20 нечаканых фактаў пра Вацлава Іваноўскага
7 чэрвеня 1880 года — дзень народзінаў Вацлава Іваноўскага, беларускага палітычнага і грамадскага дзеяча, заснавальніка першага беларускага выдавецтва «Загляне сонца і ў наша ваконца», стваральніка першага беларускага лемантара, міністра асветы ва ўрадзе БНР, прафесара Варшаўскага політэхнічнага інстытуту, бургамістра Мінску ў 1942–1943 гадах.
Гісторык Юры Туронак пісаў: «Іваноўскі (...) вярнуў з забыцьця лепшыя творы беларускай літаратуры XIX ст., даў беларускаму чытачу шэраг перакладаў з польскай, украінскай і расейскай літаратуры, падтрымліваў творчасьць сучасных паэтаў і празаікаў, садзейнічаў нараджэньню і разьвіцьцю новай беларускай літаратуры. Выдадзеныя ім падручнікі на цэлае дзесяцігодзьдзе апярэдзілі зьяўленьне публічных беларускіх школ, а сэрыя драматургічных твораў дапамагла станаўленьню аматарскіх тэатральных труп. Дзякуючы яго намаганьням беларускі земляроб упершыню атрымаў сельскагаспадарчую літаратуру на роднай мове. Шмат зрабіў Іваноўскі і для распаўсюду кнігі: нарэшце яна пачала зьяўляцца ў кнігарнях як беларуская кніжка, а ня як мясцовы фальклёр у расейскай вокладцы».
Герой нашых 20 нечаканых фактаў — вучоны, выдавец, драматург, палітык Вацлаў Іваноўскі.
1. У дзяцінстве страціў два пальцы
Калі вучыўся ў трэцім клесе, самастойна зрабіў зарад для дубальтоўкі. Тая выбухнула. Вацлаў страціў на правай руцэ другі і трэці пальцы. Бацькі іх закапалі ў Лябёдцы і пасадзілі на тым месцы дзве бярозы. Пазнейшы псеўданім Вацлава Іваноўскага — «Вацюк Тройца» — памяць пра гэты выпадак.
2. Змалку любіў чытаць Гамера ў арыгінале
Яго аднакласнік Аўгуст Іванскі ўспамінаў: «З дзяцінства быў ён адораны праніклівым і рознабаковым розумам. Яшчэ ў гімназічныя часы ён перакладаў (...) адзін з платонаўскіх дыялогаў, а пазней яшчэ доўгі час не расставаўся з Гамерам, якога свабодна чытаў у арыгінале». Акрамя таго, Вацлаў цудоўна ведаў нямецкую і французскую мовы.
3. Яго родныя браты лічылі сябе прадстаўнікамі розных нацыянальнасцяў
Паводле гісторыка Юрыя Туронка: «...Юрка быў паляк, Вацлаў — беларус, а Тадэвуш — літовец (...) як толькі браты сустракаліся, кожны гаварыў па-свойму, і адзін аднаго не маглі зразумець (...) Кожны з братоў адыграў выдатную ролю ў абранай ім нацыянальнай галіне (...) літоўцы ахвотна ўхвалілі выбар Тадэвуша, затое беларусы часта глядзелі на рашэньне Вацлава падазрона, як на выбрык шляхецкай фантазіі. Але найбольш папрокаў было з польскага боку (...): маўляў, з гэткай добрай сям'і, ды раптам адзін — беларус, а другі — літовец... Называлі гэта адступніцтвам, здрадай нацыі (польскай!), у найлепшым выпадку — анамаліяй».
