Палітзняволеная пенсіянерка Алена Гнаўк ужо два тыдні знаходзіцца ў карцары
65-гадовую актывістку Алену Гнаук ўжо два тыдні трымаюць у карцары. Пра гэта дзеці палітзняволенай расказалі ў яе інстаграме.

Паведамляецца, што Алену Гнаук змясцілі ў карцар праз «невыкананне правілаў СІЗА», прычым пра якія менавіта правілы ідзе гаворка, не ўдакладняецца. Вядома таксама, што пенсіянерка пачала пісаць у зняволенні кнігу, якую плануе назваць «Рэпартаж з карцара».
Яшчэ 17 чэрвеня Алену Гнаук прызналі вінаватай па двух артыкулах Крымінальнага кодэкса. Палітзняволенай прысудзілі тры з паловай гады калоніі агульнага рэжыму і штраф у памеры 3200 рублёў.
З 2020 года Алену Гнаук мэтанакіравана пераследавалі: затрымлівалі і арыштоўвалі па адміністрацыйных артыкулах 17 разоў, штрафавалі агулам на 173 базавыя велічыні, дома праводзілі ператрусы, асудзілі па «справе карагодаў» і за абразу Лукашэнкі па крымінальных артыкулах. Пад вартай Алена ўтрымліваецца ўжо пяць месяцаў. У траўні 2022 года яна трымала галадоўку за кратамі.