Журналістам забаранілі расследаваць карупцыю? Эксперт пра папраўкі ў КаАП і КК аб персанальных даных

З 1 сакавіка ў Беларусі пачала дзейнічаць новая рэдакцыя КаАП, у якой прапісана пакаранне за збор і распаўсюджванне персанальных даных. Калі раней за гэта маглі караць службовых асоб, якія маюць доступ да такіх даных, то цяпер — каго заўгодна.

Аляксей Казлюк, фота з Фэйсбука

Аляксей Казлюк, фота з Фэйсбука

аксама нядаўна стала вядома аб падрыхтоўцы паправак у КК, якія могуць прыняць ужо вясной. Папраўкі робяць больш жорсткімі адказнасць за збор і распаўсюд інфармацыі аб прыватным жыцці.
Якія наступствы гэта пацягне для грамадства? Ці змогуць журналісты працягваць рабіць расследаванні? Або пошук і публікацыя інфармацыі зараз па-за законам? Ці стануць новаўвядзенні яшчэ адным інструментам ціску на незалежныя СМІ? Пра гэта Reform.by пагаварыў з Аляксеем Казлюком, праваабаронцам і экспертам у сферы абароны персанальных даных ініцыятывы «Human Constanta».
— Для пачатку растлумачце, калі ласка, што такое інфармацыя аб прыватным жыцці, а што —  персанальныя даныя? На першы погляд можа здацца, што гэта адно і тое ж.
— Глядзіце, у заканадаўстве РБ ёсць адказнасць за ўмяшанне ў прыватнае жыццё і за разгалошванне інфармацыі аб прыватным жыцці, якое пацягнула за сабой шкоду для пацярпелага. Але што такое прыватнае жыццё, у заканадаўстве дакладна не вызначана. Гэтае паняцце ўсё яшчэ тлумачыцца дактрынальна на аснове нейкіх агульных паняццяў. Прыватнае жыццё — гэта нейкая сфера, у якую чалавек не хацеў бы, каб урывалася дзяржава або іншыя людзі. У тэорыі мы вызначаем прыватнае жыццё чалавека межамі, праз якія ніхто не можа пераступаць без згоды гэтага самага чалавека. Умяшаннем у прыватнае жыццё можа быць таемны відэазапіс, праслухоўванне чалавека, прагляданне яго асабістай перапіскі. Таемнае відэаназіранне за чалавекам на працоўным месцы таксама можа быць умяшаннем у прыватнае жыццё, калі чалавек не быў папярэджаны. Калі мы гаворым пра практыку, то ў 2014 годзе была ўзбуджаная справа ў дачыненні да дырэктаркі завода «Слодыч», якая незаконна праслухоўвала сваіх супрацоўнікаў. Тады суд палічыў, што гэта быў незаконны збор інфармацыі аб прыватным жыцці. Тут, вядома, відавочнае парушэнне і ўмяшанне ў прыватнае жыццё. Але спіс таго, што адносіцца да прыватнага жыцця, вы ў беларускім заканадаўстве нідзе не знойдзеце.
Пяройдзем да персанальных даных. Абарона персанальных дадзеных выцякае з права на павагу прыватнага жыцця, але пры гэтым паміж двума гэтымі паняццямі істотная розніца. Усе правілы, датычныя парушэння прыватнага жыцця, накіраваныя на аднаўленне парушанага права. То-бок, калі ўжо адбылося нешта, што нанесла шкоду, і трэба пакараць вінаватых. А з персанальнымі данымі асноўная мэта рэгулявання — не дапусціць умяшальніцтва ў прыватнае жыццё. Таму ўсталёўваюцца пэўныя правілы абыходжання з персанальнымі данымі. У адрозненне ад прыватнага жыцця, спіс таго, што адносіцца да персанальных даных, дакладна прапісаны ў заканадаўстве. Але мы не можам адназначна сказаць, дзе надыдзе рызыка парушэння прыватнасці жыцця асобы, дзе тая мяжа, калі пры апрацоўцы дадзеных можа парушыцца прыватнае жыццё. Адзінага прававога акта, які рэгулюе пытанні працы з персанальнымі данымі, на цяперашні момант у Беларусі няма.

