У Расіі затрымалі беларускага доктара. Ён першым у Беларусі адкрыта казаў праўду пра каронавірус
У Мурына пад Санкт-Пецярбургам затрымалі вядомага беларускага доктара Уладзіміра Мартава. Яму не даравалі крытыку сістэмы аховы здароўя.

Уладзімір Мартаў. Фота imenamag.by
Аператыўнікі крымінальнага вышуку затрымалі ў Мурына беларуса Уладзіміра Мартава, які быў загадчыкам аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, а на другі год каранавіруснай пандэміі атрымаў абвінавачанне ў арганізацыі экстрэмісцкай супольнасці. Пра затрыманне паведаміла выданне «Фантанка».
Мартаў адным з першых загаварыў пра сапраўдную статыстыку смяротнасці ад каранавіруса. Гэта было ў 2020 годзе, калі рэжым запэўніваў, што ад новай інфекцыі пакуль ніхто не памёр.
Глядзіце таксама

У лістападзе 2020 года доктар Мартаў даў вялікае інтэрв'ю TUT.BY аб другой хвалі каронавіруснай інфекцыі. Рэаніматолаг казаў, што канкрэтна Віцебск «палыхаў» ад інфекцыі менш, чым увесну, але сцэнары ў хваробы былі самыя розныя: паміралі і маладыя, і прыхільнікі здаровага ладу жыцця. А для лекараў на новай «вайне» адкрыўся яшчэ і «другі фронт» — палітычны.
Глядзіце таксама

У красавіку 2021 года Мартава звольнілі з БХМД. У Віцебску людзі збіралі подпісы з просьбай не звальняць Уладзіміра Мартава.
Відэа-інтэрв'ю з былым доктарам Цэнтральны суд Мінска прызнаў «экстрэмісцкім матэрыялам». Уладзімір Мартаў з'ехаў з краіны, пры гэтым, адкладваў рашэнне аб ад'ездзе да апошняга. Доктар меў намер заставацца ў Беларусі «пакуль гэта магчыма, пакуль няма пагрозы бяспецы».
«У мяне былі вельмі смешныя спрэчкі з маімі больш маладымі і больш прасунутымі калегамі — адна і тая ж тэма, якую мы ўвесь час абсмоктвалі з розных бакоў. Казалі аб тым, што чым ехаць у Канаду і рабіць там Беларусь, трэба рабіць у Беларусі Канаду», — казаў Уладзімір Мартаў у адным з інтэрв'ю.
Глядзіце таксама

На радзіме былому ўрачу завочна выбрана мера стрымання ў выглядзе арышту. Пакуль што затрыманы дастаўлены ў 87-мы аддзел паліцыі ва Усеволжскім раёне Леніградскай вобласці.
У інтэрв'ю Уладзімір Мартаў распавядаў пра сябе наступнае:
— Я — з медыцынскай сям'і: бацька — хірург, прафесар, мама — інфекцыяніст. Медыкі — жонка, сястра, муж сястры. 10 гадоў я адпрацаваў у 1-й гарадской бальніцы. Потым з бацькам мы перайшлі ў БХМД. Працаваў тут анестэзіёлагам. А апошнія гадоў пяць загадваю аддзяленнем анестэзіялогіі і рэанімацыі.