Жыхара Мазыра могуць пакараць за абразу беларускай мовы
Беспрэцэдэнтны ў гісторыі Беларусі юрыдычны працэс пачаты ў Гомельскай вобласці. Гамяльчанін Ігар Случак дамагаецца адміністрацыйнага пакарання для жыхара Мазыра, былога супрацоўніка Offside.by Дзмітрыя Шчарбатых за публічную абразу беларускай мовы.
Як распавёў І. Случак, ён займаецца навукова-даследчай працай на прадмет таго, наколькі ў Беларусі выконваецца артыкул 17 Канстытуцыі РБ аб дзяржаўных мовах. Акрамя таго, Ігар з'яўляецца вялікім прыхільнікам футбола. Па яго ініцыятыве многія беларускія клубы сталі шырэй выкарыстоўваць родную мову. У межах гэтых інтарэсаў ён перыядычна праглядае футбольныя старонкі ў сацсетках.
— Я праводзіў маніторынг сацыяльных сетак футбольных клубаў, але не з мэтай знайці нейкія абразы беларускай мовы, а наадварот — знайсці новыя факты пашырэння ўжывання беларускай мовы і падзякаваць клубам за гэта, распавесці аб гэтым больш шырока. І я сапраўды знайшоў на старонцы Славіі добры прыклад — новы беларускамоўны білборд клуба, але не толькі яго, але і абразлівы да беларускай мовы каментар. Я прапанаваў чалавеку выбачыцца, але ён зрабіў выгляд, што дрэнна разумее беларускую мову і выбачацца не стаў. Хоць гэты чалавек скончыў Мазырскі дзяржаўны педагагічны ўніверсітэт, працаваў у Інтэрнэт-журнале аб футболе offside.by, МТС і, вядома, не мог не разумець беларускую мову, — распавядае Ігар Случак.
Па словах актывіста, Зміцер Шчарбатых пакінуў пад фота новага беларускамоўнага банэра Ф. К. «Славіі» каментар: «Почему, почему блин, даже хорошее дело — и все равно через ж*пу сделали? Зачем тут вср*лся белорусский язык?». Гэтую фразу, на думку І. Случака, можна трактаваць як абразу, што забаронена артыкулам 9.22 КаАП «Парушэнне заканадаўства аб мовах».
Гамяльчанін пайшоў на прынцып, у выніку чаго з'явіўся зварот у Мазырскі раённы выканаўчы камітэт з просьбай прыцягнуць да адказнасці Д. Шчарбатых за публічную абразу беларускай мовы. Які вердыкт вынесуць чыноўнікі пакуль застаецца загадкай. Аднак Ігар Случак адзначае, што прэцэдэнтаў прымянення названага Закона на практыцы ў гісторыі Беларусі яшчэ не было. Сам Закон, па словах актывіста, з'явіўся ў 1999 годзе па ініцыятыве былога кіраўніка Канстытуцыйнага суда Р. Васілевіча. Аднак ужыванне яго было складаным па чыста тэхнічных прычынах. Прыцягваць да адказнасці па дадзеным артыкуле могуць толькі ўпаўнаважаныя прадстаўнікі мясцовай выканаўчай улады.
У той жа час, заканадаўства аб мовах — даволі складаная і заблытаная сфера, якая патрабуе спецыяльных ведаў, якімі, як правіла, чыноўнікі адміністрацый не валодаюць. Па гэтых прычынах, лічыць Ігар Случак, часцей за ўсё падобныя справы альбо спускаліся «на тармазах», альбо зацягваліся да моманту заканчэння тэрміну прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці. Тым не менш, у гэты раз гамяльчанін настроены сур'ёзна і мае намер давесці пачатае да канца. Ён адзначае, што сярод службовых і афіцыйных асоб у апошні час назіраецца цалкам паважлівае стаўленне да роднай мовы. Прынамсі, абразлівых альбо непаважлівых выказванняў практычна не фіксуецца. І, зусім па іншаму ідуць справы са звычайнымі грамадзянамі, фізічнымі асобамі.
— Цэлая эпідэмія зняваг ідзе якраз у інтэрнэце ад простых грамадзян, які праз свой нізкі культурны ўзровень і прававы нігілізм, падагрэты ў апошні час расійскімі тэлеканаламі выказваюць абразы як у адрас беларускай мовы, так і ў адраз беларускай культуры, а ў цэлым — выступаюць супраць дзяржаўнасці Рэспублікі Беларусь. Таму, хочацца спадзявацца, што калі з’явіцца прэцэдэнт прыцягнення да адказнасці за знявагу беларускай ці любой іншай нацыянальнай мовы, то гэтыя грамадзяне задумаюцца і спыняць знявагі. Расійскія тэлеканалы, што разпальваюць сярод беларусаў нянавісьць гэта адно, але трэба разумець і тое, што ў Беларусі дзве дзяржаўныя мовы — беларуская і руская і яны павінны быць цалкам раўнапраўнымі і абароненымі ад зняваг.Беларускі суверэнітэт і незалежнасць зараз павінна быць галоўнай ідэяй кожнага сапраўднага беларуса, толькі разам мы зможам захаваць сваю краіну, — тлумачыць свае матывы Ігар Случак.
Паводле gomel.today