Вацлаў Іваноўскі. Пачатак 1900-х
4. Быў выдатным, натхняльным педагогам
Сябар сям'і Іваноўскіх Марыя Альтберг успамінала: «Іваноўскі ўмеў выкладаць хімію ясна і займальна. Мая сястра Ганна вучылася тады ў гімназіі і памятае, як яна захаплялася яго лекцыямі. Яны паўплывалі на выбар яе будучай універсітэцкай спецыяльнасці (цыталогія)»; Ян Карыткоўскі (у 20-я гг. вучань Іваноўскага, а пасля вайны прафесар Варшаўскай Палітэхнікі) пісаў: «Прафесар Іваноўскі быў вельмі добразычлівы да студэнтаў-дыпломнікаў. Ён меў вялікія сувязі ў ферментацыйна-харчовай прамысловасці і дзякуючы гэтаму ўладкоўваў выпускнікоў у гэтай прамысловасці, а на той час атрымаць працу было вельмі важнай справай. (...) Здабываў для студэнтаў субсидыі ў спіртовай, малочнай, пякарскай прамысловасці. Як гуманіст і дэмакрат быў цалкам талерантны да палітычных перакананняў студэнтаў».
5. Дзеля палітычных мэтаў пераробліваў вершы паэтаў, надаючы ім іншы сэнс
Так, паводле Юрыя Туронка, верш Сыракомлі «“Добрыя весці“ (...) быў перароблены (...) і атрымаў цалкам новы сэнс, прыстасаваны да новых умоваў рэвалюцыйнай барацьбы (...) антырасійскія акцэнты арыгінальнага тэксту Сыракомлі замянілі на антыцарскія. Радкі арыгінала „лягчэй будзе сэрцу, як згіне маскаль“, альбо „ня прыйдзе вораг з маскоўскага краю“ (...) атрымалі новае гучанне: „лягчэй будзе сэрцу, як згіне наш цар“, „ня прыйдзе вораг з чужога краю“. Па-другое, ідэя класавай згоды паміж сялянствам і шляхтай, якую прапагандаваў Сыракомля, саступіла месца работніцка-сялянскай салідарнасці».
6. Стваральнік першага беларускага лемантара
Марыя Альтберг успамінала, што яе брат Люцыян «...часта бываў у Іваноўскага... і бачыў, як ён карпеў над складаннем беларускага лемантара. Брат казаў пра гэта часта і з пэўнай іроніяй, маўляў, гэта дзіцячыя забаўкі, фантазіі: „Такі паважаны чалавек займаўся беларускім лемантаром! Ды гэта ж дыялект, а ня мова...“ Ах, калі б брат быў разумнейшы, ён бы ведаў, што нават адзін чалавек у гэтай галіне мог зрабіць пераварот. На гэтым лемантары вырасла цяпер цэлая беларуская літаратура. Акурат тады прыязджаў Мар'ян Фальскі [польскі грамадскі дзеяч, педагог — В. Дэ Эм], сустракаўся з Іваноўскім, і разам яны раіліся наконт лемантара».
Іван Луцкевіч, Антон Луцкевіч, Аляксандар Уласаў
7. На пачатку сваёй адраджэнскай дзейнасці не змог працаваць у згодзе з Іванам Луцкевічам
Юры Туронак піша: «Такім чынам, раскол і сапраўды адбыўся (...) пасьля прыезду братоў Луцкевічаў у Пецярбург усё напачатку складалася ўдала. Старэйшы брат Ян адразу ж далучыўся да дзейнасьці БРП [Беларуская рэвалюцыйная партыя — нелегальная арганізацыя ў Санкт-Пецярбургу ў 1902–1903 г. — В. Дэ Эм] і разам з Вацлавам Іваноўскім удзельнічаў у падрыхтоўцы да друку „Свабоды“ [орган БРП. — В. Дэ Эм]. Але, маючы пэўны досьвед працы ў вучнёўскім гуртку, ён пачаў прэтэндаваць на ролю лідэра беларускага руху ў Пецярбургу. Гэта, відаць, прывяло да канфлікту з Іваноўскім, у выніку шляхі двух дзеячаў у першыя месяцы 1903 г. на пэўны час разышліся. (...) Шмат гадоў пазьней Вацлаў Іваноўскі палічыў за лепшае забыцца пра гэтыя здарэньні, затое Антон Луцкевіч часта павяртаўся да іх, спадзеючыся пераканаць новыя пакаленьні ў тым, што творцам нацыянальнага адраджэньня быў яго брат, Ян Луцкевіч».
