Лесвіца ў неба Вітаўта Мартыненкі

Беларусь развіталася з Вітаўтам Мартыненкам. Пайшоў з жыцця ўнікальны чалавек, які з ранняй маладосці паставіў для сябе мэту — жыць у беларушчыне, карыстацца ў творчасці толькі роднай мовай.

v._martynenka.jpg


І рабіў тое нягледзячы на неспрыяльныя і нават варожыя ўмовы, які паўставалі перад ім у тагачаснай савецкай рэчаіснасці.
Спачатку многія, хто ведаў Вітаўта, ставіліся да такога жыццёвага крэда з доляй іроніі: маўляў, дзівачыць! Але калі пабачылі вынікі яго працы на карысць беларускай справы, то стаўленне да яго метадаў карэнным чынам мянялася: з іранізуючых назіральнікаў людзі, якія яго атачалі, рабіліся яго паслядоўнікамі.
Калісьці па «Радыё Свабода» я паслухаў радыёварыянт вядомага эсэ Аляксея Каўкі «Ліст да майго рускага сябра», які стаў для мяне своеасаблівым апакаліпсісам: я па-іншаму глянуў на нявызначанасць сваёй нацыянальнай прыналежнасці, на свае моўныя прыярытэты, на перспектывы беларускай справы і будучыні Беларусі.

am.vm..jpg


Першае, што я зрабіў: больш-менш вывучыў родную мову. Але, на жаль, на гэтым усё скончылася: далей была служба ў войску, праца электрыкам, вучоба ў БПІ, захапленне музыкай. А зрабіць далейшы крок на гэтым шляху мне дапамагло знаёмства з Вітаўтам, які аказаўся маім суседам і нават далёкім сваяком. Гэта абумовіла нашы пастаянныя кантакты, дыскусіі і з’яўленне агульных ідэй, практыкаванні ў размоўнай беларускай мове. Высветлілася, што мы абодва захапляемся сучаснай музыкай, абодва — калекцыянеры.
У тым маладым узросце Вітаўт ужо скончыў журфак БДУ і працаваў у карэспандэнтам (а потым адказным сакратаром і намеснікам рэдактара) беларускамоўнай газеты «Чырвоная Змена». Аднойчы мой новы сябра запрасіў мяне ў рэдакцыю, дзе я пазнаёміўся з выдавецкім працэсам, працэсам стварэння і рэдагавання публіцыстычных матэрыялаў, інтэрв’ю... Скончылася тым, што я выдаў у газеце некалькі матэрыялаў, якія матывавалі мяне кінуць сваю «электрычную» прафесію і заняцца журналістыкай.
Ужо тады, ад пачатку нашага супрацоўніцтва, мяне ўражвала такая якасць Вітаўта, як крэатыўнасць (праўда, такое азначэнне тады не выкарыстоўвалася) мыслення. Памятаю, калі ў час нашых дыскусій з’явілася ідэя стварыць на базе «Чырвонай Змены» першы ў Беларусі музычны дадатак да выдання, то канцэпцыя і візуальнае афармленне «Нотнага аркуша» было распрацавана за нейкую гадзіну. Ідэі Вітаўта так і клаліся на рэдакцыйныя палосы.

martynenka1.jpg


За час нашага супрацоўніцтва такіх выпадкаў было шмат. Асабліва значным ходам стала правядзенне першага фэсту беларускамоўнай рок-музыкі «Тры колеры», які даў арыенцір выканаўцам у нацыянальным мастацтве: яно не можа быць стваральным, калі не карыстаецца роднай мовай.
Калі «Тры колеры» заблакавалі і закрылі, Вітаўт высунуў ідэю правядзення такога ж фэста, але ўжо на Беласточчне. Каб гэта ажыццявіць, знайсці аднадумцаў у Польшчы, Вітаўт апублікаваў матэрыял з заклікам да аднаўлення фэста.

Мы вельмі радаваліся што ў суседняй краіне знайшліся і арганізатары і сродкі. Фэст змяніў назву, і з дапамогай студэнцкага аб’яднання БАС свет пачуў пра «Басовішча».


