Праваабаронцы: Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага затрымаў АМАП (відэа, дапоўнена)
Гэта здарылася на прахадной Мінскага трактарнага завода.

Сяргей Дылеўскі і Вольга Кавалькова падчас выступу 23 жніўня
Як паведамляе тэлеграм-канал праваабарончага цэнтра «Вясна», чальцоў Каардынацыйнай рады палітыка Вольгу Кавалькову і лідара стачкама МТЗ Сяргея Дылеўскага супрацоўнікі АМАПу затрымалі, памясцілі ў аўтазак і звезлі ў невядомым напрамку.
Учора Кавалькова і Дылеўскі разам з іншымі прадстаўнікамі Каардынацыйнай рады выступілі на мітынгу недалёка ад стэлы «Мінск — горад-герой» падчас «Маршу новай Беларусі». Яны казалі аб неабходнасці пераменаў у краіне.
У ГУУС сцвярджаюць, што затрыманне адбылося «ў межах адміністрацыйнага працэсу», паведамляе тэлеграм-канал Радыё Свабода.
Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага абвінавачваюць у адміністрацыйным правапарушэнні «Незаконная арганізацыя забастоўкі», распавяла сябра КР Лілія Уласава.