20 незвычайных фактаў пра Якуба Коласа

9 ліпеня 1906 году ў вёсцы Мікалаеўшчына, што на Стаўпеччыне, адбыўся нелегальны настаўніцкі з]езд. Адзін з актыўных ягоных удзельнікаў настаўнік Канстанцін Міхайлавіч Міцкевіч неўзабаве трапляе на тры гады ў турму, з якой выходзіць Якубам Коласам, аўтарам несмяротнай «Новай зямлі».

Паводле заўвагі Леаніда Дранько-Майсюка, Якуб Колас — з тых творцаў, якія верылі: формы жыцця абмежаваныя, а само жыццё бясконцае, бо нt мае межаў. Ён заклікаў свайго чытача шукаць радасць і здаровыя пачуцці (а значыць і віну) у сваёй душы. Не прымаў палітыку дыктату, быў прыхільнікам эвалюцыйных формаў развіцця грамадcтва. Быў упэўнены: чалавек няшчасны таму, што заўсёды блытае дробнае з маштабным, часовае з вечным: «…Калі парушаюцца драбязговыя правы, то чалавек гатоў грызціся за гэта і кусацца зубамі; там жа, дзе разбіваецца сама аснова, прынцыпы, ён пакорна згінае сваю галаву і моўчкі падстаўляе яе пад абух…»*

1) Быў падобны на мушкецёра Аляксандра Дзюма

 

Заір Азгур успамінаў: «Перада мной сядзеў чалавек з вусікамі і з эспаньёлкай у такой задумлівай і рамантычнай позе, што мне ён раптам здаўся падобным на аднаго з герояў Аляксандра Дзюма. Не то Партос, не то нехта другі з мушкецёраў».

2) Зубы вырываў без анэстэзіі

«Учора пайшоў да дантысткі. Сказала, што трэба корань выдаліць. Хацела абязболіць, а я сказаў, што нt варта псаваць дзясну — лепш проста вырваць так. Корань вырвала. „Ну, церпялівы народ — беларусы!“ — пахваліла дантыстка».

3) Любіў дужацца

«Сустрэўся ў вагоне з землякамі. (…) Многа пілі, пробавалі сілу. Я (…) радаваўся (…), што майго пальца не разагнулі мае спадарожнікі…»; Заір Азгур дадаваў: «Якуб Колас быў моцнага складу чалавек, каржакаваты, як дуб, з мускулістай шыяй і дужымі рукамі».

4) Як педагог быў не супраць фізічнага пакарання вучняў

«З дзецьмі сапраўды цяжка (…), ім дадзена самастойнасць, не па ўзросце і не па іх розуму. Ім жа часам ня шкодна даць добрага плескача і паказаць вялікі кулак і аброць…»

 

5) Лічыў сваіх сямейнікаў лайдакамі

«На жаль, (…) у маёй сям’і праца выклікае агіду (…) асабліва сярод нявестак. (…) Рабіць нічога ня робяць (…), ні тая, ні другая не прыбярэ за сабой пасцелі, не памые талеркі і міскі. Я проста дзіўлюся, як гэта нашу моладзь адбіла ад працы. Ды і навошта ім працаваць (…), калі ў доме тры работніцы. Яны іх кормяць, абмываюць і дзяцей іх даглядаюць (…) Ды і сыны мае ня рвуцца да фізічнай працы… Унукі… баюся, што з іх выхаваюць лодараў».

 

6) Не падабалася выкарыстанне ў беларускай мове прыназоўніка «ля»

«…часцінка «ля» ня мае ніякага сэнсу, слова, якое трэба выгнаць з практыкі літаратурнага карыстання. Трэба пісаць «каля». Ідучы шляхам такога спрашчэння і скарачэння з прыназоўніка «пры» можна зрабіць «ры». Яно пайшло ад Янкі Купалы. Яму трэба было ў радку вершу зменшыць адзін склад і ён напісаў замест «каля» — «ля».

