Жыхары Рагачова: рэканструкцыя гораду праводзіцца неэфектыўна. Куды сышлі вылучаныя сродкі?
«Палепшыць інфраструктуру гораду!» З такім заклікам выступаюць рагачоўскія актывісты кампаніі «Гавары праўду».
У другім і трэцім мікрараёнах жыве больш за дваццаць тысячаў чалавек, але месцаў для адпачынку тут няма. Таксама ў горад прыязджаюць турысты, а паказаць ім няма чаго.
Ірына Купцэвіч, актывістка кампаніі «Гавары праўду»:
«Да мяне прыязджаюць сябры і мне проста няма куды іх адвесці, каб яны маглі ацаніць прыгажосць гэтага гораду. Тут няма ніякіх упарадкаваных месцаў культурных, за якія можна было б ганарыцца».
Міхаіл Паплаўскі, дэпутат Палаты прадстаўнікоў:
«Да нас у горад прыязджае вельмі шмат людзей: з Санкт-Пецярбургу і з іншых гарадоў. А вывезці паказаць месца — куды?»
Паводле мясцовых жыхароў, самае прыгожае ў горадзе месца — узбярэжжа Дняпра. Толькі вось на сённяшні дзень акрамя прыбіральні ды апранальні тут больш нічога няма.
Мясцовая жыхарка:
«У нас няма ніводнага пляжу. І калі ісці кудысьці адпачываць, гэта трэба шукаць месца. Каб чыста было падысці — магчымасць была».
У сувязі з гэтым актывісты «Гавары праўду» звярнуліся да
мясцовых уладаў з просьбаю зрабіць ходнікі, альтанкі, пешаходныя масткі ды
лавачкі. Сабралі каля шасцісот подпісаў. Аднак адказ атрымалі стандартны:
грошай няма. Хоць сёлета да Дня пісьменства сродкі на добраўпарадкаванне гораду
вылучылі. Дык куды яны пайшлі? Мы спрабавалі запытацца ў намесніка рагачоўскага
гарвыканкаму Сяргея Дзенісенка, аднак марна.
Мясцовыя жыхары сцвярджаюць, што рэканструкцыя гораду праводзіцца неэфектыўна.
Ірына Купцэвіч, актывістка кампаніі «Гавары праўду»:
«Працы працягваюцца, але гэта не падобна на месца адпачынку, якое будзе зроблена да 4 верасня. Тут працы яшчэ вельмі шмат. А калі яно не будзе зроблена да 4 верасня, пасля грошы проста скончацца і, хутчэй за ўсё, яно дароблена так і не будзе».
Аб бессэнсоўным укладанні грашовых сродкаў у рэканструкцыю гораду кажа і рэканструкцыя вось гэтай дарогі. Пашырэнне да чатырох палосаў значна наблізіла яе да жылых дамоў і зменшыла ахоўную зону.
Мікалай Камароўскі, кандыдат у парламент ад «Гавары праўду»:
«Можна было не пашыраць дарогу, а грошы, якія пайшлі на пашырэнне, выкарыстоўваць у іншых месцах — больш эфектыўна і рацыянальна».
Разам з тым, на вуліцы Леніна рэканструююць паркавую зону. Як сцвярджаюць актывісты, яна і так была ў добрым стане — гэта проста пустое марнатраўства. Сваімі подпісамі людзі хацелі данесці да ўладаў, што для развіцця інфраструктуры гораду ёсць іншыя метады, аднак засталіся не пачутыя.
Кацярына Ерусалімская, belsat.eu