Сяргей Дылеўскі асуджаны на 10 сутак
Сябра прэзідыўма Каардынацыйнай рады Сяргея Дылеўскага, лідара стачкама на Мінскім трактарным заводзе, прысудзілі да 10 сутак адміністрацыйнага арышту.
Сяргея Дылеўскага прызналі вінаватым па двух артыкулах Адміністрацыйнага кодэкса: 23.34 (незаконнае масавае мерапрыемства) і 23.4 (супраціў міліцыянтам), паведамляе Еўрарадыё.
Як праходзіў суд, распавядае Свабода. Вяла працэс праз скайп суддзя суда Заводскага раёну Алена Капцэвіч. Сам Сяргей Дылеўскі знаходзіўся ў ізалятары часовага ўтрымання на завулку Акрэсьціна.
Судзя спыталася, што ён рабіў на прахадной МТЗ 24 жніўня.
«Абмяркоўвалі працу прадпрыемства, тое, што частка людзей хоча, а частка не хоча страйкаваць, меркаванні людзей. Ініцыятарамі былі людзі. Усяго былі ад 20 да 40 чалавек», — сказаў Сяргей Дылеўскі.
— Ці даваў Мінгарвыканкам дазвол на правядзенне? — спыталася суддзя.
— На сустрэчу з сябрамі? Не, не даваў, — кажа Дылеўскі.
Паводле Дылеўскага, ён працуе на МТЗ з 2008 года. 24 жніўня ён не заклікаў да страйку. Там праходзіла сустрэча работнікаў заводу з намеснікам дырэктара заводу.
Паводле адваката, інфармацыю пра затрыманне Дылеўскага яна атрымала з СМІ.
«У Партызанскім РУУС мне сказалі, што Дылеўскага не затрымлівалі. Толькі сёння я атрымала матэрыялы справы на 10 хвілінаў. Фатаграфаваць іх мне забаранілі», — сказала адвакат Дар’я Ліпкіна.
Раніцай 24 жніўня сяброў прэзідыюму КР Вольгу Кавалькову і Сяргея Дылеўскага затрымалі на прахадной Мінскага трактарнага заводу супрацоўнікі АМАПу і змясцілі ў аўтазак.