«Нельга даваць уладу нягоднікам. У медыцыне — асабліва». Што вядома пра доктара Мартава, якога затрымалі ў Расіі?

Сёння стала вядома, што беларускі доктар Уладзімір Мартаў затрыманы пад Санкт-Пецярбургам. Ён быў першым з тых, хто не збаяўся ўзвысіць голас наконт злачынстваў сістэмы падчас эпідэміі каронавіруса, за што быў звольнены. З яго выказванняў вынікае, што доктар Мартаў – надзвычай разумны, сумленны чалавек з палымяным сэрцам. 

Уладзімір Мартаў. Фота: Имена

Уладзімір Мартаў. Фота: Имена

«Не хачу перагортваць старонку дзеля таго, каб проста пракарміцца»

У інтэрв'ю TUT.BY ад лістапада 2020 года Уладзімір Мартаў распавядаў пра сябе наступнае:

 Я — з медыцынскай сям'і: бацька — хірург, прафесар, мама — інфекцыяніст. Медыкі — жонка, сястра, муж сястры. 10 гадоў я адпрацаваў у 1-й гарадской бальніцы. Потым з бацькам мы перайшлі ў БХМД. Працаваў тут анестэзіёлагам. А апошнія гадоў пяць загадваю аддзяленнем анестэзіялогіі і рэанімацыі.

Пасля звароту да тагачаснага міністра аховы здароўя Піневіча аб аварыі на кіслароднай станцыі Віцебскай лякарні і гібелі пацыентаў з Мартавым не прадлілі кантракт.

Пасля звальнення доктар з’ехаў на вёску, дзе правёў некалькі спакойных месяцаў вымушанага адпачынку.

Уладзімір Мартаў

Уладзімір Мартаў

Мартаў атрымліваў прапановы працы за мяжой, але прынцыпова не хацеў з’язджаць. У Беларусі ў лепшым выпадку яму прапаноўвалі «падпрацоўку».

«Прапановы проста падпрацаваць, каб перасядзець,мне не падыходзяць. Я не хачу перагортваць старонку дзеля таго, каб проста пракарміцца. Вось такі лозунг у мяне», — казаў Мартаў у інтэрв’ю «Нашай Ніве».

«Адчуванне акупацыйнага рэжыму вельмі яўнае»

Уладзімір Мартаў нарадзіўся ў 1968 годзе. Ён параўноўваў атмасферу, што панавала ў краіне за савецкім часам, з рэжымам Лукашэнкі:

«Cённяшні час не падобны на той усё ж. Бацька мой быў прафесар хірургіі. Ён мне казаў, што такога жудаснага кадравага адбору ў савецкія часы не было. Там дурняў наверсе не трымалі. Людзі хаця б умелі вырашаць пытанні і кіраваць. Такога, каб проста за лаяльнасць трымалі, каб ад чалавека нешта залежала, а ён быў зусім дурань — такога не было. А цяпер гэтага хапае. І не сёння пачалося і не толькі ў медыцыне.

І такога падзелу на «яны» і «мы» не было.

А сёння адчуванне акупацыйнага рэжыму вельмі яўнае. Я прыязджаў год таму ў Мінск, у верасні 2020-га, і было проста непрыемна хадзіць — бо ходзіш па акупаваным горадзе.

І сёння я перастаў ездзіць у Мінск праз гэтае адчуванне».

«Нам проста забаранілі прафесійна рыхтавацца ды кавіду»

Уладзімір Мартаў быў адным з першых лекараў, якія не збаяліся адкрыта і прама казаць пра пагрозы і наступствы каронавіруснай інфекцыі.

Ён прызнаецца: тое, што змаганне з новай інфекцыяй будзе надзвычай цяжкім, было зразумела ад пачатку, але ж лекары былі ўпэўненыя ў поспеху.

«Мы ведалі, што пры належнай арганізацыі і правільным падыходзе мусім справіцца. І па вопыту Германіі, іншых развітых краін мы разумелі, што там шмат хворых, памерлых, ім было цяжка — але яны справіліся. І ў мяне была ілюзія, што мы таксама мусім справіцца з кавідам, у чым праблема?» — казаў доктар у размове з «Нашай Нівай» ад 2021 году.

