Ад куфара да Маркса: незвычайны вясковы музей
Пенсіянер, падпалкоўнік у адстаўцы збіраецца асвяціць свой прыватны музей этнаграфіі ў Слуцкім раёне, а заадно і Маркса з Леніным.
Арганізацыя краязнаўчых і этнаграфічных музеяў — гэта, звычайна, сфера дзяржаўных інтарэсаў, таму не дзіва, што прыватныя ініцыятывы тут выклікаюць вялікую цікаўнасць. Асабліва, калі размова ідзе пра вёску.
Падпалкоўнік у адстаўцы, 61-гадовы Леанід Гапановіч збіраецца 6 мая асвяціць свой прыватны этнаграфічны музей у вёсцы Бязверхавічы, які існуе на працягу 4-х гадоў. За гэты час музей, які месціцца ў драўлянай хатцы побач з хатай бацькоў і дзядоў, папоўніўся экспанатамі. Іх тут ужо каля тысячы! У Кнізе для наведвальнікаў свае пазітыўныя ўражанні пакінулі 673 чалавека. Ініцыятыўны гаспадар уласнаручна робіць фотаздымкі наведвальнікаў і змяшчае іх побач з запісамі.
«Я заўсёды нешта збіраў: у дзяцінстве этыкеткі, маркі, у сталым узросце займаўся нумізматыкай, — распавядае пра свае інтарэсы і гісторыю стварэння ўласнага музею спадар Леанід. — 32 гады адслужыў у інжынерных войсках, аб’ездзіў Запаляр’е, Забайкалле, Манголію і заўсёды сумаваў па Беларусі. Як выдалася магчымасць — вярнуўся дамоў».
Мужчына гаворыць, што пасля рамонту бацькоўскай хаты трэба было выкінуць шмат непатрэбных старых рэчаў.
«Не паднялася рука выкінуць, — прызнаецца ён. — Гэта ж гісторыя жыцця маіх бацькоў і дзедаў. Спачатку гара рэчаў месцілася на верандзе, а пасля пабудаваў для іх спецыяльную хатку з трох пакояў. Зацікавіў сяброў, знаёмых, суседзяў — яны пачалі таксама шукаць і прыносіць розныя прылады сялянскага побыту».
Такія буйнагабарытныя прадметы, як сячкарня, жатка, барана, калёсы, сані, сошка ды плугі — знаходзяцца ў двары, а ў трох залах знайшлі месца экспазіцыі прадметаў побыту і сялянскага інтэр'еру: гадзіннікі, фотаапараты, самавары, куфры, транзістарныя прымачы, патэфоны, ручнікі, вышыванкі, даматканыя коўдры, люлькі, калыскі, кубёлкі, саламяныя бочкі, розныя граматы, паштоўкі, вымпелы, ткацкія станкі і пралкі… Усе экспанаты немагчыма пералічыць. Ёсць нават ваенная форма вопраткі часоў вайны, пачынаючы ад салдата да генерала.
Некаторыя экспанаты налічваюць больш за 150 гадоў: вышываная хустка, якую прыслалі жыхары з Барысава, дзіцячы вазок з незвычайна вялізнымі коламі.
Леанід Гапановіч распавёў, што каляску падарыў жыхар вёскі Бязверхавічы.
«Ледзве дастаў яе з свайго гарышча, — пасміхаецца ўладальнік музея. — Дзеля смеху пасля пасадзіў у гэтую каляску ўнучку і правёз яе па вёсцы, дык уся вёска высыпала на вуліцу, каб паглядзець на гэтае дзіва».
Леанід Гапановіч асабіста праводзіць экскурсіі і абавязкова частуе гасцей сваімі кулінарнымі нарыхтоўкамі і цукеркамі. Плануе ў пачатку мая запрасіць святара, каб той асвяціў музей.
На маё пытанне, чаму ён змясціў каля музея скульптуру Леніна, выявы Маркса, Леніна на хаце сваіх бацькоў, уладальнік музея патлумачыў, што яго жыццё прайшло пад уплывам гэтых дзеячаў і іх нельга аддзяліць ад гістарычнай спадчыны.
«Скарбы нашых бацькоў, бабуль і дзядуль у маім аматарскім музею народнага побыту — гэта захаванне нашага гістарычнага мінулага, — гаворыць пенсіянер, — Тая эпоха, у якой жылі нашыя продкі, адыходзіць. Галоўная мэта — гэта захаваць ужо знікаючую спадчыну для дзяцей і ўнукаў. А якую ацэнку яны будуць даваць мінуламу — гэта ўжо іхняя справа».
Свой музей Леанід Гапановіч назваў у гонар унучкі Елізаветы, якой усяго 4 годзіка, і спадзяецца, што яна некалі прадоўжыць яго працу.
Фота аўтаркі