Доктар Мартаў — пра ковiд: «Чуму ў чумным бараку не перамагаюць»
Доктар-рэаніматолаг Уладзімір Мартаў, былы загадчык аддзялення анэстэзіялогіі і рэанімацыі Віцебскай бальніцы хуткай дапамогі, распавёў «Свабодзе» пра чацвёртую хвалю пандэміі.
![martov23.jpg martov23.jpg](/img/v1/images/martov23.jpg?f=f&h=396&o=0&u=1715395350&w=528)
— Набраўся ж
досвед у лячэнні каронавіруснай інфекцыі. Ці гэта выключна пытанне
арганізацыі?
— Мне таксама
незразумела. Калі ўважліва слухаць беларускія навіны пра каронавірус, то
абмяркоўваецца шпіталізацыя ў лякарні, месцы ў рэанімацыях, абмяркоўваюцца
кіслародныя пункты, колькасць балонаў, апаратаў ШВЛ. Абмяркоўваюцца рэчы, якія
да перамогі над пандэміяй маюць аддаленае дачыненне, бо чуму ў чумным бараку
не перамагаюць.
У чумны барак
трапляюць з цяжкімі выпадкамі. Рэанімацыя — верхавіна айсбергу. Перамога
адбываецца па-за рэанімацыяй. У рэанімацыі ніякіх перамогаў няма, там ідзе
змаганне за кожнага чалавека.
Мне проста
незразумела, чаму няма таго, што называецца арганізацыйныя і проціэпідэмічныя
мерапрыемствы, якія павінны перамагчы каронавірус. Я разумею, чаму гэтага не
было ў першую хвалю. Палітыка, не палітыка, ілюзіі, уяўленне, што само
пройдзе. Але цяпер не ведаю, у каго засталіся ілюзіі, што гэта само пройдзе.
— Ці зрабілі вы
прышчэпку ад каронавірусу?
— Так, я
вакцынаваўся кітайскай вакцынай. Гэта было свядомае рашэнне, як мне падаецца,
аптымальнае ў нашых умовах. Я не адразу вакцынаваўся, бо год таму перахварэў,
хаця і ў лёгкай форме. Пакуль я працаваў у «чумным бараку», у мяне было
адчуванне, што сталы кантакт, падхопліванне малых дозаў — свайго роду
вакцынацыя, бо вакол хварэюць.
Цяпер я не працую
і мала кантактую з людзьмі, і нехта з маіх сяброў, якія працуюць, можа мне
гэта «прывезці». Было зразумела, што трэба абараняцца, і вакцынацыя — адзін з
надзейных спосабаў пазбегнуць цяжкага цячэння хваробы.
— Што вы параіце
людзям рабіць ці не рабіць, каб захаваць здароўе і жыццё сваё і сваіх блізкіх
падчас новай хвалі каронавіруснай эпідэміі?
— Я заклікаю ўсіх
думаць над тым, што вы робіце з пункту гледжання пандэміі. Як аказалася,
думаць пра вас, за вас і вашых блізкіх ніхто больш не будзе. Пандэмія — гэта не
прыдумка. Дагэтуль сустракаю меркаванні, што гэта ўсё прыдумана і гэта ўсё для
чыпавання.
Гэта варʼяцтва,
асабліва з пункту гледжання таго, што ўжо чацвёртая хваля. Думайце самі.
Маскі, дыстанцыяванне, вакцынацыя — гэта ваша рашэнне. Усё ў вашых руках.