Пяць аргумэнтаў на карысьць клясычнага правапісу. Меркаваньне

«Новы час» стаў публікаваць больш тэкстаў клясычным правапісам. На апытаньні, праведзеным у сярэдзіне ліпеня, толькі 6 адсоткаў чытачоў выказаліся, што ім прасьцей чытаць матэрыялы, напісаныя «наркамаўкай». Тым не менш усё яшчэ шырока пашырана меркаваньне, што «тарашкевіца» занадта ўскладненая, ненатуральная й ня мае будучыні.

Полацк, дарэформенны надпіс "Лазьня" на будынку. Фота аўтара

Полацк, дарэформенны надпіс "Лазьня" на будынку. Фота аўтара

Паэт і былы настаўнік беларускай мовы Алесь Мінаў выказаў пяць аргумэнтаў на карысьць «клясычнага правапісу».

Аргумэнт 1. Вымаўленьне

Калі беларус за мяжой размаўляе па-расейску — усё адно яго пазнаюць.


Справа ў асаблівасьцях вымаўленьня. Мілагучнасьць нашае мовы – ня толькі патрыятычны эпітэт, але і вынік сукупнасьці фанэтычных асаблівасьцяў.


Самае цікавае, што граматыка ў большасьці выпадкаў на вымаўленьне ўплыву ня мае. Для мяне і як вучня, а потым і як настаўніка — адной з найцяжэйшых тэмаў была «Артаэпія» — правілы вымаўленьня.


Спачатку некалькі год тлумачыцца, што слова «снег» пішацца бязь мяккага знаку. А ў восьмай клясе дазнаемся, што першы гук усё ж вымаўляецца мякка.


Дык ці стала мова прасьцейшай з прыбіраньнем такога ненавіснага многім таварышам мяккага знаку, калі яго ўсё адно сьлед трымаць у галаве, каб вымаўляць слушна? Пытаньне, як на мяне, рытарычнае.

Пасьля ўрокаў па расейскай мове, даволі проста засвоіць, што ў беларускай таксама «часьціца “не” пішацца нязьменна!» Можа тут сапраўды спрашчэньне, вось зручна та як! Але ж, каб ня быць невукам і гаворыць адпаведна артаэпічным нормам, беларусу зноў варта трымаць у галаве парадыгму: «пішам “не буду”, а вымаўляем “ня буду”, пішам “без волі” — кажам “бяз”».


Правіла максымальна простае, яго памятаюць й тыя, хто беларускай мовай не карыстаўся з выпускных іспытаў: у першым складзе перад націскам… Проста ў пагоні за падабенствам да расейскае мовы, нас абавязалі пісаць «не» й «без» нязьменна.

Аргумэнт 2. «Выключэньні»

З правіла пра правапіс спалучэньняў галосных (5 кляса) у «наркамаўцы» прыбралі «у», стала «радыус», «акварыум», замест «радыюс», «акварыюм» і г.д. Можа падацца, што так прасьцей, ды й гучыць лепей (зноў жа, як у расейскай).


padrucznik1_1.png

Але ж гэтая «прастата» цягне за сабою выключэньне ўжо ў правіле пра правапіс «ў». Даволі шмат абітурыентаў пры напісаньні ЦТ трапляе ў гэтую пастку, забываючыся, што часам «ў» ня пішацца пасьля галосных.


litara_u_u.jpeg

Тое самае і з вялікай «Ў» — «наркамаўкай» яна не прадугледжаная. Хаця вымаўляючы «да ўкраінцаў» і «ва Украіне» — гук «ў» адзін і той жа, незалежна вялікая там літара ці малая.

Аргумэнт 3. Лексыка

Слова «травень» зафіксавана і ў сучасных афіцыйных слоўніках як абсалютны сынонім да «мая». Але ж гэта ўжо пытаньне ня мовы ці правапісу, а сьветапогляду.


Я, працуючы настаўнікам, прынцыпова пісаў на дошцы травень. Калі адміністрацыя школы правярала вучнёўскія сшыткі, адразу ж вынікла пытаньне: «Што гэта?» Давялося несьці слоўнікі, тлумачыць. Але ж што патлумачыш у сёньняшняй Беларусі? «Пішыце “май” — так прынята!» Для мяне гэта дастаткова матывацыя, каб выкарыстоўваць слова «травень». Да таго ж ровар, асадка, імбрык, жаўнер і г.д. — ня проста сакавітыя словы, але й наш адказ на засільле русізмаў, спроба збалянсаваць запазычаньні ў мове.