Reform.by: У Законе «Аб інфармацыі, інфарматызацыі і абароне інфармацыі» замацавана: персанальныя дадзеныя — асноўныя і дадатковыя персанальныя даныя фізасобы, якія падлягаюць, у адпаведнасці з заканадаўчымі актамі Рэспублікі Беларусь, занясенню ў рэгістр насельніцтва, а таксама іншыя даныя, якія дазваляюць ідэнтыфікаваць такую асобу. Пералік персанальных даных можна знайсці ў законе 2008 года «Аб рэгістры насельніцтва». Гэта даныя ад нумару пашпарта і даты нараджэння да імёнаў мужа і жонкі, месца вучобы і працы. 13 чэрвеня 2019 Палатай прадстаўнікоў быў прыняты ў першым чытанні праект Закона «Аб персанальных даных», аднак пасля гэтага праект больш не разглядаўся, калі закон будзе прыняты і ўступіць у сілу, невядома. У законапраекце прапісана, што персанальныя даныя — гэта любая інфармацыя, якая адносіцца да ідэнтыфікаванай фізічнай асобы або фізічнай асобы, якая можа быць ідэнтыфікавана на падставе такой інфармацыі. Ён забараняе збор, апрацоўку і распаўсюджванне персанальных даных без згоды чалавека. Але ёсць выключэнні — напрыклад, для СМІ, калі гаворка ідзе пра інфармацыю, важную для інтарэсаў грамадства.


— Можаце прывесці прыклад розніцы паміж парушэннем абыходжання з персанальнымі данымі і ўмяшаннем ў прыватнае жыццё?
— Просты прыклад: надпіс на плоце з вашым імем — гэта разгалошванне вашых персанальных даных, але калі да імя на плоце яшчэ падпісаць ваш медыцынскі дыягназ, то гэта можа быць сур'ёзнае ўмяшанне ў прыватнае жыццё. Ступень умяшання залежыць ад дыягназу. Калі падпішуць, што ў вас ВРВІ, то вас наўрад ці гэта закране, а калі падпішуць, што СНІД, то гэта зусім іншая гісторыя. Гэта тэорыя, але яна важная для юрыстаў. Каб адрозніваць, дзе ў нас парушэнне правілаў апрацоўкі даных, а дзе адбылося нешта, што наносіць відавочную шкоду чалавеку.
— У справе Кацярыны Барысевіч і Арцёма Сарокіна таксама ёсць умяшанне ў прыватнае жыццё?
— Не варта адносіць гэтую справу да ўмяшання ў прыватнае жыццё. У іх абвінавачанні іншы склад злачынства: аб парушэнні медычнай таямніцы. У заканадаўстве прапісана, што такое «медычная таямніца» і з чыйго дазволу яе можна выдаваць.
