Вайна з паветранымі шарыкамі, пахаванне і рэпрэсіі. Найважнейшае за 24 жніўня

Чым далей — тым больш маразму ў дзеяннях уладаў. Канешне, некаторыя захады можна ацаніць як рацыянальныя, аднак збольшага ўлады «страляюць сабе ў нагу».

298173_1598246402_big_1.jpg


Міністэрства абароны падняло ў паветра баявыя верталёты, каб збіць паветраныя шары з бел-чырвона-белым сцягам, што запусцілі на тэрыторыі Літвы. Пасля выканаўца абавязкаў намесніка камандуючага Ваенна-паветранымі сіламі і войскамі супрацьпаветранай абароны палкоўнік Алег Арлоў паспрабаваў рацыянальна патлумачыць, што гэтыя шарыкі маглі ўяўляць небяспеку для грамадзянскіх паветраных судоў, а таксама «невядома, якое начынне ў тых шарыках».

Але ж ад пачатку Мінабароны адрапартавала, што збітыя яны былі таму, што неслі «антыдзяржаўную сімволіку».

МЗС Літвы кажа, што беларускія верталёты парушылі паветраную прастору нашай суседкі, і накіравала адпаведную ноту нашаму МЗС. Ведамства Макея будзе разбірацца.

img_2049_1.jpg


У Жабінцы прайшло пахаванне 44-гадовага Генадзя Шутава, які памёр у ваенным шпіталі Міска пяць дзён таму. Мужчына атрымаў агнястрэльнае раненне ў галаву 11 жніўня ў раёне Маскоўскай адміністрацыі Брэста падчас пратэстаў. Следчы камітэт паведамляў, што падчас пратэстаў 11 жніўня яго «ненаўмысна паранілі ў галаву са зброі пры нападзе на асоб, якія выконвалі задачы па ахове грамадскага парадку».

Як можна «ненаўмысна» стрэліць у чалавека з баявой зброі на вуліцы горада, СК не тлумачыць. Горад жа — не цір, не паляванне і не зборка-разборка зброі.

egm8vc1xkaaoga9_1.png


АМАП зноў пачаў паляванне на людзей. Уранку на прахадной МТЗ затрымалі давераную асобу Святланы Ціханоўскай Вольгу Кавалькову і прадстаўніка страйкаму гэтага завода Сяргея Дылеўскага. Іх абвінавацілі ў арганізацыі несанкцыянаваных мерапрыемстваў. Увечары ў Мінску на плошчы Незалежнасці, дзе кожны дзень збіраюцца пратэстоўцы, АМАП таксама хапаў людзей.

Але беларусаў ужо не напалохаць — усё самае жудаснае яны ўжо бвачылі. Нягледзячы на затрыманне, акцыя адбылася — не такая шматлюдная, як раней, але тым не менш.

18768150_303_1.jpg


Следчы камітэт (той самы, які лічыць, што на вуліцах горада міліцыянты страляюць з табельнай зброі «ненаўмысна») даўмеўся выклікаць на допыт Святлану Алексіевіч, лаўрэатку Нобелеўскай прэміі, якая з’яўляецца сябрам прэзідыума Каардынацыйнай рады. Допыт звязаны з крымінальнай справай «па факце публічных заклікаў да захопу дзяржаўнай улады або здзяйснення дзеянняў, накіраваных на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы».

Як казаў адзін генеральны пракурор: «Галоўнае ў працэсе следства не выйсці на саміх сябе». А гэта следчыя і зрабілі: цяпер чакаем рэакцыі Нобелеўскага камітэту і астатніх Нобелеўскіх лаўрэатаў (а гэта аўтарытэтныя людзі, да якіх прыслухоўваецца свет).

Як вы думаеце, ці не зрабілі следчыя тыя самыя «дзеянні, накіраваныя на прычыненне шкоды нацыянальнай бяспецы» Беларусі?