Слуцк — за нездаровы лад жыцця?
У Слуцку быў сарваны флэш-моб па прапагандзе вулічнай гімнастыкі. Некаторыя кажуць пра аб’ектыўныя прычыны, а людзі наўпрост абвінавачваюць Слуцкі райвыканкам у наўмыснай забароне масавага мерапрыемства.
У апошнія гады ва ўсім свеце набывае папулярнасць вулічная гімнастыка — Street workout. Воркаўтам называюць, па сутнасці, увесь дваровы фітнэс.
Воркаўт ўяўляе сабой адзін з відаў масавых фізкультурных заняткаў, якія прадугледжваюць выкананне розных практыкаванняў на вуліцы. Ён не патрабуе грашовых укладанняў на фізкультурныя залы і фітнэс-цэнтры. Дастаткова выйсці на вуліцу і пачаць трэніравацца — можна на турніках, брусах, альбо і наўпрост на зямлі.
Гэты род спорту палюбіўся значнай частцы моладзі, якая такім чынам кажа «Не!» спайсу і алкаголю — толькі цвярозы і здаровы лад жыцця.
Для жыхароў Слуцка такі від спорту яшчэ досыць незвычайны, таму паведамленне ў мясцовай прэсе пра мерапрыемства па прапагандзе воркаута выклікала цікавасць у жыхароў. Адсюль і моцнае расчараванне ў тым, што акцыя не адбылася.
Некаторыя жыхары горада ў сваіх каментарах пад артыкулам на сайце "Інфакур'ера" наўпрост абвінавачваюць Слуцкі райвыканкам у наўмыснай забароне масавага мерапрыемства.
Аляксандр Сергіенка — адзін з заснавальнікаў моладзевай Федэрацыі воркаўта. Ён паведаміў, што флэш-моб з мэтай папулярызацыі даступнага віду спорту сярод моладзі ў Слуцку не адбыўся 10 красавіка з прычыны няправільнага афармлення неабходных папер.
«Наша арганізацыя яшчэ досыць маладая, не хапае вопыту, і мы парушылі тэрмін для падачы дакументаў, — патлумачыў ён. — Спадзяемся, што ў будучым ў нас усё атрымаецца».
Цікава, што флэш-моб прадугледжваў масавую трэніроўку пад музыку 100 жыхароў горада. Напрыканцы заняткаў яны планавалі сваімі шэрагамі выбудаваць вялізную літару «С», — пачатак назвы горада.
Афіцыйны дазвол на правядзенне такога кшталту мерапрыемстваў арганізатары атрымалі ў шасці беларускіх гарадах.
Аляксандр Сергіенка распавёў, што, у адрозненне ад Рэспубліканскай федэрацыі street workout, у моладзевай арганізацыі задача ставіцца не столькі на прафесіяналізм выканання вулічных практыкаванняў, колькі на папулярызацыю здаровага ладу жыцця сярод насельніцтва і далучэнні іх да актыўнага ладу жыцця. Асабліва гэта актуальна для моладзі, якая ў пошуках неардынарнасці прыходзіць да ўжывання спайсу, наркотыкаў, алкаголю ці проста суткамі сядзіць у інтэрнэце.
Малады чалавек распавёў, што сам ён і працуе, і вучыцца, спектр яго інтарэсаў і дзейнасці надзвычай разнастайны: арганізацыя мерапрыемстваў, web-распрацоўка і маркетынг, здаровы лад жыцця, спорт, грамадская дзейнасць. Але так было не заўсёды. Было і так, што ён курыў і выпіваў, пакуль не адчуў уласную дэградацыю. Пачаў шукаць альтэрнатыву, знайшоў ролікі ў інтэрнэце, а пасля выпадкова трапіў на адну са спартовых пляцовак, дзе некалькі чалавек рабілі спартыўныя практыкаванні, якія яго таксама захапілі.
— Я змяніўся сам, і зацікаўлены ў тым, каб падлеткі і моладзь таксама знайшлі альтэрнатыву фізічнай і маральнай дэградацыі, — распавядае Аляксандр. — Дарэчы, педагогаў з майго каледжа натхнілі змены ў маім ладзе жыцця, і яны прапанавалі пазаймацца з моладдзю, якая мае адхіленні ў паводзінах.
Малады чалавек лічыць, што сучасная моладзь, якая вырасла на інтэрнэце і гаджэтах, не рэагуе на звычайныя лекцыі і гутаркі. Моладзі трэба нешта неардынарнае і — каб гэта было модна. А воркаўт зараз — даволі модны занятак, распаўсюджаны ў 70 краінах свету, у тым ліку, і ў суседніх Украіне і Расіі.
— Зараз вядзецца гаворка пра тое, каб уключыць гэты від спорту нават у алімпійскі рух, — кажа Аляксандр.
Будзем спадзявацца, што ў далейшым мы яшчэ пабачым у Слуцку на стадыёне горада альбо ў парку жыхароў, якія масава будуць выконваць фізічныя практыкаванні. Гэта можа адбыцца толькі ў тым выпадку, калі мясцовыя кіраўнікі пераадолеюць свой страх перад актыўнасцю грамадзян. У дадзеным выпадку размова вядзецца толькі пра спартыўную самаарганізацыю.