Aeternus et momentum

Яшчэ за некалькі дзён да афіцыйнага адкрыцця выставы-праекта «Aeternus et momentum» Андрэя Бусла ў Галерэі «Ў» мінакі былі заінтрыгаваныя.



aba22f748b1a6dff75bda4fd1ee9fe07.jpg

Яшчэ за некалькі дзён да афіцыйнага адкрыцця выставы-праекта «Aeternus et momentum» Андрэя Бусла ў Галерэі «Ў» мінакі былі заінтрыгаваныя.
Безаблічны плот, які цягнецца ад галерэі ў бок новага праспекта Машэрава, пачаў пераўтварацца. Спачатку на вялікіх няправільнай формы плямах тынкоўкі (памерам па 2–3 квадратных метры) на сцяне паўсталі фрагменты тыповых вулічных графіці — з бессэнсоўнымі надпісамі і вобразамі заходняй поп-культуры (з коміксаў, мульцікаў). А потым у вялікіх разрывах паміж плямамі ўзніклі фрагменты задуменна-паэтычных фрэсак ранняга італьянскага Адраджэння.
Менавіта ў пераасэнсаванні ролі і прызначэння класічнай жывапіснай спадчыны Адраджэння ў тэхніцы street-art, унясенні яе ў гарадское асяроддзе побач з вобразамі вулічнай культуры — сутнасць праекта мастака Андрэя Бусла. Па 22 ліпеня мінчукі змогуць пазнаёміцца з ідэямі мастака як побач з галерэяй, так і непасрэдна ў выставачнай прасторы ў інтэр’еры. Адзначым, што ў сярэдзіне экспануюцца не самі творы, а іх вялікія здымкі ці эскізныя праекты будучых прац. Узоры таго, як класічныя работы Гуга ван дэр Гуса, Бацічэлі, Мікеланджэла, Вермеера ці іншых мэтраў маглі б увайсці ў брутальнае асяроддзе сучасных урбаністычных трушчоб. І ведаеце, гэта глядзіцца цікава, гэта захоплівае — як калісьці захоплівала брутальная Берлінская сцяна, пераўвасобленая мастакамі ў арт-аб’ект.
Па-майстэрску арганізавалі і прастору экспазіцыі, удала падзяліўшы яе на асобныя зоны модульнымі сценкамі і надаўшы закуткам своеасаблівую атмасферу праз эфекты асвятлення. Атрымаўся цалкам сучасны ды яшчэ сацыяльна значны мастацкі праект. Вечнае і імгненнае спалучылася — як дэкларуе назва выставы.