай, што практычна страціла сваю каштоўнасць. Дыплом ВНУ ўжо не з’яўляецца гарантыяй атрымання высокадаходнай працы, падкрэслівае эканаміст.
Калі вярнуць вышэйшай школе статус элітнай, дадаць практычную каштоўнасць, каб вышэйшая адукацыя адпавядала цяперашнім запытам эканомікі і рынку, у гэтым выпадку каштоўнасць валодання дыпломам спецыяліста, бакалаўра альбо магістра будзе лепш манетызаваць, чым гэта адбываецца сёння, лічыць Марыя Акулава.
Абапіраючыся на дадзеныя апытання «Пакаленні і гендэр», эксперты ў цэлым высока ацанілі адукацыйную мабільнасць беларусаў на працягу ўсяго доследнага перыяду (шэсць груп пакаленняў, якія нарадзіліся з 1938 па 1992 гады).
У групе, дзе бацькі мелі вышэйшую адукацыю, 69,13% сыноў і 73,32% дачок таксама скончылі ўніверсітэты. 45,80% сыноў і 41,75% дачок паўтарылі адукацыйны вопыт бацькоў з групы тых, хто мае сярэднюю спецыяльную адукацыю. Рэспандэнты, чые бацькі мелі пачатковую, базавую сярэднюю адукацыю або агульную сярэднюю адукацыю, часцей за ўсё атрымлівалі сярэднюю спецыяльную адукацыю. Яны адносна радзей сканчалі ВНУ, гаворыцца ў даследаванні. А вось дзеці, чые бацькі мелі прафесійна-тэхнічную адукацыю, часцей імкнуліся перайсці на больш высокі адукацыйны ўзровень. 31,55% сыноў і 37,72% дачок з гэтай групы атрымалі дыпломы ВНУ.
«Гендэрны аналіз паказаў, што беларускія жанчыны больш актыўна мяняюць свой адукацыйны статус у параўнанні з бацькамі. У сваю чаргу, па лініі „бацька-сын“ адзначаецца больш высокая ступень атрымання ў спадчыну адукацыйнага статусу», адзначаецца ў даследаванні.
Паводле Заўтра тваёй краіны