Вокладка газэты «Наша ніва». Мастак — Язэп Драздовіч
8. Бедаваў, што беларускія сяляне ў сваім адзенні адыходзяць ад аўтэнтыкі
У газеце «Наша Ніва» (№ 34, 1910 г.) пісаў: «...шкада (...), што нашыя бабы кідаюць спрадвечныя хатнія ўзоры, а гоняцца за „моднымі“ ўзорамі з „паперак“. Такім парадкам на ручнікох зьяўляюцца крамныя ўзоры — „тандэт“, на каторыя і глядзець прыкра, дый не відаць, што выйшлі яны зь беларускіх кросен. (...) Вясковыя беларусы (...) пачалі чурацца свае роднае вопраткі».
Рэкламны тэкст выдавецкай суполкі Вацлава Іваноўскага «Загляне сонца і ў наша ваконца»
9. Меў вялікі ўплыў на Янку Купалу, шмат спрыяў ягонай творчасці і духоўнаму развіццю
Паводле Юрыя Туронка: «У канцы 1909 г. В. Іваноўскі запрасіў у Пецярбург Купалу (...) Запрашэньне гэтае было як у інтарэсах выдавецтва „Загляне сонца...“, так і ў інтарэсах паэта, які атрымліваў магчымасьць для паглыбленьня сваёй адукацыі, творчага разьвіцьця і (...) для непасрэднага ўдзелу ў выданьні ўласных новых твораў (...) У Пецярбургу выйшла шэсьць першых кніжак Я. Купалы: „Жалейка“, „Адвечная песьня“, „Гусьляр“, „Сон на кургане“, „Паўлінка“ і „Шляхам жыцьця“. (...) Іваноўскі ў чэрвені 1913 г. разьвітаўся зь Пецярбургам і пераехаў у Вільню. Разам зь ім перабраўся і яго найбліжэйшы супрацоўнік Купала. (...) Некаторыя тыпажы, падгледжаныя ва ўласным асяродзьдзі, Іваноўскі пераказваў іншым аўтарам. Адным з такіх стаў шляхціц Быкоўскі з купалаўскай „Паўлінкі“ — яго прататыпам быў продак Іваноўскага, уладар Лябёдкі Рыла-Быкоўскі».
Янка Купала
10. Засмучаўся, што беларускія сяляне не вельмі добра даглядаюць свае сенажаці
У артыкуле «Як правіць сенажаць» («Наша ніва» № 5, 1906 г.) пісаў: «Адно ў нашых гаспадарках застаецца без дагляду, гэта сенажаці... гдзе ім раўнавацца з полем; поле гаспадар і гноіць, і гарэць, і барануець, а бедная сенажатка хібе дападкам пажывіцца тым, што дождж з поля змыець, а прагонамі дый разорамі на сенажаць сплыве».
11. Яго не разумелі ўласныя дзеці
Юры Туронак пісаў, што яго першая жонка Сабіна «...якая некалі захаплялася і маральна падтрымлівала дзейнасьць Вацлава на ніве беларускага нацыянальнага адраджэньня, ужо падчас Першай сусьветнай вайны (...) пачала адыходзіць ад ідэалаў маладосьці і выхавала дзяцей у тыповым для польскага асяродзьдзя духу. Цяпер бацькавы погляды яны расцэньвалі як дзівацтва і зь цяжкасьцю іх успрымалі. Як піша Іван Касяк [беларускі грамадзка-палітычны дзеяч. — В. Дэ Эм], дачка Вацлава, Ганна, сьцьвярджала ў апошнюю вайну ў Менску, што яе бацька — паляк, і толькі зараз выдумаў сабе, быццам ён беларус. Відаць, з гэтага гледзішча другі яго шлюб быў ня лепшы».
