Абвешчаны лонг-ліст прэміі Ежы Гедройца
Сёлета журы вырашыла ўлучыць у доўгі спіс 13 кніг. Такое рашэнне тлумачыцца тым, што ў гэтым годзе журы ўпершыню абірае кнігі не галасаваннем і падлікам балаў, а кансенсусам, і дзеля дасягнення кансенсусу журы спатрэбілася ўвесці дадатковую пазіцыю.
Кароткі спіс будзе названы ў пачатку верасня.
У лонг-спіс увайшлі наступныя кнігі:
Андрэй Адамовіч. Таўсьціла і лешч. — Вільня: "Логвінаў".
Валянцін Акудовіч. Прачнуцца ранкам у сваёй краіне. — Вільня: "Логвінаў".
Сяргей Балахонаў. Інфанта і аднарог. — Вільня: "Логвінаў".
Альгерд Бахарэвіч. Белая муха, забойца мужчын. — Мінск: "Галіяфы".
Аляксандр I. Бацкель. Яблыневы маёнтак. — Вільня: "Логвінаў".
Адам Глобус. Гісторыі пра Менск і яго ваколіцы. — Вільня: "Логвінаў".
Зміцер Дзядзенка. Гісторыі ў прыцемках. — Мінск: "Кнігазбор".
Алесь Пашкевіч. Рух. — Мінск: "Кнігазбор".
Марыя Роўда. Клінічны выпадак, альбо Дарэмныя ўцёкі. — Мінск: "Кнігазбор".
Рома Свечнікаў. Рома едзе. Кніга 2. Вільня: "Логвінаў"/34mag.net
Таня Скарынкіна. Шмат Чэслава Мілаша, крыху Элвіса Прэслі. — Вільня: "Логвінаў".
Кірыл Стаселька. Дзіцячы маніфест. — Мінск: "Галіяфы".
Макс Шчур. Завяршыць гештальт. — Тэрнопаль: "Крок".
Таксама вызначылася ўзнагарода для аўтара кнігі, якая зойме трэцяе месца. Інстытут імя Гётэ ў Мінску прапаноўвае трэцяму лаўрэату двухтыднёвы творчы адпачынак у Берлінскім літаратурным калоквіуме ў снежні 2016 года. Аўтар кнігі, якая зойме другое месца, будзе ўзнагароджаны стыпендыяй у Доме творчасці пісьменнікаў (г. Вісбю, Готланд, Швецыя), першае — чэкам ад IdeaBank.
У журы прэміі сёлета ўвайшлі: Ігар Бабкоў, Сяргей Дубавец, Людміла Рублеўская і Ганна Янкута — з беларускага боку; Анджэй Бжэзецкі і Малгажата Ноцунь — з польскага боку. Ганаровы старшыня журы — Надзвычайны і Паўнамоцны Пасол Рэспублікі Польшча ў Рэспубліцы Беларусь Конрад Паўлік.
Прэмія імя Ежы Гедройца ўручаецца з 2012 года. Папярэднія пераможцы: Павел Касцюкевіч з кнігай “Зборная РБ па негалоўных відах спорту” (2012), Уладзімір Някляеў з кнігай “Аўтамат з газіроўкай з сіропам і без” (2013), Ігар Бабкоў з кнігай “Хвілінка: Тры гісторыі” (2014), Віктар Казько з кнігай “Час збіраць косці” (2015).
Кароткі спіс будзе названы ў пачатку верасня.