На жаль, большасьць носьбітаў беларускае мовы, карыстаюцца ёю не з дзяцінства, а пераходзяць у сьвядомым узросьце. Цешыць тое, што цяперашняя беларуская моладзь насуперак выказваньням кшталту «нашто ж тыя састарэлыя і нікому незразумелыя слоўцы», перагортвае старыя слоўнікі, знаходзіць сапраўды сакавітую і выкшталцоную лексыку, пашырае яе ўжытак, узбагачае мову.

Аргумэнт 4. Позірк у гісторыю

Працуючы над літаратурным праектам у Нацыянальнай бібліятэцы, натыкнуўся на невялічкую кніжку, старонкі з якой па сёньня паўстаюць перад вачыма, як толькі чую аргумэнты на карысьць афіцыйнага правапісу.

Пачынаецца яна з прывітальнага ліста «таварышу Сталіну» і дакладу «Класавая барацьба на мовазнаўчым фронце».

 
Акурат гэта ўкрай палітызаваная кніга пра правапіс дала мне адказы на шэраг пытанняў адносна дзіўнаватых правілаў і незразумелых выключэньняў яшчэ са школы.


Вось некалькі прыкладаў абгрунтаваньня:


«У сваёй рабоце — з чым большай пролетарскай ярасцю будзем выкрываць і граміць беларускі нацыяналізм … чым вышэй уздымем і загартуем класавую пільнасць, тым з яшчэ большымі поспехамі пад кіраўніцтвам партыі Леніна-Сталіна пойдзем наперад да новых перамог», — акурат такімі словамі адкрывалася канфэрэнцыя па рэформе беларускага правапісу 1930-ых гадоў.


На думку ўдзельнікаў тае канфэрэнцыі, «са звярынай ненавісцю нацдэмы адносіліся да слоў аднародных з рускай мовай і слоў рускага паходжання». Вось і выніклі словы «пролетарскі», «большэвік», «Совецкі», якім не давялося перажыць выпрабаваньне часам. Але ж нямала штучных русізмаў па сёньня захоўвае афіцыйны правапіс на зло тым самым «нацдэмам».


kniha_00.jpg

Аргумэнт 5. Неўміручасьць

Як філёляг ведаю, што мова — надта жорсткае асяродзьдзе: усё непатрэбнае, лішняе, заскладанае адмірае даволі хутка, пераўтвараецца. І наадварот, нягледзячы на фізычны ціск й зьнішчэньне захоўваецца тое, чым людзі карыстаюцца.

Той факт, што без аніякае падтрымкі, пад фактычнай забаронай у Беларусі, клясычны правапіс працягвае існаваць і ў СМІ, і ў найпапулярнейшых раманах, і проста ў сацыяльных сетках — разьбівае ўшчэнт аргумэнты супраціўнікаў пра яе нязручнасьць і ненатуральнасьць.

«Я пішу тарашкевіцай з самага пачатку сваёй беларускай біяграфіі і заўважыў: тыя, у каго здараецца гістэрыка пры выглядзе тэкстаў тарашкевіцай — гэта звычайна людзі з кепскім густам і вялікай пыхаю, дагматыкі зь недахопам ведаў, яны дрэнна абазнаныя ў літаратуры, гісторыі, лінгвістыцы, яны ня ведаюць замежных моваў, дый беларускую як сьлед ня ведаюць. Калі я чую, што “чытачы не прымаюць тарашкевіцы”, я думаю пра ўсіх тых, хто пісаў і казаў мне, што менавіта тарашкевіца зацікавіла іх у свой час і прывяла да беларускай мовы і да маіх кніжак. А наркамаўка гадамі адбівала ахвоту чытаць па-беларуску — бо нішто так не адпавядае праславутаму і бязглуздаму вобразу “испорченный русский”», — зазначаў Альгерд Бахарэвіч у аўтабіяграфічным рамане «Мае дзевяностыя».