З чым прыйшлі? І з чым сышлі?
Канешне, беларусы адсвяткавалі Новы год. Але, здаецца, дагэтуль нам будзе “аукацца год мінулы, і ніякіх перспектыўных надзеяў на 2012 год мы не маем.
Канешне, беларусы адсвяткавалі Новы год. Але, здаецца, дагэтуль нам будзе “аукацца год мінулы, і ніякіх перспектыўных надзеяў на 2012 год мы не маем.
Халера з прагнозамі на “канец свету ў 2012 годзе. Хто толькі яго не абяцаў і пад якім соусам! Нібыта, заканчваецца “каляндар індзейцаў Майя, і нам, па сканчэнні
календара, прыйдзе канец. У 2012 годзе выйдзе на поўную магутнасць так званы “Вялікі адронны калайдэр і створыць унутры сябе “чорную дзірку, і нам ізноў прыйдзе
канец. Пра шматлікіх “сведак Іеговы і іншых адэптаў “канца свету ўжо нават казаць непрыемна.
Насамрэч, нас чакаюць большыя выпрабаванні, чым “канец свету. Ну што такое калайдэр? Сінхрафазатрон, толькі вялікі. Гэтыя сінхрафазатроны ўжо гадоў пад семдзесят выкарыстоўваюцца,
і няшмат праблем было. “Чорных дзір у Сусвеце шмат, і ні адна з іх не выклікала калапс Сусвету. Дый “дзіра — не дзіра, а толькі зорка з звышмагутнай
масай, што прыцягвае да сябе нават часцінкі свету — фатоны.
А наконт розных прадказанняў астролагаў і сектантаў, то мы ўжо перажылі канцы свету ў 1994, 1995, 1998, 2001, 2008 і іншых гадах. Але мне падаецца, што канец свету наступіў у ноч з 31 снежня на 1
студзеня 2000 года. Недзе ў 5 гадзінаў раніцы. Але зямляне так святкавалі наступленне новага тысячагоддзя, што канца свету нават не заўважылі.
Такім чынам, варта паглядзець, з чым мы прыйшлі ў 2012 год.
У Беларусі ў 2011 годзе зафіксавана самая высокая інфляцыя за апошнія дзесяць гадоў. Пра гэта сведчаць звесткі Нацыянальнага статыстычнага камітэта.
За мінулы год спажывецкія цэны павялічыліся на 108,7%, у тым ліку за снежань — на 2,3%. Гэта прыкладна на 100% больш, чым было прадугледжана прагнозам сацыяльна-эканамічнага
развіцця, згодна з якім інфляцыя не павінна была перавысіць 7,5–8,5%.
Максімальны паказчык інфляцыі за апошнія дзесяць гадоў прыпаў на 2000 год, калі цэны ўзраслі на 107,5%, мінімальны рост цэн быў дасягнуты ў 2006 годзе — 6,6%.
У 2011 годзе цэны на харчовыя тавары ў Беларусі ўзраслі на 125%. За год рыбныя кансервы падаражэлі на 185,9%, рыба і морапрадукты — на 171,5%, алей — на 157%, мяса і птушка
— на 155,5%, яйкі — на 146,1%, сыр — на 106,3, кандытарскія вырабы — на 154,3%, гарбата — на 141,8%, алкаголь — на 132,2%, тытунёвыя вырабы
— на 128,2%, крупы — на 102,4%, макароны — на 79,3%, агародніна — на 125,3%, бульба — на 0,4%, хлеб — на 57,1%, мука — на 80,3%.
Жыллёва-камунальныя паслугі за мінулы год узраслі на 42,5% (у тым ліку газазабеспячэнне — на 88,1%, водазабеспячэнне — на 35,9%, электразабеспячэнне — на 37,9%, ацяпленне
— на 24,4%, тэхабслугоўванне — на 18,2%.
Беларусь з’яўляецца лідарам сярод краін СНД і Еўропы па тэмпах інфляцыі. Найбуйнейшыя аўдытарскія кампаніі свету прызналі эканоміку краіны гіперінфляцыйнай.
Гэта вам не калайдэр. Гэта тое, што адбіваецца на кожным беларусе.
У Мінску ў 2012 годзе плануецца дыферэнцыраваць тарыфы на праезд у грамадскім транспарце: у метрапалітэне тарыф плануецца зацвердзіць вышэйшым у параўнанні з наземным грамадскім транспартам,
паведаміў дырэктар дзяржаўнай установы “Сталічны транспарт і сувязь Валерый Шкуратаў.