12. Тайна распаўсюджваў падчас воінскіх прызываў улёткі «Беларускай Сацыялістычнай Грамады»
У № 6 за 1906 г., пад псеўданімам Вацюк Тройца, Вацлаў Іваноўскі адзначаў: «Нядзель таму дзьве, а можэ і тры былі ў нас прызывы. Народу пасходзілася з усіх старон багата. Перэд кватэрай воінскаго прісуцтва сабраўся народ і, няведама скуль, пашлі па руках лісткі „да прызыўных“ с подпісом „Беларускае Соціалістычнае Грамады“. Такіеж лісткі былі параскіданы перэд касьцелам, дзе прысягалі некруты».
Сцэна са спэктакля «Ажаніцца — не журыцца». У ролі Міхалкі — Аляксандар Лабуш (Нацыянальны акадэмічны тэатар імя Янкі Купалы)
13. Аўтар адной з самых папулярных беларускіх камедыяў «Міхалка», якая ішла ў Беларусі пры ўсіх уладах
Пад псеўданімам Браты Далецкія напісаў у 1911 г. камедыю «Міхалка». Падчас Другой сусветнай вайны «Міхалка» ішоў з вялікім поспехам на сцэне Менскага гарадскога тэатру. У савецкія часы і пасля развалу СССР гэты вадэвіль быў вельмі папулярны ў Купалаўскім тэатры (ён быў аб'яднаны з п'есай Міхася Чарота «Мікітаў лапаць», спектакль называўся «Ажаніцца — не журыцца»). Цяпер на сцэне Беларускага рэспубліканскага тэатру юнага гледача ідуць рэпетыцыі «Міхалкі» (яго пакажуць разам з той жа камедыяй Міхася Чарота пад назвай «Беларускія вадэвілі»).
Партрэт на памятным знаку Змітру Жылуновічу ў Магілёве
14. На яго быў пакрыўджаны Зміцер Жылуновіч
Жылуновіч у сваіх успамінах згадваў, як наймаўся ў 1909 г. парабкам да Вацлава Іваноўскага: «У Лідзе я пачакаў Тройцу. Ён ехаў дамоў са сваёй жонкаю і спаткаў мяне ветла. Тут жа мы прыселі за стол і перакусілі (...) Да прыходу цягніка з маёнтку прыехалі дзьве падводы — адна панская каламажка на спружынах, запрэжаная ў пару добрых стаенных коней, а другая — просты аднаконны дваровы нарадзік. Тройца з жонкаю ўсеўся ў першы, мяне-ж, зразумела, даручыў фурману другое (...). Заехаўшы (...) Тройца накіраваў мяне ў парабкаўскую кватэрку, а сам, спатканы роднымі, пайшоў у пакоі. „Вы пачакайце крыху, зараз прыдуць і дадуць вам есьці“, — суцешыў ён мяне з ганку пакояў (...) Мінула гадзіна часу — мінула больш — я ўсё чакаў, маючы справу з мухамі. Раптам у пакоях Іваноўскіх зайграла музыка. Пачуліся тэнаровыя засьпевы. Музыка і песьні стройнаю мэлёдыяй выліваліся ў адчыненыя вокны пакояў. Ад іх нясло панскім задавальненьнем, бясьпекаю і асалодаю жыцьця. (...) на мяне-ж... музыка нагнала злосьць і роспач. Я ня мог яе слухаць спакойна, тут-жа ўзмоцнена пачаўшы думаць, як быць. Было ясна, што дзядзька Тройца пра мяне забыў (...) Што аставалася рабіць? Чакаць? Чаго? У момант перада мною вызначылася выразная рашучасьць — кінуць Лябёдку і дзядзьку Тройцу (...) З карзінкаю за плячыма я выйшаў з двара фальварку і пад зыкі музыкі пайшоў на станцыю».
