Золата… змолата
Узяўся за яйкі, прапала малако. Гэты афарызм, які нарадзіўся напрыканцы 1998 года, калі дзякуючы дзяржаўнаму рэгуляванню з продажу пачалі па чарзе знікаць асноўныя харчовыя тавары, можна лічыць універсальным вызначэннем эканамічнай палітыкі «вертыкалі» на ўсім працягу яе існавання.
Узяўся за яйкі, прапала малако. Гэты афарызм, які нарадзіўся напрыканцы 1998 года, калі дзякуючы дзяржаўнаму рэгуляванню з продажу пачалі па чарзе знікаць асноўныя харчовыя тавары, можна
лічыць універсальным вызначэннем эканамічнай палітыкі «вертыкалі» на ўсім працягу яе існавання.
Пачыналася з «адкручвання» коштаў на «сацыяльна важныя» тавары, потым калгасам прапаноўвалася штурмаваць банкі (ідзіце і вазьміце ў іх грошы, хай толькі
паспрабуюць не даць), потым быў задушаны фондавы рынак, потым прэзідэнт пачаў «раздаваць» тыя ж калгасы так званым «эфектыўным уласнікам»...
Усяго і не пералічыш. І што не мера, то звышардынарная. Калі перагартаць спіс хібаў эканамічнай палітыкі, які ёсць у кожным падручніку, то не знойдзеш такога, які б не ўтварыла
«вертыкаль».
Возьмем улюблёнае для афіцыйнай прапаганды пытанне сацыяльных стандартаў і гарантый. Яно на самай справе актуальнае не толькі ў Беларусі, а ў кожнай цывілізаванай (нават не вельмі) краіне. Прыкладам,
напачатку 90-х гадоў у краінах Балтыі ўзгоднены з прафсаюзамі і працадаўцамі і зацверджаны дзяржавай памер мінімальнай аплаты працы складаў каля 100 долараў штомесяц, такому ж узроўню адпавядаў памер
дапамогі па беспрацоўю, мінімальнай пенсіі.
Па тым часе гэтая «мінімалка» для краін, якія толькі распачалі рынкавую трансфармацыю, была вельмі адчувальнай. Але яе памер вызначаўся менавіта патрэбамі рынка. У прыватнасці,
рынка працы. Працоўная сіла на самай справе рэч вельмі дарагая, бо яе вартасць вызначаецца коштам усіх неабходных для яе ўзнаўлення сродкаў.
Гандляр, той самы капіталіст, як вучылі ў школе, імкнецца зэканоміць выдаткі на яе эксплуатацыі. Каб гэтага не адбылося, усталёўваецца такі вось высокі мінімум. Сярод капіталістаў трапляюцца не
толькі сквапныя, але і не надта ўмелыя. Яны не могуць так паставіць справу, каб атрымоўваць дастатковыя прыбыткі, плаціць падаткі і прыстойныя заробкі. А гэта значыць, што такія фірмы павінны
збанкрутаваць, пазбаўляцца правоў марнаваць эканамічныя даброты, сярод якіх працоўная сіла займае цэнтральнае месца і па важнасці, і па вартасці.
Так праводзілася сацыяльна-эканамічная селекцыя, у выніку якой у эканоміцы заставаліся толькі эфектыўныя бізнэсоўцы, а менавіта тыя, хто мог арганізаваць рацыянальную і эфектыўную эксплуатацыю
працоўнай сілы. Плаціць за працу ў адпаведнасці з агульнымі стандартамі годнага жыцця, з аднаго боку, і стымуляваць працоўных лепш працаваць на сябе, на фірму, на краіну праз падвышэнне заробкаў і
індывідуальных заахвочванняў.
Зразумела, гэты працэс меў асаблівасці, бо вызначаўся сацыяльна-эканамічнай спецыфікай, у краінах Балтыі, Польшчы, Чэхіі, Славакіі, Вугоршчыне. Называю краіны, якія па розных параметрах маюць
падабенства да Беларусі. На жаль, у нас усё рабілася не так. Калі, прыкладам, у Літве, імкліва і радыкальна трансфармавалася сельская гаспадарка, у нас зноў «на шчыт» падымалі
калгасы, «гэтыя буйнатаварныя гаспадаркі новага тыпу».
У такой пастаноўцы пытання было вельмі шмат прапагандысцкай траскатні і вельмі мала эканамічнага сэнсу. Бо пры дзяленні вартасці, створанай шараговым калгасам таварнай прадукцыі на колькасць
калгаснікаў, прадукцыйнасць працы аказвалася прыкладна такой жа, як у сям’і сельскіх пенсіянераў. Хоць радуйся, хоць плач ад роспачы.
Зразумела, такі падыход у вялікай ступені вызначаўся электаральнымі патрэбамі ўлады, бо забяспечваў адносна танны подкуп выбарцаў. Формула простая: мы вам калгас, а вы нам — галасы на
выбарах. Прынамсі, да самага канца 90-х гадоў заробкі калгаснікам, вельмі невялікія ў параўнанні з сярэднімі, выплачвалі з велізарнымі затрымкамі. Магчыма, што яны больш і не зараблялі, але палітыкі
нічога не рабілі, каб яны на самай справе зараблялі болей праз падвышэнне прадукцыйнасці. Эфектыўнасць, якую згадвалі на кожнай нарадзе, разглядалася як пажаданы, але пабочны эфект. Галоўнае было
захаваць стабільнасць і ўладу. Адсюль усе гэтыя «дажынкі» і ўхвалы «рукам, што пахнуць хлебам». І нейкая міфічная даярка, якая «получает 1000
долларов», пра якую распавёў расійскім журналістам Лукашэнка колькі год таму.
Такім чынам, эканомікай, якая змушае вызначаць памеры заробкаў эфектыўнасцю вытворчасці, тут і не пахла. Галіна, на якую дзяржава ахвяравала велізарная сродкі, працавала з адмоўнай рэнтабельнасцю. З
гэтай нагоды яе запазычанасці, па савецкай завядзёнцы, проста спісваліся. У выніку ўжо не расце нават валавы аб’ём вытворчасці сельскагаспадарчай прадукцыі. Як паказалі апошнія падзеі на
харчовым рынку, нават пасля маштабнага падвышэння спажывецкіх коштаў, на ўнураным рынку ўзнік і паглыбляецца дэфіцыт, які прымае ўсе прыкметы таварнага голаду. Напрыканцы вясны на прылаўках нават
бульбы не аказалася. Хаця ўся ўладная вертыкаль сцвярджала — бульба ёсць, і нават распачала будаўніцтва новых бульбасховішчаў.
Неэфектыўнасць сельскай гаспадаркі не была б такой відавочнай, каб эфектыўна працавалі іншыя галіны эканомікі. Унёсак сельскай гаспадаркі ў вытворчасць ВУП складае меней 10%. Таму яе хібы можна было
б кампенсаваць звычайным пераразмеркаваннем сродкаў. Гэта, вядома, непажадана, але так робіцца ў іншых краінах. Там, дзе ёсць сапраўдныя фермеры або іншыя арыентаваныя на эфектыўнасць прадпрыемствы,
на самай справе дзейнічаюць ва ўмовах канкурэнцыі і імкнуцца працаваць лепей.
Некалькі месяцаў таму Лукашэнка праводзіў фотасесію на фоне залатых запасаў краіны. Сёння ў ролі рэквізіту выкарыстоўваюцца спелыя пачаткі кукурузы. Таксама золата, але...