«З мостам усё не так проста». Чыноўнікі адмаўляюцца рамантаваць прымітыўную пераправу ў Крупскім раёне
На Крупшчыне ўлады дэманструюць мясцовым жыхарам шырока вядомую «блізкасць да звычайнага народа». Тут прыйшоў у непрыдатнасць самаробны пешаходны мост, што злучае дзве вёскі — Ухвалу і Мікалаеўку. Прадстаўнікі населеных пунктаў мноства разоў звярталіся да адміністрацыі раёна, аднак у адказ атрымлівалі нават не абяцанні, а тлумачэнне пра немагчымасць выканання такіх работ.
Абодва населеныя пункты, Ухвала і Мікалаеўка, стаяць на супрацьлеглых берагах ракі Можы і звязаны двума мостамі: аўтамабільным ды пешаходным. З улікам інтэнсіўнага перамяшчэння паміж вёскамі жыхары аддаюць перавагу другому — праз тое, што ён знаходзіцца ў цэнтральнай частцы Ухвалы.
Вось толькі мост, якім вяскоўцы карысталіся гадамі, прыйшоў у непрыдатнасць.
3 кастрычніка 2023 года ва Ухвалу з візітам прыехаў памочнік прэзідэнта — інспектар па Мінскай вобласці Уладзімір Калач. Чыноўнік таксама арганізаваў асабісты прыём грамадзян з актуальнымі пытаннямі наконт жыцця рэгіёну. Удзел у дыялогу прынялі старшыня Крупскага райвыканкама Анатоль Козел, яго намеснік Анатоль Ганчар ды іншыя чыноўнікі. Па папярэднім запісе на прыём запісаліся дзесяць жыхароў Міншчыны, пяць з якіх — ураджэнцы Крупшчыны.
Але закранулі пытанне тэрміновага рамонту канструкцыі не толькі вяскоўцы. Паправіць пешаходны мост праз раку Можа, які быў пабудаваны мясцовымі жыхарамі для скарачэння шляху, папрасілі дзве мінчанкі. Яны распавялі, што ім ужо месяц штодня прыходзіцца хадзіць у грыбы-ягады, і страшна ад таго, у якім жаласным стане знаходзяцца пешаходныя зносіны.
«Каб гэты мост сёння адрамантаваць, неабходна, каб якая-небудзь арганізацыя ўзяла яго на свой баланс і несла ўсе спадарожныя выдаткі па рамонце. У тым ліку і па вырабе праектна-каштарыснай дакументацыі. А працягласць маста немалая — 30 метраў, шырыня 1 метр. На сённяшні дзень гэта вельмі сур'ёзная сума, якая павінна быць мэтазгодна ўкладзеным сродкам», — заявіў Анатоль Козел.
Чыноўнік некалькі разоў падкрэсліў, што будаўніцтва нерэнтабельнае праз маленькае насельніцтва Мікалаеўкі, і што заўсёды ёсць магчымасць скарыстацца аўтамабільным мостам. Але ўпусціў адну дэталь: у такім выпадку шлях павялічваецца з 700 метраў да амаль трох кіламетраў, што відавочна крытычна для сталых людзей і людзей з абмежаванымі магчымасцямі.
Як растлумачыў Анатоль Ганчар, праблема ў тым, што ў гэтага тэхнічнага збудавання ніколі не было гаспадара, які б мог узяць на сябе выдаткі па рамонце і абслугоўванні. Мост быў пабудаваны насельніцтвам, самімі людзьмі ў 1970-х для скарачэння шляху.
Памочнік прэзідэнта Уладзімір Калач жа наўпрост пагадзіўся з калегамі, што «з падобнымі пытаннямі ўсё не так проста», і ў адказ на аргумент пра прымітыўнасць канструкцыі прамовіў: «Малых праблем не бывае».
Уладзімір Калач, дарэчы, уключаны ў спіс беларускіх дзяржаўных дзеячаў і чыноўнікаў, на якіх былі накладзены санкцыі Еўрасаюза пасля правядзення прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі 2010 года, прызнаных сфальсіфікаванымі і недэмакратычнымі. З кастрычніка 2020 года ўключаны ў «чорны спіс» ЕС, Вялікабрытаніі, Канады, Нарвегіі, Украіны і іншых краін.
Напачатку лістапада жыхарка Мікалаеўкі Наталля патэлефанавала на прамую лінію намесніку старшыні Мінскага аблвыканкама Івану Маркевічу.
«Калісьці гэта быў вельмі запатрабаваны мост: па ім ездзіла, у тым ліку, тэхніка, машыны. Цяпер ён выключна пешаходны. Але стан яго вымушае жадаць лепшага. Мост зламаны — і рамантаваць яго ніхто не хоча. Куды жыхары Мікалаеўкі толькі ні звярталіся, адказ на ўсе просьбы адзін — мост не стаіць ні на чыім балансе, таму рамонт ніхто на сябе не возьме. Але ж там усяго пару кладак, мост невялікі…» — адзначыла Наталля.
Іван Маркевіч звярнуўся да старшыні Крупскага райвыканкама Анатоля Козела. Як і ў мінулы раз, зноў высветлілася, што з мостам усё не так проста:
«З мостам не ўсё так проста: даўжыня пераправы каля 30 метраў, нармальнага пад'езду да яе няма, гэта значыць цяжкай тэхніцы туды зайсці будзе праблематычна. Адным словам, выдаткі запатрабуюцца сур'ёзныя».
Маркевіч у адказ на гэта прапанаваў Козелу арганізаваць суботнік і адрамантаваць пераправу, бо ў яго ёсць «магутныя леснікі і будаўнікі».
Тое, што людзі пабудавалі саматужна паўстагоддзя таму, сённяшняя ўлада нават адрамантаваць не можа…