Артыкул аб парушэнні таямніцы прыватнага жыцця рэдка ўжываўся ў Беларусі. Часцей за ўсё ён тычыўся таямніцы праслушкі і схаванага відэаназірання. Але нядаўна адбыўся прэцэдэнтны выпадак. Суд Першамайскага раёна Мінска 22 студзеня вынес прысуд 56-гадовай паштарцы Ларысе Танкашкур, якая перадала адміністратару тэлеграм-чата асабістыя даныя супрацоўнікаў органаў унутраных спраў (падпісаных на ведамаснае выданне. — заўв. Reform.by). Жанчыну асудзілі на тры месяцы на падставе ч.1 арт. 179 КК аб парушэнні таямніцы прыватнага жыцця. На судзе не разбіралася падрабязна, дзе ў справе прыватнае жыццё, дзе тая самая шкода для прыватнага жыцця пацярпелых сілавікоў. Нязручнасці для іх у чым? Што суседзі коса глядзяць або паведамленні прыходзяць? Гэта не зусім тое, ад чаго павінен абараняць крымінальны закон.
— Цяпер шмат тэлеграм-каналаў, у якія зліваюць персанальныя дадзеныя сілавікоў, суддзяў. Чалавека, які зліў адрас, тэлефон, ПІБ сілавіка, можна прыцягнуць да крымінальнай адказнасці?
— Пашпартныя даныя — гэта персанальныя даныя, але адносіць іх да прыватнага жыцця цяжка. Тое самае тычыцца і тэлефонаў. Інакш атрымліваецца, што велізарная колькасць дзяржаўных органаў з'яўляюцца носьбітамі таямніцы прыватнага жыцця вялікай колькасці грамадзян. А ўсялякія тэлефонныя даведнікі наогул злачынныя. І тут зноў паўстае вострае пытанне: якім чынам дзяржава збіраецца вызначаць умяшанне ў прыватнае жыццё, вызначаць глыбіню гэтага ўмяшання і з якой ступені гэтае ўмяшанне можа карацца законам як крымінальнае злачынства?
— Я правільна разумею, што няма выразных крытэраў, дзе чалавека можна пакараць па адміністрацыйным артыкуле, а дзе — па крымінальным?
— Цалкам дакладна. Пакуль што ўсе гэтыя фармулёўкі вельмі размытыя. Прасцей кажучы, артыкул «Наўмысныя незаконныя збор, апрацоўка, захоўванне або прадастаўленне персанальных даных фізічнай асобы або парушэнне яе правоў, звязаных з апрацоўкай персанальных даных» КаАП не мае ніякага сэнсу без «Закона аб персанальных даных», а закона ўсё яшчэ няма. Артыкул і раней быў каравы, а цяпер ён стаў небяспечным. Гэты артыкул — гэта колы наперадзе каня. Па гэтым артыкуле хочуць прыцягваць да адказнасці за правілы, якіх яшчэ няма.
На дадзены момант ёсць толькі некалькі правілаў працы з персанальнымі данымі. Першае: апрацоўка іх толькі з пісьмовай згоды носьбіта даных. Другое: калі ў заканадаўчым акце не прапісана, што будуць рабіць з маімі персанальнымі данымі, значыць, у мяне павінны ўзяць пісьмовую згоду.
Гэта значыць, яны яшчэ не склалі правілы, а ўжо ўвялі за іх адказнасць. Скажу яшчэ, што ў бягучым заканадаўстве няма нават вызначэння, што сабой уяўляе «збор і апрацоўка» персанальных даных, што сабой уяўляе «парушэнне маіх правоў, звязаных з апрацоўкай персанальных дадзеных». Гэтыя вызначэнні ёсць у законе аб персанальных даных. А закон не прыняты да гэтага часу.

