«Здароўе вельмі пагоршылася». Са студзеня няма сувязі з палітзняволенай Аленай Гнаўк
67-гадовую актывістку з Пружанаў судзілі ўжо чатыры разы. Яе ўтрымліваюць у папраўчай калоніі для рэцыдывістак у гарадскім пасёлку Зарэчча.
Яўгенія Доўгая, журналістка і заснавальніца ініцыятывы «Палітвязынка», якая дапамагае палітзняволеным беларускам, распавяла BGmedia, што са студзеня 2024 года няма сувязі з 67-гадовай палітзняволенай актывісткай з Пружанаў Аленай Гнаўк. Яе ўтрымліваюць у папраўчай калоніі для рэцыд»ывістак у Зарэччы. Да вызвалення Алены Гнаўк засталося прыкладна 2 гады.
Паводле інфармацыі Яўгеніі Доўгай, Алене Гнаўк павінны былі зрабіць аперацыю на кішэчніку, таму што там з'явіліся новаўтварэнні. Такія аперацыі робяць у гомельскай жаночай калоніі №4, палітзняволеную павінны былі адвезці туды. Дагэтуль невядома, ці зрабілі жанчыне гэтую аперацыю. Са студзеня 2024 года з ёй няма наогул ніякай сувязі.
За што Алену Гнаўк судзілі чатыры разы
Нагадаем, 67-гадовую актывістку з Пружанаў Алену Гнаўк судзілі ўжо чатыры разы.
Першы раз Алену прысудзілі да двух гадоў «хатняй хіміі» за ўдзел у акцыі пратэсту 13 верасня 2020 года ў Брэсце паводле «карагоднай справы». Паўторна жанчына была асуджаная за «абразу Лукашэнкі» падчас суда па «карагоднай справе». Сумарна Алене далі тры гады «хатняй хіміі».
11 студзеня 2022 года Алену Пятроўну затрымалі і далі 15 сутак арышту за парушэнне рэжыму адбыцця «хатняй хіміі». Пасля арышту актывістка не выйшла на волю, яе перавялі ў баранавіцкае СІЗА-6 у рамках крымінальнай справы, узбуджанай паводле двух артыкулаў Крымінальнага кодэкса: арт. 367 КК (паклёп на Лукашэнку) і арт. 369-1 (дыскрэдытацыя Рэспублікі Беларусь).
Паводле матэрыялаў справы, Гнаўк 23 лістапада 2021 года размясціла ў сацыяльных сетках «Фэйсбук» і «Інстаграм» «загадзя недакладныя звесткі аб прававым становішчы замежных грамадзян у Рэспубліцы Беларусь, што было накіравана на прычыненне істотнай шкоды дзяржаўным інтарэсам». У пастах Алена распавядала пра курдскія сем'і і становішча мігрантаў у Беларусі. Паклёп на Лукашэнку выявілі ў звароце да яго.
17 чэрвеня 2022 года Алене Гнаўк прысудзілі тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму. У жніўні яе этапавалі ў гомельскую жаночую калонію №4. Ужо ў кастрычніку 2022 года жанчыну ўключылі ў «спіс экстрэмістаў».
Неўзабаве стала вядома, што з ініцыятывы адміністрацыі калоніі супраць Алены распачалі крымінальную справу паводле ч.1 арт. 411 КК (злоснае непадпарадкаванне патрабаванням адміністрацыі калоніі). 28 красавіка 2023 года яе прысудзілі да яшчэ аднаго года пазбаўлення волі ў калоніі агульнага рэжыму. Гэта быў чацвёрты суд над ёй. Пасля гэтага жанчыну адправілі ў калонію №24 для рэцыдывістак у Зарэччы. Там утрымліваюць тых, хто мае больш за адну судзімасць.
