Забыць Герастрата, або Як перастаць піярыць уладу

Пакуль мы абмяркоўваем шпіцаў, эскорт-дзіў або «новую спадарожніцу», «масандру», узровень прапановы на «Еўрабачанні», убогасць чарговага нічога не вартага спічу, фактычныя памылкі і адкрытую хлусню — мы падтрымліваем уласную эмацыйную сувязь з тым светам, прах якога нібыта хочам абтрэсці.

_telebasznja___minsk___telebaczanne__fota_dzmitryeu_dzmitryj_novy_czas_logo_1.jpg


Некаторы час таму платформа «Голас» і «Digital Solidarity» запусцілі кампанію, накіраваную на змяненне інфармацыйнай палітыкі тых сіл, якія сёння выступаюць за перамены ў краіне. У дакуменце, адрасаваным у першую чаргу медыя ў шырокім сэнсе (СМІ, вядомым блогерам, адміністратарам тэлеграм-каналаў, штабам і ініцыятывам, якія ўзніклі ў ходзе разгортвання палітычнага крызісу 2020 года), утрымліваюцца даныя даследаванняў камунікацыі ў сацыяльных сетках і ўносяцца прапановы, як мы павінны змяніць свае паводзіны ў інфармацыйнай прасторы, каб перамагчы.
Для мяне рамкай разумення падобных прапаноў служыць канцэпцыя паліттэхналогій трэцяга пакалення, распрацаваная беларускім метадолагам Уладзімірам Мацкевічам яшчэ ў 2013 годзе. Акрамя іншага, у ёй выразна пазначаная асноўная характарыстыка войнаў і супрацьстаянняў у ХХІ стагоддзі, якія вядуцца ў першую чаргу за нашу свядомасць («кансцыентальныя войны»), а разгортваюцца яны ў інфармацыйнай прасторы.
Што адназначна добра ў згаданай кампаніі «Голасу» — гэта фактычнае прызнанне стану інфармацыйнай вайны, і агульны пасыл уключацца ў яе свядома і скаардынавана. Вельмі важна разуменне (падмацаванае вынікамі даследаванняў) таго факту, наколькі вялікую ролю мы, самі таго не жадаючы, адыгрываем у распаўсюдзе парадку, навязанага рэжымам.
Дамінаванне ў інфармацыйнай прасторы, па вялікім рахунку, вызначаецца двума фактарамі. Першы — гэта кантроль над каналамі распаўсюду інфармацыі. І тут у нас ёсць пэўны парытэт. Нягледзячы на тое, што рэжым цалкам кантралюе ўвесь сектар дзяржСМІ, незалежныя СМІ і тое, што прынята называць «новымі медыя», складаюць яму сур’ёзную канкурэнцыю. Аднак ёсць другі фактар — гэта парадак дня. Можна не мець кантролю над каналам распаўсюджвання інфармацыі, аднак забяспечваць дамінаванне, навязваючы яму ўласную позву. Так нават танней.
І беларускі рэжым паспяхова з гэтым спраўляецца. Нам падаецца, што калі мы крытыкуем дзеянні чыноўнікаў, пачынаючы з самага верхняга, абураемся імі або высмейваем — мы змагаемся з рэжымам. На самай справе — мы павялічваем долю іх прысутнасці ў інфармацыйнай прасторы, робім менавіта іх цэнтральнымі фігурамі таго, што адбываецца, падтрымліваем дамінаванне рэжыму. Менавіта таму, што мы знаходзімся ў сітуацыі інфармацыйнай вайны, — а не ў нармальнай сітуацыі, калі ўсе гэтыя заканамерныя рэакцыі карысныя, фармуюць карціну грамадскай думкі, улік якой дазваляе карэктаваць палітыку ва ўмовах дэмакратычнага грамадскага ладу.
Дык што ж, «забыць Герастрата»? Перастаць звяртаць увагу на дзеянні рэжыму, уключыць «ігнор»? Два гады таму, калі разгортвалася «справа БелТА», у інтэрнэце гуляла паўжартаўлівая прапанова журналістам перастаць карыстацца інфармацыяй дзяржаўных СМІ, а ў ідэале — наогул перастаць пісаць пра дзейнасць «гасударавых людзей» і дзяржаўных органаў. Нягледзячы на тое, што на той момант ніхто не паставіўся да гэтага сур’ёзна, тады гэта было магчыма, і, напэўна, беларуская аўдыторыя мала б ад гэтага страціла.
На жаль, сёння так ужо нельга. Сёння мы знаходзімся ў сітуацыі адкрытага супрацьстаяння рэжыму і грамадства, а ігнараванне процілеглага боку ніколі не прыводзіла да перамогі.
