Ад Рафаэля да сучаснага мастацтва

Надыход восені хутка ажывіў музейна-выставачную панараму сталіцы пасля жнівеньскага заспакаення, прапанаваўшы жыхарам сталіцы відовішча рознага кшталту — ад вяртання рэнесансавай класікі да сучаснага авангарднага мастацтва. (На выяве: Рафаэль Санці. Сіксцінская Мадонна. Пасля 1512)



a9eb812238f753132652ae09963a05e9.jpg

Надыход восені хутка ажывіў музейна-выставачную панараму сталіцы пасля жнівеньскага заспакаення, прапанаваўшы жыхарам сталіцы відовішча рознага кшталту — ад вяртання рэнесансавай класікі да сучаснага авангарднага мастацтва.

(На выяве: Рафаэль Санці. Сіксцінская Мадонна. Пасля 1512)


Беларускі след Рафаэля
Пачнём ад Рафаэля Санці (1483–1520), аднаго з трох найвядомейшых жывапісцаў італьянскага адраджэння, каб прыгадаць некаторыя сюжэтныя лініі, якія звязваюць гэтую постаць з Беларуссю. І дзеля гэтага адправімся ў XVIII стагоддзе.
Перыяд праўлення Аўгуста ІІІ ў Рэчы Паспалітай, распачаты ўмяшаннем суседзяў, Саксоніі і Расіі, недарма называюць часам палітычнай анархіі. Мноства сарваных соймаў, фавартызм і панаванне магнацкіх груповак падрывалі палітычную стабільнасць краіны. Але ж гэтыя гады агульнапрызнана лічацца часам уздыму эканомікі (менавіта тады расквітнелі мануфактуры) і культурнага пад’ёму — колькі магнацкіх палацаў аздаблялася намаганнямі заможных гаспадароў! А вось каралеўскія даходы ў значнай ступені пераразмяркоўваліся на саксонскія ўладанні, а ў тым ліку на развіццё Дрэздэнскага мастацкага збору, які Аўгуст прыняў ад бацькі, таксама караля Рэчы Паспалітай Аўгуста ІІ Моцнага, у складзе каля пяці сотняў мастацкіх твораў, а пакінуў нашчадкам пашыраным да пяці з паловай тысяч. І падобна да свайго наступніка, Станіслава Аўгуста Панятоўскага, нярэдка быў крытыкаваны менш прыязнымі да мастацтва сучаснікамі за неадпаведнае ўладару дзяржавы “марнаванне сродкаў.
Але заробленыя мазалём жыхароў нашых земляў грошы не зніклі дарэмна, звязаўшы гісторыю самага знакамітага палатна Рафаэля, “Сіксцінскай мадонны, намаляванай пасля 1512 года для царквы Св. Сікста ў італьянскай Пьячэнцы, з нашай мінуўшчынай. Можна сказаць, нашы продкі фінансавалі набыццё абраза за рэкордную для XVIII стагоддзя суму ў 20 тысяч цэхінаў у 1754 годзе. Цэхін — назва венецыянскага залатога дуката вагой у 3,5 грама (ад назвы манетнага двара la Zecca), бітага з 1284 да падзення Венецыянскай рэспублікі ў 1797 годзе, манеты цяжкай і паўнавартаснай. Для параўнання прыгадаем, што выданне ці не самай дарагой беларускай кнігі, Берасцейскай Бібліі 1563 года, каштавала апекуну беларускіх пратэстантаў віленскаму ваяводзе Мікалаю Радзівілу Чорнаму 10 тысяч залатых дукатаў, эквівалент гадавых даходаў з усіх маёнткаў гэтага заможнага магната.

Гравюры Джавані Вальпата паводле фрэсак Станцаў Рафаэля Санці.
“Выгнанне Геліядора. “Дыспут. 1770-80-я гг.