87ea5734_a37c_4d89_8442_1cb638effe1c.tmp

Скрыншот тэкста новай рэдакцыі КаАП, што дзейнічае з 1 сакавіка
Неспадзяванка яшчэ і ў тым, што гадамі ў Беларусі ні адзін бізнес, ні адно прадпрыемства не бралі згоду ў людзей на апрацоўку іх персанальных даных. І цяпер атрымліваецца, што пры жаданні можна кожны бізнес прыцягнуць да адказнасці.
Пад гэтыя артыкулы трапляюць нават работнікі ЖЭС, якія вывешваюць спісы даўжнікоў на стэндах. Нідзе ў заканадаўстве ў іх няма ніякага права вывешваць спісы даўжнікоў, значыць, іх дзеянні падпадаюць пад парушэнне закона аб персанальных даных.
— Змененае заканадаўства пра прыватнае жыццё і персанальныя даныя можа прымяняцца як ціск на журналістаў: пакаранне за збор і распаўсюджванне даных ужо будзе, а выключэнне для працы СМІ, якое прапісана ў «падвешаным» законе аб персанальных даных, яшчэ не запрацуе. Вось ужо 1 сакавіка пачалі дзейнічаць папраўкі ў КаАП. Як вы лічыце, гэтыя папраўкі варта лічыць сур'ёзнай пагрозай?
— Я вельмі сур'ёзна стаўлюся да гэтых паправак, асабліва ў сучасных рэаліях Беларусі, калі закон працуе ў дачыненні да грамадзян вельмі выбарча. Гэта значыць, да ЖЭС і бізнесу гэтыя артыкулы могуць не ўжываць, а журналістаў па іх могуць караць. Важна разумець, што пратаколы па гэтых артыкулах будуць складаць работнікі органаў унутраных спраў, якія не маюць ніякіх кампетэнцый датычна заканадаўства аб апрацоўцы персанальных дадзеных. Яны не змогуць правільна ўжыць нормы заканадаўства. У папярэдняй рэдакцыі КаАП асоба, якая пацярпела, сама ініцыявала адміністрацыйную справу. А цяпер яе могуць ініцыяваць і самі праваахоўнікі, нават калі асоба, чые персанальныя даныя журналісты выклалі, не мае ніякіх прэтэнзій. І гэта вельмі трывожны званочак. Так што так, гэты артыкул можа быць выкарыстаны для ціску на СМІ і інтэрнэт-рэсурсы. І ўжо з першага сакавіка журналістаў могуць штрафаваць па гэтым артыкуле за любое выкарыстанне персанальных даных без пісьмовай згоды іх носьбіта. Нават журналіст зарэгістраванага СМІ можа трапіць пад велізарны штраф.
— Якія наступствы, на ваш погляд, могуць быць ад гэтых паправак?
— Калі папраўкі будуць дзейнічаць без адэкватнага закона аб персанальных даных, мы атрымліваем заканадаўства, якое будзе дазваляць хаваць звесткі пра чыноўнікаў, пра іх маёмасць, пра карупцыйныя схемы. Гэтае заканадаўства будзе выкарыстана для таго, каб хаваць сілавікоў і чыноўнікаў. І, хутчэй за ўсё, будзе выкарыстана вельмі выбарачна. Выглядае, па меншай меры, гэта так. Як юрыст і праваабаронца, я вельмі абураны і расчараваны: ужо няма нават спробы імітаваць закон і вяршэнства права. Важна разумець, што гэта яшчэ адна праява прававога дэфолту.
— Папраўкі ў Крымінальны кодэкс пра «незаконны збор, апрацоўку, захоўванне, прадастаўленне, распаўсюд інфармацыі пра прыватнае жыццё або персанальных даных» таксама збіраюцца хутка прыняць. Што скажаце пра іх?
— Што тычыцца Крымінальнага кодэкса, пакуль проста ідуць нейкія абмеркаванні. І яшчэ незразумела, прымуць яго ці не — гэта першае пытанне (абноўлены КК могуць прыняць ужо гэтай вясной. — заўв. Reform.by). Другое пытанне: калі прымуць, то калі ўвядуць у дзеянне? Могуць увесці праз дзесяць дзён, а могуць і пасля прыняцця закона аб персанальных даных. Але важна таксама разумець, што ў другім чытанні закон аб персанальных даных могуць цалкам змяніць. Той праект, які прыняты ў першым чытанні, — яго можна так-сяк трываць. Але, хутчэй за ўсё, яго ўсё-ткі перапішуць, дзяржава яго дапрацуе ў свой бок. Гэта маё меркаванне. Паглядзім.

screenshot_7_7.jpg.crdownload

Скрыншот публікацыі рэсурса Office Life, у распараджэнні якога апынуўся праект паправак у КК. Нічога больш падрабязнага пра папраўкі пакуль не вядома, афіцыйная інфармацыя бедная.
— Калі папраўкі будуць прынятыя, а закон аб персанальных даных, які дазваляе СМІ збіраць і распаўсюджваць даныя — не, то журналісцкія расследаванні акажуцца па-за законам? Прычым для ўсіх — і для інтэрнэт-рэсурсаў, і для зарэгістраваных СМІ?
— Мяркуючы па папраўках, якія ўвялі ў КаАП і хочуць увесці ў КК, то журналістам нельга будзе наогул нічога. І сесці можна будзе за што заўгодна. Гэта значыць, журналіст павінен мець пісьмовае пагадненне з героем артыкула або расследавання, пра які ён збіраецца пісаць. Свет такога, вядома, яшчэ не бачыў.
Калі ў журналістаў ёсць страх, што забароняць пісаць расследаванні, то ў мяне ёсць страх, што ў нас хутка забароняць адно аднаго называць па імені. Я спадзяюся — калі адкінуць юрыдычныя меркаванні — што журналісты як працавалі, так і будуць працягваць працаваць. Канстытуцыйныя правы важнейшыя за любы артыкул у кодэксе. Так, я гляджу з пункту гледжання юрыста-ідэаліста, але, тым не менш, права шукаць, збіраць, распаўсюджваць інфармацыю павінна быць у прыярытэце. Журналістыка ў Беларусі працягвае працаваць ва ўмовах рэпрэсіўнага заканадаўства. Проста з'явіцца яшчэ адзін рэпрэсіўны артыкул. Я ўпэўнены, што беларускія журналісты знойдуць выйсце.