«Марш новай Беларусі» і Лукашэнка з аўтаматам. Найважнейшае за 23 жніўня

Расчараванне некаторых тым, што «пратэсты сцішыліся», вокамгненна знікла 23 жніўня. Беларсы, аказваецца, гатовыя да доўгай барацьбы.

118175623_2410180962615471_3769316831963801938_n_logo_1.jpg


Безумоўна, падзеяй дня стаў «Марш новай Беларусі» — і ў Мінску ён сабраў людзей не менш, чым тыднем раней. Адметна, што да яго арганізавана далучыліся працоўныя — калоны фармаваліся ля прадпрыемстваў. Марш прайшоў мірна, хаця іншым разам людзей давялося сцішваць.

У нейкі час народ рушыў да плошчы Дзяржаўнага сцяга — там месціцца рэзідэнцыя Лукашэнкі. Сам ён тэрмінова прыляцеў туды на верталёце, апрануў бронекамізэльку і ўзяў у рукі аўтамат (ці муляж аўтамата).

118211909_628956781385697_520500238738543188_n_logo_1.jpg


Невядома, якія піяршчыкі яму гэта параілі, але ход атрымаўся не вельмі прыгожы. Па-першае, ён разбурае ўсе міфы пра тое, што «пратэст ідзе на спад». Які спад, калі персанальна сам стаіць са зброяй у руках? Па-другое, відавочна, што Лукашэнка спалохаўся — прычым аж да таго, што схапіўся за зброю. Па-трэцяе, сапраўды абранаму прэзідэнту няма патрэбы браць аўтамат на сустрэчу з народам. І, канешне ж, цяпер толькі нямногія сумняюцца, хто мог аддаць загад на ўжыванне сілы і катаванні пратэстоўцаў. Калі ён персанальна ўзяў зброю — гэта хіба не прызнанне?

Мы таксама даведаліся, што праблемы з інтэрнэтам народу ствараў правайдэр і аператар мабільнай сувязі А1 «па патрабаванні дзяржаўных органаў». Фірма сур’ёзна падмачыла сабе рэпутацыю. Падаецца, ёй яшчэ раз прыйдзецца плаціць кампенсацыю сваім кліентам — раней яны гэта ўжо зрабілі за той інтэрнэт-блэкаўт, які адбываўся ў краіне з 9 па 11 жніўня.

ales_jurkojc__fota_hanny_babickaj_1_1.jpg


Пакуль людзі бегалі па плошчах, дзен нараджэння адсвяткаваў Алесь Юркойць — ці не самы вядомы беларускі мытнік, а яшчэ краязнаўца і грамадскі дзеяч, які шмат чаго зрабіў (і яшчэ зробіць!) для беларушчыны. Адзначае за кратамі — у 2017-м ён быў асуджаны на сем гадоў па справе «ашмянскіх мытнікаў».

Але ж выходныя — гэта выходныя. Ёсць нагода яшчэ і пасмяяцца: карыкатурысты свету таксама не абышлі падзеі ў Беларусі.