«25 сакавіка»: Зміцер Вайцюшкевіч стварыў песню і кліп на верш Уладзіміра Някляева

25 сакавіка да 102-й гадавіны абвяшчэння незалежнасці Беларускай Народнай Рэспублікі грамадскія кампаніі «Будзьма беларусамі!» і «Годна» прэзентуюць кліп і песню «25 сакавіка» ў выкананні Змітра Вайцюшкевіча на верш Уладзіміра Някляева.

vokladka_19.jpg

Зміцер Вайцюшкевіч распавёў пра стварэнне песні:
У студзені я ехаў на машыне і падумаў, што не ведаю песні пра 25 сакавіка, дзе б гучалі менавіта гэтыя словы – 25 сакавіка. Таму я звязаўся з Уладзімірам Някляевым і папрасіў яго напісаць верш. Так нарадзілася песня.


25 САКАВІКА
Калі мы з табой мужчыны,Калі мы не ветры ў полі,Калі любім мы АйчынуЯк сябе – і нават болей,Дык тады скрозь нашы целы,Скрозь пакуты ўсе і боліМіж аблок чырвона-белыхПралятаюць птушкі волі.
ПРЫПЕЎ:25-га сакавікаЛёд зімовы ламае рака,І лунае, як ластаўка,25-га сакавіка. 25-га сакавікаУ руцэ – каханай рука,Напаўняе душу да крайка25-га сакавіка.
Калі мы з табой мужчыны,Калі носім гэта званне,Нам з табой няма спачынуНі ў каханні, ні ў змаганні.У каханні да жанчыны,Што праводзіла ў дарогу,У змаганні за Айчыну,Што нам дадзеная Богам.
Кліп на гэтую песню быў зняты творчым аб’яднаннем «Інакш».

Сёння, 25 сакавіка, Зміцер Вайцюшкевіч стане госцем анлайн-свята «Годны Дзень Волі», якое ладзіць Каманда БНР100.
Абставіны ў Беларусі і свеце вымусілі ўсіх заяўнікаў масавых мерапрыемстваў да Дня Волі адмовіцца ад сваіх планаў. У 2018 і 2019 годзе Каманда БНР100 здолела арганізаваць яркія святы, таму яны вырашылі не пакідаць сябе і беларусаў без Дня Волі і ў гэтым годзе ды арганізаваць адзначэнне БНР102 у новым фармаце, які прадыктавалі час і надзвычайная сітуацыя ў свеце.
Каментуе Павел Белавус:
– Гэта новы і ўнікальны для нас досвед арганізацыі свята ў абсалютна незвычайных умовах. Наша задача – з дапамогай сучасных новых медыя аб’яднаць беларусаў у розных кутках зямлі і праз анлайн-трансляцыю з насычанай праграмай і цікавымі гасцямі стварыць атмасферу агульнай еднасці і салідарнасці, злучыць разам беларусаў, для якіх Дзень Волі – галоўнае нацыянальнае свята, якое трэба годна адзначаць у любых умовах. А яшчэ мы стварылі адмысловую старонку BNR.by, дзе прэзентавалі план дэцэнтралізацыі, які падкажа беларусам, як самастойна адзначыць Дзень Волі.
Трансляцыя анлайн-свята «Годны Дзень Волі» пачнецца ў 18.00 на сайце Hodna.by і ва ўсіх сацыяльных сетках «Годна».
Арганізатары спадзяюцца, што анлайн-трансляцыю падхопяць папулярныя беларускія СМІ і блогеры, а беларусы дапамогуць праз сэрвіс Molamola.by пакрыць выдаткі на яго правядзенне. На дадзены момант сабрана 50% ад патрэбнай сумы. Падтрымаць збор сродкаў можна тут.
Паводле прэс-рэлізу