Заявы ІТ-кампаній, Лукашэнка ў Гродна і пратэсты. Найважнейшае за 22 жніўня

Тое, як прайшлі беларускія выбары, і тое, што адбывалася пасля іх, сур’ёзна падарвала імідж Беларусі ў свеце. Дзеянні ўладаў моцна папсавалі інвестыцыйны клімат і могуць прывесці нават да краху айчыннага гонару — Парка высокіх тэхналогіяў.

dzhamel_agaua_viber_1.jpg


Гендырэктар кампаніі Rakuten Viber Джамел Агаўа ў інтэрв'ю Forbes заявіў, што праз небяспеку супрацоўнікам Viber цалкам зачыніў мінскі офіс. «Мы не займаемся палітыкай у Viber, — сказаў ён, — але мы не можам інвеставаць у краіну, дзе людзі жывуць у страху». Раней у планах было падвоіць інвестыцыі ў Беларусь. Але цяпер інвестыцыі могуць зусім спыніцца.

Міжнародная асацыяцыя распрацоўшчыкаў гульняў напісала адкрыты ліст, у якім выступіла ў абарону беларускіх грамадзян, а таксама запатрабавалі ад Лукашэнкі і адміністрацыі ПВТ спыніць прымяненне гвалту супраць мірных пратэстуючых і вызваліць усіх палітычных зняволеных, сярод якіх ёсць таксама «распрацоўшчыкі гульняў і іншыя спецыялісты індустрыі, якія сталі аб'ектамі катаванняў і беспрэцэдэнтнай жорсткасці з боку ўрадавых сілавых структур». А таксама расследаваць выпадкі катаванняў, правесці новыя, сумленныя і празрыстыя выбары, устанавіць, ці аказвала адміністрацыя ПВТ ціск на рэзідэнтаў і «расследаваць і прыцягнуць вінаватых у абмежаваннях доступу да сеткі інтэрнэт».

Калі патрабаванні не будуць выкананыя, асацыяцыя будзе «рэкамендаваць нашым партнёрам, праз усе даступныя нам сродкі і мерапрыемствы, пазбягаць супрацоўніцтва з Рэспублікай Беларусь», а таксама «рэкамендаваць усім іншым распрацоўнікам і іншым IT кампаніям пазбягаць інвестыцый і здзелак з Рэспублікай Беларусь».

Значная частка рэзідэнтаў ПВТ звязаная з гульнявой індустрыяй.

Лукашэнка наведаў Гарадзенскую вобласць, у якой у найбольшай ступені былі выкананыя патрабаванні пратэстоўцаў. Ён звольніў старшыню аблвыканкаму Уладзіміра Краўцова, а на яго месца прызначыў ужо экс-міністра аховы здароўя Караніка.

photo_2020_08_22_17_01_35__2__2.jpg


Беларускія жанчыны зноў зладзілі «Ланцуг салідарнасці», а байкеры паспрабавалі правесці мотапрабег салідарнасці. Аднак уражваючая падзея адбылася на плошчы Перамогі ў Мінску — былыя вязні ЦІП зладзілі акцыю «Мая камера». Экс-арыштанты намалявалі на асфальце контуры камеры, разлічанай на 6 чалавек, і ўсталі туды разам, у колькасці 50-і вязняў, як і было на самай справе.