«37-22»: «Купалаўцы» паставілі новы паэтычны спектакль
Рэжысёр Андрэй Саўчанка распавёў пра новы спектакль «купалаўцаў» — «37-22».
«Купалаўцы» прэзентуюць новы паэтычны спектакль «37-22». Дэбютны паказ адбудзецца ўжо на гэтых выходных на фестывалі «Бардаўская восень» у Беластоку.
Пастаноўкай твору займаецца рэжысёр, сцэнарыст і выкладчык Андрэй Саўчанка. Менавіта ён і распавёў радыё «Р*цыя» пра прэм’еру спектаклю, які праводзіць паралелі паміж 1937 і 2022:
— У вас рыхтуецца прэм’ера. Чым гэты твор адметны менавіта для вас?
— Што тычыцца самога твора, то ён для мяне асабіста, спадзяюся і для тых, хто ўдзельнічае ў гэтай працы, — ягоная адметнасць у тым, што ён ствараецца па жывому. Яго прынцып запазычаны ў японцаў, японскіх «рэнгэ».
Мы ўзялі нейкія тэксты 30-х гадоў і звярнуліся да сучасных паэтаў з такой прапановай прачытаць, пачуць гэты верш і адказаць на яго сваім сучасным вершам, напісаным, альбо які пішацца непасрэдна, як водгук.
Таму тканіна тэкстаў, якія складаюцца, якія нараджаюцца, якія спалучаюцца адно з адным, ствараюць нейкі такі сусвет, у якім узнікае прастора для пачуццяў, думак, ідэй, якія звязаныя з тымі часамі, якія звязаны з сённяшнім днём, якія імкнуцца вярнуць у будучыню.
— Цяпер у Варшаве ладзяцца рэпетыцыі гэтага спектаклю, наколькі проста ўсё ідзе?
— Безумоўна, простым гэта не назавеш. Мы сустракаемся з тым, што дзеля таго, каб існаваць у гэтай тэме, існаваць у гэтых тэкстах, трэба нейкі адмысловы настрой. Трэба нейкім чынам свой акторскі інструмент падрыхтаваць, таму гэта адбываецца па ходзе дзеяння, па ходзе працы.
У нас абмежаваны тэрмін для жывых рэпетыцый — і простым гэта не назавеш. Але мы не шукаем нейкіх эфектаў, не шукаем, чым уразіць гледача, мы хутчэй засяроджаны на тым, што адбываецца з намі пры сустрэчы, з тэкстам, адно з адным, з людзьмі, каторых няма, з людзьмі, каторыя ёсць, з людзьмі, каторыя будуць.
Мне вельмі дорага, што акторы не падыходзяць як выканаўцы: «Скажыце нам, што трэба зрабіць, мы зробім». Яны спрабуюць прасякнуцца гэтым, спрабуюць адчуць унутры сябе, як гэта зрабіць. Я б сказаў — прапануюць працэс, і гэта мне вельмі дорага.
— У спектаклі цяпер занятыя нашыя адметныя, выбітныя артысты. Ёсць прапанова іх крышачку прадставіць, натхніцца менавіта гэтымі людзьмі, іх удзелам.
— Днямі ў мяне ўзнікла такая фраза, калі мы абмяркоўвалі ўзровень задач ці ўзровень глыбіні, з якой трэба справіцца, то ўзнікала такое пытанне: ці можам мы гэта зрабіць, ці ўзнікне ў гледача разуменне гэтых глыбіняў? У мяне нарадзілася такое, а да каго мне яшчэ прыйсці, калі не да вас? Хто можа яго зараз уздымаць, хто можа несці, быць носьбітам гэтага? Таму, безумоўна, я ўдзячны Зоі Белахвосцік, Алегу Гарбузу, Алене Зуй-Вайцяхоўскай, Міхасю Зую, Валянціне Гарцуевай і Сяргею Чубу на тое, што яны адгукнуліся, і гэты працэс ідзе.
Прэм’ера спектакля «37-22» адбудзецца 29 кастрычніка ў 19:30 у Беластоцкім тэатры лялек.