7) Быў поўнай супрацьлегласьцю Янку Купалу

«Не скажу, каб першы верш мне вельмі спадабаўся і зрабіў на мяне ўражанне. Відавочна, гэта быў не найлепшы твор Я. Купалы, як і некаторыя наступныя (…), часам я бачыў у яго паэзіі некаторую рытарычнасць»; Барыс Мікуліч адзначаў: «Купала быў поўнай процілегласцю Якубу Коласу, сабранаму, пэдантычнаму, сухаватаму, дзелавітаму і з'едліва-саркастычнаму. (…) Яны былі ўзаемна пачцівымі: па-сяброўску насмешлівыя, „добрыя суседзі“, але нам здавалася, што яны ня вельмі моцна адно аднаго любяць».

8) Захапляўся жанчынамі — жонка называла яго «благаняверны»:

Паэт пісаў у адным з лістоў да жонкі: «Марусечка, мая родненькая, сярдзітая на свайго „благанявернага“ (але ты заўсёды памылялася)»; «Святлана?[Сомава — перакладчыца з Ташкенту — аўт.] Мая мара, маё самае лепшае, што дае жыццё. Але яна не хіліцца да мяне. А Маруся? Б’е, ніякай літасці. Божа мой, Божа!»; «Вядома, мае платанічныя захапленні не маглі аставацца незаўважанымі Марыяй Дзмітрыеўнай. Яна гэта цяжка перажывала, але яна ня ведала, што болей дарагога для мяне чалавека, чым яна, не было і няма на свеце і што я быў верны толькі ёй адной»; «Для мяне жанчына — гэта тое самае, што для набожнага хрысціяніна ікона…»

gdb.rferl.org__62e09ce8_511a_4_bc43b49527bcd41e425216436a14dd94.jpeg

Першая злева — каханая паэта Святлана Сомава, затым — Эдзі Агняцвет і узбецкая паэтка Зульфія 1943 г. Ташкент

 

9) Незнаёмыя прыхільніцы прызнаваліся яму ў каханні:

Адной з такіх прыхільніц паэт адказаў: «…Мая мілая незнаёмка! Скажу шчырую праўду: Вашае пісьмо вывела мяне з раўнавагі (…) а што калі б я ня быў тым, чым зрабілі мы ўсе патроху разам мяне такім, якім я ёсьць (…), а калі б я быў просты чалавек (…) дык тады ці напісалі б Вы мне такое душэўнае, такое палкае пісьмо, якое можа напісаць толькі самая святая, нявінная, пылкая моладасць?».

10) Часта паддаваўся вострым смутным настроям:

«Няма смеху. Даўно не смяяўся. Няма радасці — нічога не цешыць. Часамі думаю аба ўсім, што напісаў: напісанае як бы чужое для мяне. Няўжо ўсё гэта вынік няяснага прадчування канца?» «Пуста. Вечарам давалі мяса. Я ня ўзяў. Нёс бутлю з півам, але не сваю. Праводзіў Святлану. Не дайшоў да месца, завярнуў дамоў, сказаўшы: „Далей ні кроку!“ Развітаўся з новым знаёмым, зірнуўшы на Яго зверам».

​11) Стамляўся ад бясконцых просьбаў сваіх землякоў:

«І я часамі кажу сабе: божа мой, божа, нашто я радзіўся ў Мікалаеўшчыне! (…). Я так стаміўся, што хоць бы, як той кракадзіл, закапацца ў цёплы пясок ды хоць з месяц паляжаць у ім». У адным з лістоў да брата Юзіка адзначаў: «Ты пішаш, што я шмат грошай аддаю чужым. Так, браце, прыходзіцца (…) і чужому чалавеку дапамагчы, але гэта мая дапамога няхай не выклікае ў вас зайздрасці і злосці на мяне. Даю, колькі магу, і сваякам, але адчыніць для іх пансіён і ўзяць іх на ўтрыманне я не магу. Няхай (…) знойдуць спосаб, як жыць: няхай навучацца якому-небудзь рамяству — шавецкаму, кравецкаму, сталярнаму і іншаму».