15. Як вучоны меў шмат тэхнічных вынаходак
Паводле Юрыя Туронка, Вацлаў Іваноўскі распачаў «...досьледы ў галіне сьпіртовых і паліўных сумесяў як замяняльнікаў традыцыйнага маторнага паліва. (...) займаўся праблемамі ачышчэньня і выкарыстаньня фабрычных постцэлюлёзных сьцёкаў. (...) Гэта была піянэрская дзейнасьць у галіне аховы навакольнага асяродзьдзя (...) Як вядучы экспэрт у галіне тэхналёгіі ён прадстаўляў Польшчу на міжнароднай канфэрэнцыі па праблемах стандартызацыі харчовых аналізаў у Парыжы (1929), на міжнародным кангрэсе тэхнікі для малочнай вытворчасьці ў Капэнгагене (1931) і інтэрнацыянальным хімічным кангрэсе ў Будапэшце (1939). (...) Ён быў аўтарам сямі патэнтаў, зацьверджаных Патэнтным бюро РП (...) меў вынаходкі, запатэнтаваныя нямецкім канцэрнам «Ig Farbenindustrie».
Пётра Сергіевіч. Партрэт Вацлава Іваноўскага
16. Будучы бурмістрам Менску, імкнуўся гуртаваць беларускія нацыянальна-дэмакратычныя сілы
Мастак Яўген Ціхановіч успамінаў, што калі Іваноўскага «...прызначылі бурмістрам Менску, ён шмат зрабіў для ратаваньня людзей ад нямецкіх рэпрэсіяў. Я гэта ведаю. Улетку 1943 г. з ініцыятывы групы прафэсара Іваноўскага было створанае й падпольнае беларускае нацыянальна-дэмакратычнае аб’яднаньне дзеля гуртаваньня сілаў, якія мелі на мэце адбудову беларускае незалежнае дзяржавы па вайне...»; беларускі грамадзкі дзеяч Язэп Найдзюк пісаў: «Ён не захапляўся ідэямі і праграмай Гітлера, ня быў германафілам. Яго найвялікшым імкненьнем была арганізацыя якога-колечы жыцьця ў горадзе, каб людзі не галадалі. А таксама — адкрыцьцё беларускага ўнівэрсытэту ў Менску»; Лявон Галяк дадаваў: «Прыгадваю спатканьне Новага 1942 года ў В. Іваноўскага. Калі заціхла страляніна вітаньня Новага Года немцамі, прыйшоў павіншаваць з Новым годам немец, адміністратар дома. Іваноўскі вынес яму ў калідор на талерачцы кілішак і сэндвіч, падзякаваў і выправіў. Мне было вельмі прыемна гэта бачыць, бо, на жаль, часта назіралася ў дачыненьні да немцаў нізкапаклоньніцтва, але Іваноўскі здолеў трымаць сябе належным чынам».
Вільгельм Кубэ
17. Яго падтрымліваў і ратаваў ад даносаў Вільгельм Кубэ
Юры Туронак пісаў: «Паміж імі існавала поўная згода ў поглядах на адраджэньне беларускай культуры і нацыянальнай сьвядомасьці. Абодвух іх яднала захапленьне мастацкай літаратурай і тэатрам. Нарэшце, В. Іваноўскі быў адным зь нешматлікіх беларускіх дзеячаў, хто дасканала валодаў нямецкай мовай. Гэта спрыяла іх больш цеснаму знаёмству і ўзбагачала веды Кубэ пра Беларусь — гэтую, як ён сам казаў, „найменш знаную краіну Эўропы“ (...) Аднак у Менску пісаліся (...) даносы ў СД (...) на В. Іваноўскага, якога абвінавачвалі ў тым, што ён польскі агент, які дзейнічае на шкоду Беларусі... Вакол В. Іваноўскага гэта стварала пагрозьлівую атмасфэру, і яго сусед па кватэры Язэп Найдзюк (...) сьцьвярджаў, што „пад Іваноўскім гарыць“, і баяўся жыць зь ім разам. Іваноўскага не арыштавалі (...) дзякуючы Кубэ. (...) Кубэ бараніў яго ад бессэнсоўных абвінавачваньняў...».
