Мы наблізіліся да этнічнага вымірання

 Апошнім часам і на самым высокім дзяржаўным узроўні не адважваюцца прызнаць беларусаў за самастойны народ, атаясамліваюць яго з рускім. Не адчуваючы ні на ёту ўсёй абсурднасці такога погляду, многія палітыкі, прычым не без гонару, называюць нас «русскими высшего качества».

paslja_referendumu_1995_ha.jpg


Датла зрусіфікаваныя, з дарэшты дэфармаванай нацыянальнай свядомасцю, беларусы маўчаць і трываюць, а гэта можа прывесці толькі да этнічнага вымірання.
Мы вырашылі выказаць сваю законную, аб’ектыўна абгрунтаваную трывогу высокім эшалонам улады і прасілі іх неадкладна, рашуча ўзяцца за выпраўленне перакосаў у дзяржаўнай моўнай палітыцы. Адказу ад тых, каму мы пісалі яшчэ 30 лістапада 2015 года (кіраўніку Адміністрацыі прэзідэнта, старшыні Палаты прадстаўнікоў, прэм’еру), мы так і не атрымалі. Таму вырашылі са зместам гэтага ліста пазнаёміць як мага больш шырокія колы беларускага грамадства:
«Беларусь ніколі не жыла без сур’ёзных, складаных праблем. Дастаткова іх і сёння, у тым ліку такая архіважная, як моўная: нацыятворная, жыццядайная і дзяржаватворная. На вялікі жаль, да ўзважанага развязвання яе яшчэ не прыступілі ні ўлады, ні само грамадства, што нельга апраўдаць ні элементарнай логікай, ні гісторыяй, ні нашым абавязкам перад цывілізаваным светам. Ад таго, як мы справімся з гэтай праблемай, наўпрост залежыць захаванне не толькі беларускай нацыі, але і самой дзяржаўнасці. Як найвялікшы, проста ўнікальны ва ўсім свеце парадокс: у ХХІ стагоддзі ў Рэспубліцы Беларусь на самім дзяржаўным узроўні адбываецца планавы працэс русіфікатарскай асіміляцыі яе тытульнага этнасу, прычым у форме яшчэ больш агрэсіўнай у параўнанні з польска-рускай асіміляцыяй ХVІІІ — пачатку ХХ стагоддзяў. Падобнае суверэнным краінам з такім палітычным статусам, як у сучаснай Рэспубліцы Беларусь, зусім не ўласціва. Беларусь тут ставіць сусветны рэкорд!
Нацыянальная дзяржаўная палітыка апошніх дзесяцігоддзяў у Беларусі супярэчыць аб’ектыўным гістарычным і навуковым законам развіцця чалавецтва. У выніку поўнай неадпаведнасці гэтай непрадуманай палітыкі карэнным інтарэсам краіны, беларускі народ ужо панёс такія нічым не апраўданыя этнічныя страты, што перастаў быць падобным на самога сябе, паколькі ў яго жыцці страшэнна нестае свайго нацыянальна-беларускага, а пераважае знадворнае, чужое. Нават у асяроддзі народна-побытавага думання ніякавата зняважліва ўспрымаецца стаўленне рускіх людзей да карэннага этнасу Беларусі.

Апошнім часам і на самым высокім дзяржаўным узроўні не адважваюцца прызнаць беларусаў за самастойны народ, атаясамліваюць яго з рускім. Не адчуваючы ні на ёту ўсёй абсурднасці такога погляду, многія палітыкі, прычым не без гонару, называюць нас «русскими высшего качества». Во да чаго давяла закладзеная дзяржавай практыка самарусіфікацыі!


А вось сярод палітычнага кіраўніцтва Расіі не пачуеш, што «русские — это китайцы высшего качества»? Не пачуеш таму, што ўлады гэтай дзяржава не акітайваюць рускіх.

Пэўна, многія думаюць: «Чаму ў нас усё так не па-людску?». Адказ тут вельмі просты, элементарны і для маладасведчаных людзей. У Беларусі свядома па волі дзяржавы забяспечваецца нават нехарактэрнае для савецкіх часоў бязмежнае панаванне рускага культурна-моўнага пачатку ва ўсіх сферах жыцця. І гэта нягледзячы на яе статус суверэннай, што не толькі дазваляе, але і канстытуцыйна абавязвае дзяржаву праводзіць у галіне культуры такую палітыку, якая максімальна ўлічвае этнічную самабытнасць тытульнага народа, надзейна ахоўвае яго ад любых формаў нацыянальнай дэградацыі.

