На вуліцах Слуцка з’явіліся таксоўкі з беларускім каларытам

Па вуліцах Слуцка ўжо каля тыдня бегаюць сімпатычныя таксоўкі з беларускім арнаментам пад назвай «Калі ласка».

img_0600_logo.jpg


Галаўное прадпрыемства новай службы таксі знаходзіцца ў Баранавічах. Падобныя таксоўкі ўжо каля года працуюць у Баранавічах і Пінску. Стваральнік службы Актай Гашымаў вядомы ў Баранавічах як патрыёт Беларусі і патрабавальны менеджэр.
Як паведаміў намеснік дырэктара службы таксовак «Калі ласка» Валянцін Панятоўскі, зараз у Слуцку працуюць 6 таксовак з беларускім ухілам. Сам намеснік дырэктара з прыязнасцю ставіцца да беларускай мовы і зацікаўлены ў пашырэнні беларускамоўнага асяроддзя ў Слуцку.
Уладзімір — кіроўца адной з таксовак, у фірме «Калі ласка» працуе толькі другі дзень. Ён распавёў, што случчане яшчэ не прывыклі да расфарбоўкі таксоўкі і вельмі дзівяцца знешняму выгляду аўтамабіля.
— Людзі дзеляцца сваімі ўражаннямі, у асноўным, радуюцца такой незвычайнасці таксоўкі, гавораць, што «ўжо даўно пара беларусам мець што-небудзь беларускае», — гаворыць кіроўца.
Уладзімір адзначае высокія патрабаванні кіраўніцтва да працы кіроўцы, культуры абслугоўвання і чысціні ў салоне аўтамабіля.

img_0599_logo.jpg


Жыхары горада, з якімі ўдалося паразмаўляць на тэму з’яўлення новых таксовак, у большасці сваёй пазітыўна адносяцца да афарбоўкі аўто ў нацыянальным стылі. Найбольшую радасць, зразумела, праяўляюць нацыянальна свядомыя беларусы. Мяне ж цікавілі выказванні выпадковых случчан.
З 7 чалавек, з якімі здолела паразмаўляць, пяцёра ўхвалілі новае «адзенне» таксовак, адна жыхарка была супраць пашырэння беларускасці, а яшчэ аднаму случчаніну ўсё абыякава. Пры гэтым жанчына глыбока пенсійнага ўзросту нават з нянавісцю паставілася не толькі да нацыянальнага каларыту таксовак, але і ўвогуле да саміх таксовак.
«Разрисовали новые машины, наверное, у них много денег, будут воздействовать на умы людей. Я на такси не езджу, у меня на это нет денег, а белорусская мова мне глубоко противная. Не люблю и людей, которые на ней говорят», — вось так выказала пенсіянерка свае адносіны да тэмы размовы.
Яе словы не спадабаліся нават суседзям па двару. 46-гадовы Сяргей заявіў, што ён — беларус і гэтым ганарыцца. У сярэдняй школе меў «тройку» па бел. мове, але цяпер па-новаму вучыцца размаўляць.Сяргей не задаволены тым, што зараз паўсюдна адбываецца пашырэнне сферы ўжывання кітайскай мовы, але толькі не беларускай.
— У банкамаце можна выканаць аперацыю на кітайскай мове, у аэрапорце — пачытаць аб’явы на табло па-кітайску, а дзе ж наша беларуская мова?
Мужчына гаворыць, што зацікаўлены ў пашырэнні беларускасці і ў развіцці беларускай эканомікі, каб можна было ганарыцца краінай не толькі ў тэорыі, але і на практыцы. Дзеля гэтага патрэбны і высокі ўзровень жыцця, і нацыянальная свядомасць. Сяргей назваў нацыянальныя таксоўкі «ластаўкамі, якія прыляцелі ў краіну сярод зімы».