Прыгадаць беларускі след Рафаэля нас падштурхнула выстава “Жывапіс разцом, якая працуе з 2 верасня па 5 кастрычніка ў Нацыянальным мастацкім музеі на галерэі ў пераходзе да новага корпусу (куратар — Святлана Пракоп’ева). Адчыненая без вялікага шуму, экспазіцыя прапануе пазнаёміцца з гравюрамі мастакоў пераважна XVIII стагоддзя паводле выкананых вялікім Рафаэлем у тыя ж гады, калі і знакамітая Мадонна, фрэсак залаў Ватыканскага палаца — Лоджый (час стварэння 1517–1519) і г. зв. Станцаў (1508–1517), папскіх апартаментаў, а таксама жывапісных кардонаў, эскізаў для дываноў для Сіксцінскай капэлы. Яны паступілі на выставу з прыватнага збору і калекцыі музея.
Менавіта XVIII стагоддзе — час росквіту рэпрадукцыйнай графікі. У тыя ж часы гравюра зрабілася падставай праслаўлення мастацкай спадчыны Рафаэля Санці. Над стварэннем серыі гравюр “Лоджыі Рафаэля ў Ватыкане працавалі вядомыя рымскія майстры-гравёры Джавані Вальпата (каля 1735–1803) і Джавані Атавіяні (каля 1735–1808), а таксама рысавальшчыкі — Гаэтана Саварэлі, П’етра Кампарэзі, Людавіка Тэсеа. Апублікаваныя ў 1772, 1776 і 1777 гадах у Рыме ў трох серыях і ў 46 гравюрах працы адлюстравалі дэкаратыўнае ўпрыгажэнне пілястраў, роспісы скляпенняў і люнетаў (біблейскія сюжэты, так званая “Біблія Рафаэля), і гратэскі (трэцяя серыя), фантазіі гравёраў на матывы роспісаў мастака.
Пазней, у 1770–1780-я, з’явіліся лісты “Станцыі Рафаэля ў Ватыкане Джавані Вальпата. Серыя ўключала 9 гравюр, што ўзнаўлялі такія класічна вядомыя зараз фрэскі Рафаэля ў Ватыканскім палацы, як “Афінская школа, “Дыспут, “Выгнанне Геліядора, “Парнас, “Пажар у Барго, “Імша ў Бальсэне, “Вызваленне апостала Пятра з вязніцы і іншыя. Яшчэ адзін сюжэт на выставе — гравюры з кардонаў Рафаэля для ватыканскіх дываноў, зробленыя ў Англіі ў 1711–1719 гадах.
У цэлым высакародства першакрыніц і выключная якасць гравюр вартыя спецыяльнага з імі азнаямлення. Тым болей, што, як адзначаюць стваральнікі экспазіцыі, гэтыя серыі гравюр, якія былі вельмі папулярныя ў свой час. Даўно зрабіліся рарытэтамі калекцыянерскага рынку, і сама магчымасць сабраць іх разам у адзінай экспазіцыі — унікальная з’ява. І гравюры зрабіліся тым мастком, праз які спадчына Рафаэля глыбока прасякла мастацкую культуру еўрапейскіх краін. Нават у беларускіх народных абразах Усходняга Палесся адным з самых папулярных сюжэтаў у ХІХ стагоддзе зрабілася “Мадона ў крэсле паводле Рафаэля.
З гісторыі даху
Што тычыцца міжнароднай выставы сучаснага мастацтва — жывапісу, графікі, інсталяцый, паказу перформансаў і відэаарту “ДАХ–ІХ, то гэтая поліфанічная і шматкаляровая дзея, якая афіцыйна пачалася з 25 жніўня, і доўжылася да 20 верасня. Гісторыя праекта “ДАХ пачыналася ў 2001 годзе ў Берліне, калі ў незалежным артцэнтры Тахелес (Tаcheles, ці то — “вышэйшая кропка яднання людзей) беларускія мастакі Алесь Тарановіч і Ігар Ермакоў арганізавалі выставу “ДАХ-1. Ужо тады вызначыўся сінтэтычны характар “ДАХаў: жывапіс, інсталяцыі, а таксама перформансы, паэтычныя чытанні.
Пазней вядомы жывапісец і адзін з першых перформераў Беларусі Алесь Родзін, які займеў у Тахелесе майстэрню і правёў там шэраг сваіх выставаў, арганізуючы чарговыя “ДАХі, прывозіў іх і ў Беларусь: “ДАХ–7 з твораў яго сяброў па гэтым доўгатэрміновым праекце ў Германіі дэманстраваўся год таму ў Музеі сучаснага мастацтва. На сёлетнім этапе яго куратары Алесь Родзін і Зміцер Юркевіч супрацоўнічаюць з Саюзам мастакоў, дзякуючы чаму праект набыў незвычайны размах у прасторы і часе, зліўшыся з выставай “Ахвяры мастацтва, чарговым фестывалем перформансу “Навінкі, шматлікімі тэатральнымі і музычнымі вечарынамі і паэтычна-літаратурнымі прэзентацыямі.

У залах выставы “ДАХ-ІХ

Цэлую серыю выданняў прэзентавала літаратурнае выдавецтва “Галіяфы. Дастаткова новага і нябачанага, і ўсё разам, у агульным памяшканні выставачнай прасторы і працягласці ў часе — ствараючы адчуванне незвычайнай для Мінска творчай свабоды, хіба што падзабытай з пачатку 1990-х гадоў. “ДАХ-ІХ сабраў каля 150 аўтараў з 11 краін: Беларусі, Германіі, Нарвегіі, Італіі, Польшчы, Украіны, Расіі, Нідэрландаў, Японіі, ЗША і Ізраіля, зрабіўшыся рухомым праектам, дзе экспазіцыя рэгулярна абнаўлялася. Дзе побач з замежнымі творцамі (іх работы прадстаўляў як суарганізатар фестывалю сам берлінскі Kunsthaus Tacheles) і паказамі эфемернага і хуткаплыннага ві-джэінга прыстойна экспанаваліся і працы беларускіх “саюзных мастакоў — тых, хто патрапіў дапасавацца ў праект.
Сэнс удзелу ў мерапрыемстве Саюза мастакоў, як заўважыў адзін з яго кіраўнікоў Рыгор Сітніца, у тым таксама, што творчасць маладых, якія ўспрынялі ідэі мастацтва найноўшага часу, з працягам “ДАХу ў далейшым знойдзе сабе дарогу ў Берлін.