 

12) У дзяцінстве верыў у тое, што разумее мову жаўранкаў

«…мне здавалася, быццам я разумею ўсё, што спявалі гэтыя птушкі. Маё вуха прывыкла адзначаць новыя тоны песень (…) Я памятаю… дзесь у небе (…) кружылася з песьняю жаваранка (…), прыйшла мне ў галаву думка, што жаваранка просіць у Бога пажару. І мне паказалася, што з неба стала падаць штось маленькае цёмнае і ўпала каля маіх ног. Я паглядзеў — на зямлі ляжаў яшчэ не патухлы акурак папяросы…»

 

13) Лічыў, што літоўская Вільня — гістарычнае непаразуменне:

«…У Вільні спыніліся на 2 гадзіны (…) чаму яна ў літоўцаў — гістарычнае непаразуменне…»

 

14) Парторгі і паэты пісалі на яго даносы:

Парторг Акадэміі навук Г. Краснеўскі: "…Колас пачаў скардзіцца на тое, што быццам бы ўсе забылі пра беларусізацыю, што ён, Колас, не чуе нідзе жывога беларускага слова, усе гавораць па-расійску (…) нават сярод беларускіх пісьменнікаў…». Расійскі паэт М. Ісакоўскі (які перакладаў яго творы) быў абураны, калі ўбачыў верш, прысвечаны літаратурнаму аб’яднанню «Полымя»: «Полымя» — гэта контррэвалюцыйная нацдэмаўская арганізацыя (…), не ведаць аб гэтым Колас не мог. Значыць выснова напрошваецца сама — зроблена гэта з варожымі мэтамі".

 

15) Шкадаваў, што «культ асобы» не быў пераадолены яшчэ пры жыцці Сталіна:

Петрусю Броўку Якуб Колас пісаў: «…Тлумачэнне, што тады нельга было пераадольваць, не пераканаўчае: ці мог стаяць высока ў вачах народа чалавек, які ўзяў на знішчэньне і здзек амаль па чалавеку з кожнай сям’і (…)? Аўтарытэт яго быў штучны, узгадаваны на грунце страху за сваё жыццё (…). І мы так запалоханы, што не адважваемся адкрыта гаварыць пра гэта і цяпер».

 

16) На яго працавалі палонныя немцы:

«Вось я ўсё лета клапаціўся, каб зрабіць прыбудоўку і гараж. Зараз гэтыя работы і вядуцца. Нагналі цэлы двор немцаў, а яны робяць як мокрае гарыць. Спалілі палавіну маіх дроў, а работа пасоўваецца марудна».

 

17) Частаваў дзяцей цукеркамі за дэкламацыю яго вершаў:

Юрый Піліпавіч [мой сусед з Курасоўшчыны — аўт.] успамінаў, як ён ды іншыя пасляваенныя мінскія дзеці вучылі вершы Якуба Коласа, прыходзілі да яго ў хату, дэклямавалі, а паэт частаваў іх за гэта цукеркамі, шакаладкамі і яблыкамі.

18) Не любіў пісаць алоўкам:

«…не люблю я пісаць карандашом. Мне ўсё здаецца, што напісанае карандашом ня мае ні вартасці, ні цікавасці».

19) Выступаў за нацыянальную праваслаўную царкву:

У 1922-м годзе падпісаў «Адозву праваслаўным беларусам»: «…праваслаўная царква ў Беларусі менавіта таму, што яна беларуская, з гэтага часу жадае ісці сваім асабістым шляхам (…) Да стварэння роднай царквы, (…) да захавання яе нацыянальнага аблічча мы заклікаем братоў беларусаў…».

20) Як і Кнут Гамсун, любіў адзіноту і глядзеў на каханне — як на пакуту:

«Аб каханні шмат пісаў Кнут Гамсун. Ён хоць і фашыст, але пісьменнік таленавіты. Каханне ён трактуе як пакуту»: «Мая адзінота прыносіць мне найвялікшую радасць. Мне надакучылі людзі, іх нястрымная балбатня».

 Радыё Свабода