Нам патрэбны распаўсюд інфармацыі пра дзеянні рэжыму, іх ацэнка, абмеркаванне таго, як ім супрацьстаяць. Але не распаўсюд укідаў дзяржаўнай прапаганды, нязначных і, як быццам, знарок скляпаных фэйкаў, інфанагод, якія ствараюцца толькі для таго, каб выклікаць эмацыйную рэакцыю і такім чынам заставацца ў павестцы. Пакуль мы абмяркоўваем шпіцаў, эскорт-дзіў або «новую спадарожніцу», «масандру», узровень прапановы на «Еўрабачанні», убогасць чарговага нічога не вартага спічу, фактычныя памылкі і адкрытую хлусню — мы падтрымліваем уласную эмацыйную сувязь з тым светам, прах якога нібыта хочам атрэсці, і адначасова забяспечваем дамінаванне менавіта гэтага свету ў інфармацыйнай прасторы. Бо людзі кажуць аб тым, што для іх важна, — а паглядзіце, пра што яны гавораць?
Але мала «адвярнуцца», хаця б і часткова, ад рэжымнага парадку дня — трэба яшчэ і сканцэнтравацца на сваім. І вось тут асноўны вектар прапанаванай «Голасам» кампаніі вельмі сумнеўны. Другая частка гэтай прапановы накіравана на разбор эмацыйных фактараў, падтрымку «пратэсных пачуццяў» і «накручвання на перамогу». Безумоўна, пазітыўны эмацыйны фон, падтрыманне «баявога духу», трансфармацыя агрэсіі і незадаволенасці сітуацыяй у пазітыўную, стваральную сілу — гэта вельмі важна. Аднак не менш важна не рабіць гульню на эмоцыях самастойнай задачай.
Гэтаму ёсць два прынцыповыя пярэчанні. Чыста прагматычнае пярэчанне складаецца ў тым, што эмоцыі — самы хутка выклікаемы, але і самы няўстойлівы матэрыял, і без пастаяннага сілкавання і пазітыўнага падмацавання надоўга іх не хапае. Больш за тое, калі створаныя чаканні не апраўдваюцца, наступае эмацыйны адкат. Успомніце моцнае расчараванне людзей, якія без усялякіх рэальных разлікаў ці падстаў спадзяваліся, што рэжым падзе да Новага году. Таму «эмацыйныя накачкі» добрыя на кароткай дыстанцыі, на доўгай жа (а беларуская рэвалюцыя відавочна перайшла ў стаерскі разрад) для падтрымання пазітыўнага эмацыйнага фону патрэбныя рэальныя падставы.
Але ёсць і іншае пярэчанне, значна больш прынцыповае, нават каштоўнаснае. Якога чалавека мы бачым «на нашым баку»: «чалавека імпульсіўнага» або «чалавека разумнага»? Што мы хочам атрымаць: эмацыйна зараджаны натоўп або разважлівую сілу, якая здольная не толькі расхістаць і дэмантаваць устояны рэжым, але і разумна перазапусціць дзяржаву і адбудаваць новую Беларусь? Ставячы на першае месца задачу эмацыйнай падтрымкі і накачкі, мы з непазбежнасцю становімся на шлях спрашчэння, папулізму, маніпуляцый. Мы граем «на паніжэнне», гуляем на адным з «ніжніх» узроўняў чалавечага, на мяжы рацыянальнага і ірацыянальнага.
Калі мы сур’ёзна лічым сябе дарослым грамадствам, грамадзянскай супольнасцю, гатовым да самастойнага вырашэння праблем і ўдзелу ў кіраванні дзяржавай, наша ўвага сёння павінна быць сканцэнтравана на тых палітычных і стратэгічных прапановах, якія адносяцца да вырашэння палітычнага крызісу і новага дзяржаўнага ўладкавання. Абмеркаванне, крытыка або падтрымка гэтых прапаноў павінны быць нашай справай, грамадская думка па гэтых пытаннях павінна фармаваць дзеянні, якія робяць сёння новыя палітычныя лідары.
Ці павінны мы імкнуцца да перамоў як спосабу вырашэння палітычнага крызісу? І калі так, то пры якіх умовах гэтыя перамовы магчымыя? Каму можна даверыць іх правядзенне і які павінен быць іх змест? Ці павінны мы сёння мець агульную стратэгію ў дачыненні да мясцовых выбараў, магчымага рэферэндуму па змене Канстытуцыі? Як на самой справе мяняюцца Канстытуцыі, як мы павінны падысці да гэтага працэсу, каб выключыць магчымасць паўтарэння сённяшніх праблем? Як ставіцца да абвяшчэння новых ініцыятыў па стварэнні палітычных партый? Ці трэба ўключацца сёння ў партбудаўніцтва і навошта? Такога кшталту пытанні сёння павінны быць прадметам грамадскай дыскусіі, калі мы сапраўды хочам быць гатовымі да паўнавартаснага ўдзелу ў палітычным працэсе.
Фармаванне такой дыскусіі, пераключэнне нашай увагі з «сыходзячай натуры» рэжыму на патэнцыйных палітычных актараў і тых, якія ўжо развіваюцца, — не толькі задача СМІ або лідараў меркаванняў, а задача грамадзян краіны, гатовых адказна ўключацца ў працэс сацыяльна-палітычных трансфармацый.