Што здарылася ў выніку? «Мы правалілі ўсё арганізацыйна. Нам проста забаранілі прафесійна рыхтавацца ды кавіду, бо было прынятае рашэнне: «Нічога страшнага, і так перажывем, нічога не трэба рабіць». І для прафесіянала – гэта дзіка. Але вертыкаль так званая забараніла панікаваць, а панікаваць значыла ў тым ліку рыхтавацца ды пандэміі», — распавядаў Уладзімір Мартаў.

На гэтым драматычным фоне лекар ставіць дыягаз тым, хто кіруе беларускай мідыцынай:

«Чым займаецца Мінздароўя і ўся сістэма аховы здароўя? Яна зусім не пра медыцыну, пра гэта там і гаворкі няма. І каранавірус гэта паказаў».

«Статыстыка зверху не мае нічога агульнага з тым, што падаюць дактары»

«Падчас маёй працы былі эпізоды, калі ў нашай бальніцы памерла 7 чалавек за адно дзяжурства. І ў калег у суседняй бальніцы таксама памерла сямёра. І гэта толькі Віцебск! А афіцыйная статыстыка мне кажа: памерла 7 чалавек па ўсёй краіне. Выглядае проста смешна», — распавядаў Уладзімір Мартаў.

«Статыстыка зверху не мае нічога агульнага з тым, што падаюць дактары. Мо год таму мы падавалі рэальныя лічбы, і зразумела, што афіцыйныя лічбы малюем не мы і нават не Аблздароўя, а вышэй».

Уладзімір Мартаў з калегамі. Фота: Facebook

Уладзімір Мартаў з калегамі. Фота: Facebook

Мартава звольнілі за зварот да міністра Піневіча

7-8 студзеня ў Віцебскай гарадской клінічнай бальніцы хуткай медыцынскай дапамогі адбываліся перабоі з падачай кіслароду хворым. Гэта магло быць прычынай смерцяў пацыентаў.

«У тыя дні адбыўся маштабны збой. Гэта надзвычайнае здарэнне «замялі пад дыванок».

Мой зварот да міністра Піневіча меў следствам маё звальненне.

Дасланая камісія Міністэрства аховы здароўя не вывучала гэтыя падзеі: яна правярала, ці правільна мы лечым кавідных пацыентаў», — пісаў Уладзімір Мартаў на сваёй старонцы ў Facebook.

Міністэрская камісія не толькі не вывучала катастрафічныя падзеі, але і дала Мартаву вымову.

Уладзімір Мартаў. Фота Имена

Уладзімір Мартаў. Фота Имена

«Пацыенты застаюцца ў закладніках непрафесійных менеджэраў. Чарговы збой можа здарыцца ў любы дзень.

Падача кіслароду не залежыць ад таго, заг. аддзяленнем рэанімацыі апазіцыянер ці не. Палітызацыя пытання — гэта пра што? А гэта яно самае: «Патрыятызм — апошні прытулак нягодніка...», — напісаў доктар.

Пазней ён зрабіў яшчэ адну выснову з гэтай трагедыі:

«Нельга даваць уладу нягоднікам. У медыцыне — асабліва, таму што будзе бяда.

Збой у бальніцы — гэта не дадатак вагі ў краме або падман на аўтасэрвісе. Людзі, якія прыходзяць у медустанову, не павінны баяцца, што іх «развядуць». Кошт — здароўе, жыццё, лёс. Кісларод — гэта толькі адзін з эпізодаў, вельмі значны. Наогул у сістэме такога шмат».

Уладзімір Мартаў. Фота Belsat

Уладзімір Мартаў. Фота Belsat

«Абмеркаванне праблем медыцыны ўжо з'яўляецца нагодай для крымінальнай справы»

«Разумееце, што бачна нават у апошнія месяцы: медыкаў звальняюць, яны з’язджаюць, іх арыштоўваюць. А гэта нікога не цікавіць і ніяк не ўплывае на ход сістэмы. З пункту гледжання медыцыны гэта катастрофа, а з пункту гледжання сістэмы — «па барабану», і без іх абыдземся.

Трэба, каб на першым месцы ў медыка стаяў вопыт, прафесійныя навыкі — а гэта нікому не трэба, сёння не ў гэтым справа. Галоўнае — маўчаць.

Вы моўчкі працуйце, пасля робіце тое, што кажуць, пасля можа не хопіць сродкаў абароны, а можа вы нават і памраце — але гэта няважна, галоўнае, каб усё было ціха. Гэта дзіўная сістэма, дзіўная», — казаў Уладзімір Мартаў «Нашай Ніве».