Мэтанакіраваная, напэўна ж  на вялікую радасць імперскай сучаснай Расіі, надзвычай эфектыўная палітыка прэзідэнцкай вертыкалі па стварэнні ў Беларусі аднолькавай з усходняй культурна-моўнай прасторы (яна практычна ўжо існуе ў сваім завершаным стане!) нічога не дае і не можа даць беларускаму народу, акрамя татальнай асіміляцыі. А гэта ж паўтарэнне трагічнага лёсу вялікай славянскай нацыі — ПРУСАЎ.
Ад няспыннага працягу культурна-моўнай русіфікатарскай палітыкі ў Беларусі асаблівай карысці не атрымае і суседка Расія, бо яе нацыянальная культура, мова і без такой незаслужана маштабнай прысутнасці ў нашай краіне маюць бязмежную прастору распаўсюджання. Яна можа так раздацца ўшырыню, што руская культура і мова нават страцяць сваю самабытнасць. Сусветнай практыцы такое вядома.

Растварэнне беларускага этнасу ў рускай культурна-моўнай стыхіі, што сёння так рэальна ў сваім завяршэнні, нясцерпным болем адгукнецца ў яго не толькі сёмым, але і сямідзясятым пакаленнях. У нашы дні гэта не можа інакш успрымацца як нейкае сатанінскае пакаранне.


Пераважная большасць людзей пад цяжкім гнётам жыццёвай рэальнасці змушана звыклася з абсалютна пачварным асяроддзем, у якім яны амаль нідзе не чуюць свайго роднага слова, па радыё і тэлебачанні слухаюць галоўным чынам толькі рускамоўныя і да таго ж яшчэ пераважна папсовыя песні. Мала ў якіх краінах планеты Зямля, як у Беларусі, на дзяржаўным узроўні чужое шануюць больш за сваё. Мы ніколькі не сумняваемся ў тым, што на генным узроўні беларусы захоўваюць, шануюць і ганарацца сваім родным і чакаюць, калі «да нас прыйдзе зноў вясна» (Якуб Колас).

Верыцца, што так уласцівае сучаснаму свету імкненне моцна нацыянальна дэфармаваных малых народаў да аднаўлення, захавання сваёй самабытнасці, нягледзячы і на паглыбленне працэсаў глабалізацыі, у бліжэйшым часе абавязкова закране і бязлітасна этнічна абакрадзеных беларусаў. Да гэтага нам сёння трэба вельмі старанна рыхтавацца. І ў першую чаргу, несумненна, самой дзяржаве, бо ў найбольшай ступені па яе віне адбыўся страшэнны, ледзь не смяротны размыў прыроднага культурна-моўнага патэнцыялу беларускай нацыі. Высілкі ж толькі адных грамадскіх арганізацый, без падтрымкі дзяржавы, прадухіліць навіслую над беларусамі нацыянальную катастрофу не далі і не могуць даць жаданага пазітыўнага выніку.


Хоць мы недаравальна залішне спазніліся ў супрацьстаянні такой асіміляцыйнай навале, ёй трэба абавязкова пакласці канец, на што яшчэ ў нас ёсць усё неабходнае. Менавіта пра гэта мы, карыстаючыся дадзеным нам Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь правам, і пажадалі пагаварыць з самымі аўтарытэтнымі ў краіне ўладнымі структурамі: Адміністрацыяй прэзідэнта Рэспублікі Беларусь, Нацыянальным сходам Рэспублікі Беларусь, Саветам міністраў Рэспублікі Беларусь. Наспеў час азірнуцца і асэнсаваць, карэнным чынам выправіць, палепшыць рэальнае становішча ў культурна-моўнай сферы.

Прыбліжаецца ж знакавая гістарычная дата — 25 год ад часу абвяшчэння незалежнасці Рэспублікі Беларусь. Да гэтай даты ўлады павінны хоць штосьці канкрэтнае зрабіць па выратаванні беларусаў ад цяжкіх, па-сапраўднаму смяротных наступстваў русіфікацыі.

Мы ад свайго імя вельмі просім вас тэрмінова давесці ўсяму народу пра наяўнасць у нас архісур’ёзнай агульнанацыянальнай праблемы: любымі сіламі і сродкамі спыніць далейшае руйнаванне нацыянальнай ідэнтычнасці беларусаў, бо гэта вядзе і немінуча прывядзе іх да этнічнага вымірання ў родным бацькоўскім доме. У самых агульных рысах наяўнасць такой праблемы мы ўжо акрэслілі. Але толькі ў самых агульных рысах! Каб жа прывесці людзей у шырокі, актыўны нацыястваральны адраджэнскі рух, дапамагчы ім паўней усвядоміць усё гістарычнае значэнне яго, патрэбна найперш непараўнальна больш грунтоўнае, сістэмнае растлумачэнне прычын нашага глыбокага да немагчымага нацыянальнага заняпаду. Калі народ зразумее іх, а гэта нескладана давесці яму нашай палітычнай і інтэлектуальнай эліце, ён вельмі хутка з аб’екта гістарычнага працэсу пераўтворыцца ў яго дзейсны суб’ект, стане надзейнай, незаменнай апорай дзяржавы ў правядзенні нарэшце адпаведнай яе нацыянальнаму інтарэсу палітыкі ў культурна-моўнай сферы.