18. Падчас нямецкай акупацыі ратаваў габрэяў
Паводле Юрыя Туронка, Вацлаў Іваноўскі, «...перш чым выехаць зь Вільні [на пасаду бурмістра. — В. Дэ Эм], даручыў сваёй дачцэ Ганьне вывезьці зь Вільні ў Лябёдку дзьвюх жанчын яўрэйскага паходжаньня — Эму Альтбэрг і яе сястру Марыю Арнольд, зь якімі пазнаёміўся ў 1904 г. у Плоцку. У 1979 г. Марыя з удзячнасьцю прыгадвала гэтыя клопаты В. Іваноўскага, якія выратавалі яе і сястру ад гета і сьмерці».
Пахаванне Вацлава Іваноўскага. 1943 г.
19. Вацлава Іваноўскага, якога ў 1943 г. забілі тэрарысты, адмовіўся хаваць каталіцкі святар
Юры Туронак пісаў: «...6 сьнежня, калі ён у пралётцы вяртаўся з гарадзкой управы дадому, на яго напалі два тыпы і некалькі разоў стрэлілі зь пісталета. (...) Адзіны ў Менску каталіцкі сьвятар, літоўскі вайсковы капэлян, ксёндз Зянон Ігнатавічус адмовіўся хаваць В. Іваноўскага, як разьведзенага. Затое не адмовіўся намесьнік Беларускай Аўтакефальнай Праваслаўнай Царквы, архіепіскап Філяфэй, таму Іваноўскага пасьля рымска-каталіцкага хрышчэньня і эвангелічнага (другога) шлюбу пахавалі паводле праваслаўнага абраду з удзелам шматлікага сьвятарства. Аднак спачыў ён на каталіцкіх могілках — менскай Кальварыі. (...) Сьмерць Вацлава Іваноўскага, „бацькі горада“, як паўсюль яго называлі, агарнула жыхароў Менска жалобай, а яго пахаваньне 11 сьнежня ператварылася ў сапраўдную масавую дэманстрацыю жалю, пашаны і ўдзячнасьці. (...) Зь сямейнікаў зь ім разьвіталіся толькі дачка Ганна і былая жонка Сабіна».
Магіла Вацлава Іваноўскага
20. Яго апошнім каханнем была актрыса тэатру
«В. Іваноўскі часта запрашаў актораў, рэжысэраў і драматургаў на спатканьні ў гарадзкую ўправу, дзе яны супольна абмяркоўвалі рэпэртуарныя пляны, шукалі выйсьце зь цяжкога матэрыяльнага становішча. Ён ахвотна бавіў час сярод артыстаў, падтрымліваў зь імі таварыскія кантакты. Артыстка тэатру Яўгенія Седліц была яго апошнім каханьнем».
*
У падрыхтоўцы матэрыялу былі выкарыстаныя наступныя крыніцы:
Гардзіенка А. Палітычны раскол на беларускай эміграцыі ў 1940-я г.
Луцкевіч А. Барацьба за вызваленьне. Вільня/Беласток, 2009 г.
Луцкевіч А. Да гісторыі беларускага руху. Вільня/Беласток, 2010 г.
Наша ніва. № 5, 1906 г.
Наша ніва. № 6, 1906 г.
Наша Ніва. № 34, 1910 г.
Наша ніва. № 1, 2001 г.
Туронак Ю. Мадэрная гісторыя Беларусі. Вільня, 2008 г.