Жыхар Мазыра заплоціць 4 базавыя за абразу беларускай мовы

Упершыню, пачынаючы з 1999 года, у Беларусі быў прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці грамадзянін, які абражаў родную мову, чым парушыў артыкул 9.22 Кодэкса аб адміністрацыйных правапарушэннях (парушэнне заканадаўства аб мовах).

Дзмітрый Шчарбатых (Фота vk.com)

Дзмітрый Шчарбатых (Фота vk.com)


Пакарання для жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых, які ў інтэрнэце неаднаразова зняважліва выказваўся пра беларускую мову, дамогся жыхар Гомеля Ігар Случак. Ён піша магістарскую дысертацыю на тэму «Прававыя асновы дзяржаўнай моўнай палітыкі ў Рэспубліцы Беларусь», таму апроч адстойвання нацыянальных каштоўнасцяў юрыдычны бок канфлікту яму быў цікавы як частка яго навуковай працы.
Канфлікт, які скончыўся адміністрацыйным пакараннем — штрафам у чатыры базавыя велічыні, пачаўся з каментара былога супрацоўніка сайта offside.by Дзмітрыя Шчарбатых на адной са старонак у сацыяльных сетках. Там абмяркоўваўся новы білборд футбольнага клуба «Славія» (Мазыр) з надпісамі на беларускай мове. Жыхар Мазыра Дзмітрый Шчарбатых пакінуў на старонцы каментар, які абражаў родную мову.
«Я прапанаваў чалавеку выбачыцца, але ён зрабіў выгляд, што дрэнна разумее беларускую мову і выбачацца не стаў, хоць і скончыў ВНУ«», — паведаміў Ігар Случак.
Тады ён звярнуўся ў Мазырскі райвыканкам з просьбай прыцягнуць да адказнасці жыхара Мазыра згодна з артыкулам 9.22 КоАП (парушэнне заканадаўства аб мовах), за публічную абразу беларускай мовы. З выканкама прыйшоў адказ, што з грамадзянінам праведзеная прафілактычная гутарка і «ён усвядоміў свае неправамерныя паводзіны і запэўніў у недапушчальнасці здзяйснення падобных дзеянняў у далейшым».
Такі адказ не задаволіў Случака. «Я зноў прапанаваў Дзмітрыю Шчарбатых выбачыцца, і ён зноў адмовіўся, і пачаў зняважліва выказвацца ў мой бок. Гэта гаворыць, што ён не «ўсвядоміў свае неправамерныя паводзіны». Таму я звярнуўся ў пракуратуру», — дадаў жыхар Гомеля.
Пракуратура дала некалькі адказаў, як і райвыканкам, і ўсё-такі ў выніку жыхар Мазыра быў пакараны штрафам у памеры 4 базавыя велічыні. Запыт Ігара Случака у Інфармацыйны цэнтр МУС паказаў, што з 1999 года грамадзяне не прыцягваліся да адказнасці па артыкуле 9.22 КоАП.
«Юрыдычная рэалізацыя гэтага пытання — прыцягненне да адказнасці за абразу мовы, пакуль не дапрацаваная. На маю думку, і зыходзячы з практыкі прыцягнення да адміністрацыйнай адказнасці за парушэнне заканадаўства аб мовах, неабходна пашырыць колькасць суб’ектаў, якія маюць права складаць пратакол аб адміністрацыйным парушэнні. Паколькі пытанне парушэння моўных правоў даволі складанае і патрабуе спецыяльных ведаў, а складанне пратаколаў аб правапарушэннях і наогул абароны парушаных правоў не з`яўляецца асноўнай дзейнасцю выканкамаў, гэта выклікае ў сваю чаргу не заўсёды правільнае тлумачэнне нормаў, з якімі выканкам сутыкаецца рэдка, што ў сваю чаргу вядзе або да спынення адміністрацыйнай справы, альбо яе зацягвання да такога моманту, калі выходзяць тэрміны прыцягнення да адказнасці. Выканкамы аб`ектыўна не вельмі добра падрыхтаваныя для хуткай і якаснай працы з парушэннямі заканадаўства аб мовах», — пракаментаваў жыхар Гомеля.
Яго прапановы аб удасканаленні заканадаўства праходзілі разам з усёй дыпломнай работай рэцэнзію ва ўпраўленні юстыцыі Гомельскага аблвыканкама і атрымалі добрую адзнаку. Таму, лічыць грамадскі актывіст, варта ўздымаць гэтае пытанне перад ПП НС.
Случак дадае, што ў жыхара Мазыра Дзмітрыя Шчарбатых гэта была не першая абраза роднай мовы публічна, і як доказ прадстаўляе скрыншоты з розных старонак у сацыяльных сетках і на форумах, дзе той неаднаразова зняважліва пісаў пра беларускую мову.
«Трэба спачатку прапанаваць чалавеку выбачыцца, растлумачыць, што ён не мае рацыі, а пасля звяртацца ў органы, якія мусяць пакараць чалавека, калі ён не разумее, што абражаць нацыянальныя мовы нельга. Прэцэдэнт створаны, і спадзяюся, што тыя, хто любяць пісаць зняважліва пра мову, зараз крыху супакояцца», — падагульніў Случак.
Паводле racyja.com