Давесці ўсё гэта да глыбокага ўсведамлення людзьмі павінен у першую чаргу шырока разгалінаваны дзяржаўны ідэалагічны апарат, укамплектаваны кадрамі досыць высокай кваліфікацыі. З афіцыйных СМІ вядома, што сёння ў ім налічваецца прыкладна 10 тысяч чалавек! Армія немалая. Зразумела, сярод іх хапае і такіх, хто арганічна не прымае ідэі беларускага нацыянальна-культурнага Адраджэння, не лічыць тытульнае насельніцтва Рэспублікі Беларусь за самабытны народ, ганьбіць яго родную мову. Такіх ніяк нельга дапускаць да вядзення нацыянальна-культурнай працы, бо яны толькі нашкодзяць.

Беларуская нацыя ўшчыльную наблізілася да этнічнага вымірання, што не з’яўляецца яе ўласным выбарам, гістарычнай заканамернасцю. Гэтую нацыянальную катастрофу трэба неадкладна спыніць, бо паралельна з ёю ідзе і разбурэнне падмурка суверэннасці нашай здабытай такой дарагой цаной дзяржаўнасці.


Першы камень-валун у сістэмную дзяржаўную русіфікатарскую палітыку ў нашым Краі заклала імператрыца Кацярына ІІ. Яе антыбеларускую палітыку нязменна працягвалі да скону царызму, а затым ужо аналагічнае рабілі партыйныя і савецкія органы ў перыяд знаходжання БССР у складзе СССР. Цяжка паверыць, але ўсё ж пагодзімся з тым, што не адпавядала і не адпавядае нацыянальнаму інтарэсу беларускага народа культурна-моўная палітыка ўсталяванай у краіне прэзідэнцкай сістэмы кіравання з яе выразным крэнам у гэтым пытанні ў бок Маскоўскага Крамля. На сваёй культурна-моўнай платформе — дый тое далёка не ў поўнай меры — беларускі народ будаваў нацыянальна-культурнае жыццё толькі ў самыя спрыяльныя гады міжваеннай беларусізацыі (1924–1929), у апошнія гады Гарбачоўскай перабудовы і да правядзення ў 1995 годзе майскага рэферэндуму. Такога гаротнага ў плане нацыянальна-культурнага, моўнага абрабавання самой дзяржавай народа, як беларускі, больш няма ў Еўропе. Няпроста адшукаць падобнага яму і ў Азіі. Але яшчэ не ўсё страчана. Надзея на выратаванне захоўваецца.


Таму, шаноўныя палітыкі і ідэолагі Рэспублікі Беларусь, настойліва просім, прапануем, рэкамендуем вам неадкладна і рашуча ўзяцца за святую справу выратавання беларусаў ад культурна-моўнай асіміляцыі! Зрабіце нарэшце неацэнны падарунак свайму так пакрыўджанаму чужымі і ўласнымі асімілятарамі народу, за што вам «вялікі дзякуй!» скажа не толькі ён, а ўвесь цывілізаваны свет, так заклапочаны ў захаванні культурнай разнастайнасці на планеце Зямля. Не пакіньце яе без беларускай нацыянальнай культуры і мовы!



Знайдзіце час паглядзець па спадарожнікавых тэлеканалах, як жывуць і як шануюць сваё роднае нашы суседзі ў Расіі, Украіне, Польшчы, Літве, Латвіі. Асабліва рэкамендуем звярнуць увагу, на якіх мовах у гэтых краінах выконваюць службовыя функцыі дзяржаўныя чыноўнікі, на якіх мовах працуюць парламенты. Тады ў вас абавязкова ўзнікне заканамернае пытанне да саміх сябе: «А чаму ж мы не такія, як яны?»


Высокія дзяржаўныя асобы! Пачуеце на гэты раз вы нас ці не, але мы будзем працягваць весці гутарку з вамі. Бо толькі размаўляючы і слухаючы адзін аднаго, можна зразумець праблемы і знайсці шляхі іх развязвання. Да ведама: па жыцці мы абодва крочым у дзявятым дзясятку.

Жыцьме беларуская нацыя!»