У Віцебску збіраюць подпісы з просьбай не звальняць лекара Уладзіміра Мартава
У Віцебску збіраюць подпісы ў падтрымку лекара. Жыхары горада плануюць звярнуцца ў галоўнае ўпраўленне па ахове здароўя Віцебскага абласнога выканкама з просьбай не звальняць загадчыка аддзялення анестэзіялогіі і рэанімацыі БХМД Уладзіміра Мартава.

Створана электронная петыцыя. «Мы лічым, што ў XXI стагоддзі звальненне за праўду бесчалавечнае!» — кажуць яе аўтары.
Трэцяга красавіка ў Мартава заканчваецца кантракт. Адміністрацыя лякарні апавясціла медыка, што працягваць кантракт з ім не будуць…
У першую хвалю COVID-19 Мартаў распавядаў пра сітуацыю ў лякарні — пра тое, што дзяржава, па сутнасці, кінула медыкаў сам-насам з невядомай хваробай, а дапамагаюць пераважна валанцёры. Аўтары петыцыі перакананыя, што Мартава звальняюць за яго сумленную і адкрытую пазіцыю.
На раніцу чацвярга пад петыцыяй падпісаліся больш за 1100 чалавек.