«Кожны дзень 17 пахаванняў». Рытуальныя агенцтвы Баранавічаў — аб чацвёртай хвалі каронавіруса

Чацвёртая хваля COVID-19 у Беларусі нават у афіцыйнай статыстыцы пабіла рэкорды па колькасці захварэлых і памерлых. Пра тое ж, што адбываецца ў канкрэтных рэгіёнах, застаецца толькі здагадвацца, бо гэтыя лічбы даўно засакрэчаныя. Тым не менш з дапамогай супрацоўнікаў рытуальных агенцтваў у Intex-press атрымалася даведацца, як ідуць справы са смяротнасцю ў горадзе і чым цяперашняя хваля адрозніваецца ад папярэдніх.

venki_1200x560.jpg

Нягледзячы на тое, што на рынку рытуальных паслуг горада сёння працуе каля дзясятка агенцтваў, пагаварыць пра смяротнасць у Баранавічах нават на ўмовах ананімнасці пагадзіліся толькі нешматлікія.

«Калі ў першую хвалю хавалі старых, то ў гэтую шмат маладых»

Ксенія (імя змененае) працуе ў сферы рытуальных паслуг больш за 15 гадоў. Але, кажа жанчына, ніколі яшчэ ў яе не было столькі працы, як у апошнія некалькі месяцаў.

— Кожны дзень толькі на гарадскіх могілках Русіна ў сярэднім 17 пахаванняў. Але ёсць яшчэ і раённыя могілкі, дзе таксама хаваюць людзей. І гэта вельмі страшна, таму што на маёй памяці ніколі яшчэ не было такога, каб аж 17 пахаванняў было ў адзін дзень і на адных могілках! А працую з сярэдзіны 2000-х, — распавядае Ксенія. — І калі ў першую хвалю мы хавалі ў асноўным старых са спадарожнымі хранічнымі захворваннямі і ковідам, то ў гэтую хвалю шмат маладых.

Сярэдні ўзрост памерлых, пахаванне якіх у чацвёртую хвалю каронавіруса даводзілася арганізоўваць жанчыне, 40 гадоў. Але былі і зусім маладыя.

— У гэтую хвалю пайшлі і 20-ці, і 30-ці, і 40-гадовыя, якія кожны тыдзень паміраюць ад ковіда. Гэта вельмі страшна, — распавядае гараджанка.

Пры гэтым у заключэнні аб смерці, па словах Ксеніі, каронавірус у якасці прычыны смяротнага зыходу значыцца, у асноўным, толькі ў людзей без хранічных захворванняў. Пажылым людзям з букетам іншых хвароб акрамя ковіда ў заключэнні пра смерць, часцей за ўсё, паказваюць менавіта адно са спадарожных захворванняў.

Сітуацыя са смяротнасцю, кажа супрацоўніца пахавальнага бюро, жахлівая па ўсёй Беларусі.

— На гэтым тыдні мы вазілі нябожчыка ў крэматорый у Мінск, бо да гадзіны дня мы былі 68-мі ў чарзе на крэмацыю, — распавядае яна. — Пакуль стаялі там, людзі казалі, што такімі тэмпамі ўся Беларусь вымра. Не ратуюць бо ні маскі, ні пальчаткі, ні прышчэпкі.

«Катэгарычна адмовіліся адпяваць яго ў храме»

У першую хвалю каронавіруса памерлых ад ковіда хавалі ў закрытай труне і сваякі не маглі з імі развітацца. Але цяпер, па словах супрацоўнікаў рытуальных агенцтваў, труны з такімі нябожчыкамі па жаданні сваякоў адкрываюць.

— Раней людзі баяліся заразіцца ад памерлага каронавірусам. Цяпер яны ўжо прывыклі да гэтай хваробы, таму, калі просяць — мы адкрываем труну, — распавядае мужчына ў іншым рытуальным агенцтве. — Праўда, нябожчыка па-ранейшаму не цалуюць, блізка да яго не падыходзяць і ніяк не кантактуюць. Нават у катафалку з намі не едуць. Проста здалёку глядзяць на памерлага.

Правіла «не кантактаваць з памерлым» прытрымліваюцца не толькі сваякі, але і святары, якія не адпяваюць памерлага ад каронавіруса ў храме.

— Цэрквы катэгарычна адмовіліся адпяваць памерлых ад каронавіруса ў храме. Таму цяпер у асноўным памерлых возяць у рытуальныя залы. Бацюшка прыязджае туды, адыходзіць далей ад труны і адпявае, — распавялі ў агенцтве.

«Падаражэнне выклікана ўсеагульнай інфляцыяй»

З ростам колькасці пахаванняў ў Баранавічах выраслі і кошты на паслугі тых, хто іх праводзіць. Прычым, як адзначаюць самі супрацоўнікі, у некаторых агенцтвах яны выраслі настолькі, што людзі папросту не ўкладваюцца ў дапамогу на пахаванне.

— Падаражанне выклікана ўсеагульнай інфляцыяй. Даражэе ўсё: камуналка, паліва, адпаведна, і нашы паслугі. За год я не ўспомню нічога, на што цана стабільна трымалася б, — кажа работнік іншай пахавальнай канторы. — Але ў нас чалавек цалкам сабе можна ўкласціся ў дапамогу на пахаванне, а ў некаторых канкурэнтаў на тыя ж паслугі трэба ледзь не дзве такія дапамогі.

Разам з тым, кажа мужчына, для кліентаў пахавальных агенцтваў рост коштаў, які адбыўся да чацвёртай хвалі каронавіруса, не асабліва прыкметны, таму што кошты на тавары і паслугі павышаліся патроху на працягу года.