З Мінска стартавала 15-я пілігрымка ў Будслаў на роварах

3 ліпеня святой Імшой у мінскім касцёле св. Сымона і св. Алены распачалася 15-я пілігрымка на роварах Мінск — Будслаў, паведамляе catholic.by.

2019_07_03_vela_013.jpg

У дзень, калі Касцёл адзначае свята святога Тамаша, цэлебрацыю Эўхарыстыі з удзелам велапілігрымаў узначаліў айцец Язафат Кунцэвіч, бэрнардын. Духоўны нашчадак манахаў, якія больш за чатыры стагоддзі таму, пасяліўшыся ў буданах сярод пушчы на берагах ракі Сэрвач, заснавалі там паселішча Будслаў, благаславіў пасля св. Імшы пілігрымаў на дарогу.
Усяго сёлета з Мінска ў Будслаў выехалі 40 вандроўнікаў на «жалезных конях».


Гэта людзі рознага ўзросту і розных заняткаў, некаторыя сярод іх — сапраўдныя «велапрофі», а некаторыя — «веланавічкі». Але на час пілігрымкі ўсіх іх аб’яднала агульнае імкненне адзінай камандай-сям’ёй дасягнуць Нацыянальнага санктуарыя ў Будславе, каб там пакланіцца Божай Маці, у чарговы раз даручыўшы Ёй усё тое, чым напоўнены сэрцы і з чаго складаецца жыццё.
Трохдзённы шлях велапілігрымаў пралягае праз Радашковічы і Касцяневічы, дзе вандроўнікі спыняюцца на начлег і дзе іх гасцінна вітаюць вернікі і пробашчы тамтэйшых парафій — кс. канонік Юры Быкаў і кс. Пётр Пятрага. На жаль, сёлета з велапілігрымамі не едзе ніводзін духоўны, хоць удзельнікі, рыхтуючыся ў дарогу, шчыра гэтага жадалі і нават маліліся ў гэтай інтэнцыі. Не праводзіў іх, як бывала раней, і арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч: стан здароўя ўжо другі год не дазваляе іерарху сядаць на ровар.


Пілігрымка на роварах няшмат у чым адрозніваецца ад звычайнай пешай пілігрымкі. Праўда, тут значна цішэй: круцячы педалі, спяваць не атрымаецца, а да таго ж, у адпаведнасці з правіламі дарожнага руху, пілігрымы на роварах едуць невялікімі групамі на адлегласці адна ад адной.
Хоць тут замест мазалёў на нагах здараюцца праколы ў шынах, аднак і ў велапілігрымцы самае галоўнае — не пластыры ці латкі, а братэрства і ўзаемадапамога.
Паколькі старт пілігрымкі супаў з Днём Рэспублікі і святкаваннем 75-й гадавіны вызвалення Беларусі ад нацысцкіх захопнікаў, праезд праз цэнтр горада выглядаў не так, як звычайна. Аднак міліцыянеры ў белых кашулях, бачачы вялікую групу на роварах з блакітнымі марыйнымі сцягамі, толькі ветліва ўсміхаліся і нідзе не чынілі перашкодаў.