Нас, як філафаністаў, у савецкі час вельмі турбавала, што адзіная ў СССР фірма грамзапісу «Мелодыя» зусім не звяртала ўвагу на беларускіх выканаўцаў. Каб разварушыць гэтую бюракратычную структуру, мы з Вітаўтам распрацавалі адмысловую стратэгію: накіроўвалі лісты з просьба выдаць кружэлкі беларускіх выканаўцаў у Кітаі, Індыі і іншых экзатычных краінах. Вітаўту, як аўтару гэтага эпісталярыя, прыходзілі афіцыйныя адказы: маўляў, няма магчымасцяў, трэба час, каб пазнаёміцца з вашымі зоркамі. А адказы мы перанакіроўвалі на «Мелодыю». І гэта дало вынік: былі выдадзены дыскі «Мроі», двайнік «Хіт-парад Беларускай маладзёжнай», перавыдадзены дыск гурта «Уліс». Частым госцем нашай сталіцы стала перасоўная студыя гуказапісу «Мелодыі», якая на нашых вачах зрабіла ўнікальны запіс гурта «Бонда» з мэтай выдання сольніка.

vitaut_martynenka__sjarhej_skoalau_vojusz_i_anatol_mjalhuj_na_kvaterniku_1.jpg


Але мару пра «Бонду» ў сваіх калекцыях ажыццявіць не ўдалося. Час няўмольны: мы не заўважылі, як надышла эра кампакт-дыскаў. Тут для таленту «генератара ідэй» Вітаўта раскрыліся новыя далягляды. Нашае супрацоўніцтва з выдавецкай кампаніяй БМА-group Вітаўт скарыстоўваў, каб пашыраць слухацкую базу беларускай рок-музыкі. Па яго прапанове выйшла некалькі важных для сучаснай айчыннай культуры музычных серый: зборнік сусветных хітоў па-беларуску «Беларускі глобус», тэматычныя серыі «Hard Life — Heavy Music», «Hardcore манія: чаду!», архіўныя дыскі гурта «Мясцовы час», Данчыка, дыск гурта PARTYZONE «Трэба рабіць» і шмат іншага.


Мяне ўражвала, як Вітаўт сумяшчаў журналісцкую і выдавецкую дзейнасць з лінгвістычнымі праектамі ў галіне абароны роднай мовы.


Вялікім праектам я лічу транслітарацыю ў кірыліцу выдатнага рамана Генрыка Сянкевіча «Quo Vadis» (2002) у перакладзе па-беларуску ксяндза Татарыновіча. Да перакладу Вітаўт дадаў свае грунтоўныя каментары, якія выдаў асобнай брашурай «Свой сярод чужых (кантэксты, гістарычныя і лінґвістычныя асаблівасці беларускага перакладу ксяндза П. Татарыновіча)» (2003).


Як перакладчык, Вітаўт дадаў да тэксту выразаныя тагачаснымі ідэолагамі ўрыўкі рамана. Атрымаўся самы поўны тэкст Сянкевіча, які выходзіў на прасторах СНД.


Нельга не сказаць пра асабістую кампанію Вітаўта ў абарону роднага слова — кампанію за вяртанне ў беларускі алфавіт літары ґ (г выбуховага). І хоць яго праект не ўдаўся, але яго высілкамі наша агульная рок-энцыклапедыя «222 альбомы беларускага року і ня толькі» (2006, Менск) стала першай ластаўкай гэтага аднаўленчага працэсу. Дарэчы, ідэя Вітаўта паспрыяла таму, што літара ґ вярнулася ва ўкраінскі алфавіт. Гэта радавала Вітаўта, давала яму надзею на вяртанне вынішчаных беларускіх літар, адраджэння сапраўднай роднай мовы.

vitaut_matrynenka__anatol_sys_anatol_mjalhuj_na_dni_voli_1989.jpg


Апошнія гады майго сябра займаў праект выдання і рэалізацыі яго асабістай кнігі — «Rock on-line». Як я адзначаў у рэцэнзіях на яе, «Rock on-line» можна прачытаць як сапраўдны постмадэрнісцкі раман, дзе ёсць і інтэрнэт-спрэчкі, і тролінг, і цытаты выдатных беларускіх пісьменнікаў, мысляроў, асабістыя, думкі, назіранні, высновы.

З мэтанакіраванасцю, якая была ўласцівая Вітаўту, аўтар вырашыў даказаць песімістам, што беларуская кніга мае попыт, чытачоў і прыхільнікаў.


Гэта была тытанічная праца, але мой сябра вельмі ганарыўся тым, што ўвесь яе немалы наклад быў рэалізаваны, што дазваляла думаць пра будучыя выданні.
На жаль, няўмольны лёс не дазволіў спраўдзіцца ўсім задумам і ідэям Вітаўта.
Шкада, што маладыя беларусы, якія прыходзяць каля сталоў з беларускімі выданнямі на канцэрты айчынных і замежных гуртоў, ужо больш не пачуюць зычны голас Вітаўта: «Не праходзьце міма! Увесь беларускі рок пад адной вокладкай!» Не будзе ўжо гарачых спрэчак, палемікі, лекцый па гісторыі айчыннага року, якія зрабілі яго знакамітым па ўсёй краіне.