Віншуем з Днём Волі!

25 Сакавіка — свята вольных людзей, наша свята!

dzen_voli_25777_3.jpg

Дарагія чытачы!
Рэдакцыя «Новага Часу» шчыра віншуе вас са святам Незалежнасці Беларусі!
Няхай хтосьці кажа — куды там да незалежнасці, калі чвэрць стагоддзя жывем пад дыктатурай, пагроза расійскай інтэграцыі нікуды не знікла, эканоміка краіны ў катастрафічным стане, беларуская мова, старажытная культура, сапраўдная гісторыя знішчаюцца і забываюцца, а тут яшчэ і эпідэмія каронавірусу дадае свайго клопату...
Але ж мы мусім памятаць пра тое, што сапраўдная свабода, сапраўдная незалежнасць павінны жыць найперш у нашых сэрцах і нашых думках. Бо воля — гэта не знешні атрыбут, а ўнутраны стан. У тых, хто мае свабоду ўнутры, ніхто і ніколі яе не адбярэ. Наадварот, свабода ўнутраная спрараджае свабоду вонкавую. І ніякі каранцін не можа гэтага адмяніць.
Таму 25 Сакавіка — свята вольных людзей, наша з вамі свята! Бо той падмурак, які заклалі айцы-заснавальнікі Беларускай Народнай Рэспублікі 102 гады таму, нікуды не знік, і мы ўжо многае паспелі пабудаваць на ім. Так, мы не маем нацыянальна арыентаванай дзяржаўнай палітыкі, але ж нам не патрэбныя загады зверху, каб любіць і шанаваць сваё, штодня і паўсюдна карыстацца роднай мовай, працаваць на карысць сваёй краіны. Бо дзяржава — гэта не ўлады, а людзі. 
У Беларусі жыве шмат вольных, разумных, таленавітых людзей, сапраўдных патрыётаў. А таму — жыве Беларусь!