Шкуратаў растлумачыў, што ў адпаведнасці з Бюджэтным кодэксам у сталіцы неабходна будзе павысіць тарыфы на праезд да ўзроўню 70% пакрыцця насельніцтвам выдаткаў на перавозкі.
Цяпер пасажыры аплачваюць толькі 35% ад сабекошту. Гэта значыць, што да канца 2012 года тарыфы на праезд у грамадскім транспарце Мінска павінны ўзрасці ўдвая. Па ацэнцы кіраўніка прадпрыемства, гэта
досыць цяжкавыканальная задача, таму сталічныя транспартнікі маюць намер вырашаць яе паэтапна.
Значыць, зноў нас чакае павышэнне коштаў. Вось гэта сапраўды “чорная дзірка, — колькі ні плаці, усё мала.
Як сапраўдны “прарыў інвестыцый казалі пра продаж “Газпраму “Белтрансгазу ў мінулым годзе. А зараз высвятляецца, што ўсё зусім не так.
“Газпрам мае права патрабаваць ад улад Беларусі выкупіць за 5 мільярдаў долараў раней перададзеныя расійскай кампаніі акцыі ААТ “Белтрансгаз у выпадку
невыканання шэрагу палажэнняў пагаднення паміж урадамі дзвюх краін аб умовах куплі-продажу акцый і далейшай дзейнасці “Белтрансгаза.
Беларускі бок абавязваецца па патрабаванні ААТ “Газпрам выкупіць усе раней перададзеныя ААТ “Газпрам акцыі ААТ “Белтрансгаз за 5 мільярдаў
долараў, а таксама кампенсаваць ААТ “Газпрам усе страты, якія могуць у яго ўзнікнуць у сувязі з гэтым “у выпадку невыканання любых са згаданых у дакуменце ўмоў.
Да такіх умоў адносяцца спажыванне закупляемага ў ААТ “Газпрам газу выключна на тэрыторыі Беларусі; бесперашкодная і бесперабойная транспарціроўка па тэрыторыі Беларусі прыроднага
газу, які падаецца з тэрыторыі Расіі; невыкарыстанне спецыяльных правоў па кіраванні ААТ “Белтрансгаз, якія парушалі б або ўшчамлялі аб’ём правоў, дадзеных
акцыянерам “Белтрансгаза ў адпаведнасці з заканадаўствам аб гаспадарчых таварыствах, уключаючы ўвядзенне асаблівага права (“залатой акцыі) на ўдзел у кіраванні
беларускім газатранспартным прадпрыемствам; адсутнасць не санкцыянаванага ўласнікам прыроднага газу адбору з патокаў газу, што транспартуюцца пцераз тэрыторыю Беларусі; нязменнасць умоў карыстання
зямельнымі ўчасткамі пад аб’ектамі нерухомай маёмасці беларускага ўчастка газаправода Ямал — Еўропа ў адпаведнасці з заканадаўствам Беларусі, якое дзейнічае на дату падпісання
пагаднення.
“Газпрам ужо абнародаваў рашэнне перайменаваць “Белтрансгаз у “Газпрам трансгаз Беларусь.
То бок, Беларусь канчаткова страціла “Белтрансгаз?
А, між іншым, Аляксандр Лукашэнка 10 студзеня на цырымоніі ўручэння прэмій “За духоўнае адраджэнне і спецыяльных прэмій прэзідэнта дзеячам культуры і мастацтва заявіў: “Мы
здолелі перажыць няпросты перыяд без катастроф і страт. І дапамаглі ў гэтым найлепшыя якасці нашага нацыянальнага характару — міласэрнасць і дружалюбнасць, душэўная шчодрасць і гатоўнасць
падзяліцца ўсім, што маем.
Паводле яго слоў, якія прыводзіць прэс-служба прэзідэнта, беларусы захавалі незалежнасць, грамадзянскі мір і згоду — “у гэтым заключаецца маральная перамога беларускага народа, які
здолеў пабудаваць грамадства, заснаванае на законах сумлення, справядлівасці і клопату пра чалавека.
А зараз зазірніце ў пачатак артыкула. Паглядзіце на інфляцыю, на рост цэнаў і задайце пытанне: “Каго пад словам “мы меў на ўвазе Аляксандр Лукашэнка?