Калі быў апошні ліст ад Алены Гнаўк і што кажуць тыя, хто сядзеў з ёй у калоніі
6 жніўня 2023 года Алена Гнаўк напісала ліст сваім родным. Урывак з яго яе родныя апублікавалі на старонцы палітзняволенай у «Інстаграме»:
«Учора мяне з каранціну перавялі ў атрад нумар 1. Ён размешчаны на трэцім паверсе вялікага трохпавярховага будынка-казармы, дзе мы і жывем. У нашым атрадзе 93 чалавекі. Гэтая калонія лічыцца больш строгай па ўмовах утрымання асуджаных жанчын, бо тут утрымліваюцца тыя з нас, хто ўжо раней быў калі-небудзь асуджаны да абмежавання волі.
Тут сабраліся людзі, якія хоць адзін раз, але пабывалі ў калоніі. Некаторыя трапляюць сюды праз шмат гадоў і па законе лічацца тымі, хто «раней не з'яўляўся асуджанымі», бо судзімасць была пагашаная па заканчэнні многіх гадоў. Тым не менш, прывозяць іх сюды ў Зарэчча, дзе сядзяць так званыя «шматгодкі», якія маюць па некалькі судзімасцяў.
Толькі што (у 11.00 гадзін) прыйшлі з клуба, дзе нам была прачытаная адукацыйная лекцыя пра Іосіфа Юр'евіча Філімончыка (калі правільна запомніла яго імя), які паўтарыў у нас у Беларусі падчас вайны подзвіг Івана Сусаніна. Пра гэты подзвіг нам проста прачытала адна з асуджаных актывістак.
Людзі тут прасцейшыя, чым у ПК-4 У Гомелі. Там шмат тых, хто не ведае гэтых правілаў, патрапілі ўпершыню са сваімі амбіцыямі. І з інтэлектам некалькі вышэй сярэдняга. Вельмі шмат ідуць па наркатычных артыкулах. А гэта людзі далёка не дурныя. І, у асноўным, працуюць загадчыцамі гаспадаркі.
Усім маім дарагім блізкім велізарнае прывітанне!»
18 сакавіка 2024 года ініцыятыва «Палітвязынка» апублікавала невялікі аповед палітзняволенай, якая сядзела з Аленай Гнаўк у гомельскай жаночай калоніі №4:
«Як толькі Алена прыехала ў калонію, яе з самага пачатку пачалі чапляць і правакаваць зняволеныя, якія супрацоўнічалі з адміністрацыяй. Але Алена ўвесь час спрабавала знайсці чалавечнасць у іх і работнікаў калоніі. Яна прасіла іх спыніць здзекавацца з людзей, тлумачыла з рэлігійнага пункту гледжання, які грэх на гэтых людзях, пісала скаргі і спадзявалася, што ў каго-небудзь хопіць сумлення адстаць ад пенсіянеркі. Праз гэта Алена ўвесь час трапляла ў ШІЗА.
Яе выпускалі на пару дзён, а потым зноў змяшчалі. Разам з іншымі палітвязнямі мы спрабавалі ёй данесці, каб яна уціхамірылася дзеля свайго ж здароўя. Яна не слухала нас і ўсё роўна спрабавала там дамагчыся хоць нейкай справядлівасці для сябе і заклікаць тых да сумлення. У яе вельмі пагоршылася здароўе пасля галадовак, ШІЗА і бясконцага прэсінгу.
Алена — пенсіянерка, яна не працавала на фабрыцы. Але ёй падкідвалі іголкі, каб яна атрымлівала пакаранне і яе пазбаўлялі перадач, спатканняў, адпраўлялі ў ШІЗА. Алена казала, што гэта трызненне, яна не працуе на фабрыцы, яна туды нават не ходзіць, што гэтыя іголкі ёй падкінулі. Але гэта нікога не хвалявала.
Яна для многіх палітвязынак стала турэмнай бабуляй,
якая выслухае, падтрымае, пашкадуе. Мы яе вельмі любілі і прасілі, каб ад яе
адсталі. Памятаю, як пайшоў слых у калоніі, што Алену пераводзяць у Зарэчча. Мы
ўсе спалохаліся за яе. Таму што там закрытая зусім калонія і з «нашых»
там пару чалавек. За Алену Пятроўну вельмі трывожна».