У іншым інтэрв’ю доктар распавёў:

«Калі мяне звольнілі, у маім аддзяленні ўзнік дэфіцыт лекараў. І на працу ўзялі людзей, якіх нельга дапускаць да медыцыны. Быў чалавек, які скончыў медвуз, аднак дрэнны доктар, мы ад яго пазбавіліся. Але калі лекараў не хапала, яму патэлефанавалі: прыходзьце дзяжурыць.

Пазіцыя начальніка: у яго ёсць дыплом. Калі нешта наробіць, будзе адказваць. А што медыцынскіх памылак стане больш, дык ніхто пра гэта не даведаецца.

Такія пытанні сістэма вырашае проста: закрыць статыстыку і перастаць гэта абмяркоўваць. Што і адбылося. Аб недахопе медыкаў пішуць толькі ў незалежных медыя. Для дзяржвыданняў гэтай тэмы няма.

Я не здзіўлюся, калі ў Беларусі абмеркаванне праблем медыцыны ўжо з'яўляецца нагодай для крымінальнай справы. Прынамсі, калі я выходзіў з турмы, мяне на гэты конт крыху папярэдзілі».

Планаваў выдаць кнігу пра досвед барацьбы з каронавірусам

«Тыя падзеі зрабілі на мяне моцнае ўражанне. Пакінулі глыбокі след не толькі ў сусветнай гісторыі, але і ў гісторыі нашай краіны.

Другі момант: я з вялікай павагай стаўлюся да Святланы Алексіевіч. Шмат чытаў, у мяне ёсць пяцітомнік яе твораў. Вельмі імпануе жанр нон-фікшн, калі людзі расказваюць гісторыі, і іх трэба проста сабраць, апрацаваць, нічога не прыдумляючы. Кніга вяртае мяне ў тыя часы, дапамагае асэнсаваць кавід у жыцці беларусаў», — казаў Уладзімір Мартаў «Позірку».

Спадзяемся, свет яшчэ ўбачыць гэтую неабходную для беларускай гісторыі кнігу. Як казаў сам спадар Уладзімір, «калі гэта забудзецца — будзе вельмі шкада. Гэта будзе няправільна».

Пра вайну ва Украіне Мартаў даведаўся за кратамі

23 лютага 2022 году доктара арыштавалі за бел-чырвона-белы сцяг на аватарцы ў сацсетцы.

«21 лютага выйшаў апошні, сёмы эпізод першай часткі падкасту «Доктар Мартаў. На вайне з COVID-19» (падкаст быў зроблены на падставе першай часткі кнігі доктара Мартава «Віцебск — Бергама», прысвечанай першай хвалі пандэміі каранавірусу).

У гэты дзень, як мне патлумачылі, адбыўся званок у Віцебскую і ў Лепельскую пракуратуру і РУУС. 22 лютага ў мяне быў вобшук, і мяне арыштавалі. 23 лютага адбыўся суд, на якім я атрымаў 7 сутак. Фармальна за бел-чырвона-белыя колеры», — распавядаў спадар Уладзімір.

5 сутак з прысуджаных сямі доктар прасядзеў у «адзіночцы».

«З першага каналу беларускага радыё нельга было зразумець, што пачалася вайна. Былі нейкія словы, выступаў Лукашэнка, і я не зразумеў, што пачалася вайна, да таго моманту, як да мне ня трапілі першыя сукамернікі на шостыя суткі.

Тады я даведаўся, што пачалася вайна, што на Украіну напалі, у тым ліку з тэрыторыі маёй роднай Беларусі. Я гэтым быў шакаваны больш, чым тым, што я сеў у турму.

З турмы я выйшаў у іншую рэальнасьць, бо пачалася вайна, і мы ў ёй удзельнічаем. І закрываць вочы на гэта нельга. Гэта, канешне, катастрофа», — казаў доктар.

«Я прынцыповы праціўнік ад’езду»

Уладзімер Маратаў называў сябе «прынцыповым праціўнікам ад’езду»

«Не хачу з’язджаць, пакуль гэта магчыма, пакуль няма пагрозы бяспецы», — казаў доктар у інтэрв’ю.

Праз палітычны пераслед Мартаву ўсё ж давялося пакінуць краіну. На жаль, з’ехаў доктар не дастаткова далёка, каб вырвацца з кіпцюроў рэжыму.

Сёння, 15 мая, стала вядома, што Улазіміра Мартава затрымалі ў Мурына пад Санкт-Пецярбургам.