Акцёр Алег Гарбуз «адарваўся ад купалаўцаў» і з’ехаў у Францыю. Але ёсць нюанс

Днямі Алег Гарбуз пакінуў у фэйсбуку допіс, першыя радкі якога гучалі нечакана: «Адарваўся ад родных купалаўцаў і паляцеў у незалежнае плаванне з Новым тэатрам, Варшава». Праскочыла думка: няўжо знаны акцёр сышоў ад купалаўцаў?

Фота "Камсамольская праўды ў Беларусі"

Фота "Камсамольская праўды ў Беларусі"

«Што вы! Гэта часова! Гэта не тое, каб назаўжды! Гэта я на гастролі ад’ехаў!» — патлумачыў Алег Гарбуз «Нашай Ніве».

Спектакль пра беларускіх палітвязняў у Францыі праходзіць з аншлагам

Цяпер акцёр у Францыі. Туды ён разам з трупай Новага тэатра выправіўся на тыднёвыя гастролі са спектаклем «1,8 М».

Пастаноўку пра беларускіх палітвязняў ужо пабачылі тэатралы Клярмона і Ліёна. Спектаклі прайшлі з аншлагам. Залі на тысячу месцаў былі поўныя.

«І глядач доўга нас не адпускаў на паклоне са сцэны апладысментамі», — адзначаў акцёр.

Чаму такая папулярнасць у спектакля, Алег Гарбуз і сам не ведае.

«Можа, людзі тэатральныя. У Клярмоне, дык там насельніцтва 140 тысяч. Можа, водгукі былі неблагія. Мы былі летась тут, праўда, у Рэймсе і Нантэры пад Парыжам. Але там такога не было. Залі былі меншыя і запоўненыя напалову».

Прэм’ера «1,8 М» адбылася ў канцы 2021 года. Паставіў спектакль рэжысёр Іван Вырыпаеў. «1,8 метра» — столькі месца адводзіцца чалавеку ў перапоўненых беларускіх турмах. У пастаноўцы акцёры з Беларусі, Польшчы і Расіі чытаюць лісты і ўспаміны палітвязняў і іх сваякоў.

У спектаклі Алег Гарбуз згадвае Вітольда Ашурка.

«Я не магу сказаць, што ў спектаклі граю Вітольда Ашурка, але я даношу яго лісты з-за кратаў, каторыя ён пісаў. Яны вельмі кранальныя і разумныя. Для мяне іх чытаць і гаварыць ягонымі словамі гонар», — кажа акцёр.

«Рэжысёр хацеў перарабіць спектакль, як толькі выбухнула вайна, але мы адстаялі»

Алег Гарбуз кажа, што пасля спектакляў у Ліёне акцёры традыцыйна сустракаліся з гледачамі. Па праглядзе «1,8 М» засталося пад 150 чалавек.

Гледачы пыталіся, ці ўносілі змены ў пастаноўку пасля таго, як пачалася поўнамаштабная вайна ва Украіне.

«Насамрэч мы змены невялікія ўнеслі, але рэжысёр хацеў перарабіць спектакль абсалютна, як толькі выбухнула вайна. Але мы адстаялі, каб спектакль заставаўся ў тым выглядзе, якім ёсць», — расказвае Алег Гарбуз.

Акцёр кажа, што падзеі, якія цяпер адбываюцца ў свеце, адна горшая за другую, але яны не адмяняюць таго, што творыцца ў Беларусі. Трэба даводзіць, дзе толькі можна па ўсім свеце, што мы ёсць, што мы застаёмся тымі, кім былі ў 2020 годзе.

«Як вайна ва Украіне не адмяняе рэпрэсій, якія дагэтуль у нас ідуць і таго калапсу з грамадствам, якое пераязджае базавацца ў іншыя краіны, гэтак жа і вайна ў Ізраілі не адмяняе вайну ва Украіне. Гэта абсалютна розныя падзеі, і на кожную з іх трэба засяроджваць увагу», — удакладняе акцёр.


Глядзіце таксама

Алег Гарбуз перакананы, што «той погляд, які беларускія акцёры ў выгнанні даюць на падзеі 2020 года, абсалютна чалавечы і правільны, а не прапагандысцкі».

Купалавец два гады ў эміграцыі. Для яго чужына — выпрабаванне. Немагчымасць пабачыцца з роднымі — найгоршае ў выгнанні, адзначае ён.

«З плюсаў — я вымушаны шукаць і развівацца. Ніхто тут не стане плаціць за тваё жыццё. Мусіш рабіць увесь час, нават тое, што не рабіў у сваёй краіне. На радзіме я не займаўся б перамовамі, не давялося б дамаўляцца з пляцоўкамі. Карацей, займацца менеджарскімі справамі. Але гэтаму дамо рады».

«Тут трэба не проста знайсці працу, а прыдумаць яе», — дадае ён.

Алег Гарбуз кажа, што ў эміграцыі адчувае сябе абсалютна свабодным у мастацкім выражэнні. Ён рухаецца ў кірунку, які яму падабаецца і які адпавядае рэжысёрскай канцэпцыі.

«У Беларусі такой волі не было б, — заўважае ён. — Там бы мы не паставілі таго, што тут, хаця не сказаць, каб работы нашы былі максімальна палітызаванымі».

Алегу Гарбузу падабаецца ўсё, што зроблена «Купалаўцамі» ў выгнанні. Сярод спектакляў адзначае «Дзядоў», «Гусі-людзі-лебядзі», «Сфагнум».

«Гадзіннік дыктатара свайго не адцікаў»

Алег Гарбуз стараўся не згадваць Купалаўскі тэатр на радзіме. Але ноткі настальгіі прамігнулі, калі ён упамянуў тэатр імя Юльюша Астэрвы ў Любліне.

«Цікавая акалічнасць, наш купалаўскі і люблінскі тэатр будаваў адзін і той жа архітэктар Адам Казлоўскі. Пра гэта ведаў, але ў люблінскім тэатры не выпадала быць раней. Пабываўшы, ацаніў падабенства: атмасферу і дробязі — усё, як у тэатры, у якім я служыў у Беларусі», — адзначыў акцёр.

Алег Гарбуз мяркуе, што вяртання на радзіму чакаць давядзецца доўга.

«Біялагічны гадзіннік нашага дыктатара яшчэ не адцікаў свайго. Гэта адбудзецца яшчэ не хутка. Яго падтрымліваюць моцна», — кажа ён.

Купалавец перакананы, што Украіна пераможа, але ён не ўпэўнены, што ёсць план для Беларусі пасля перамогі.

«У мяне такое адчуванне, што гэта зацягнецца, — падсумоўвае Алег Гарбуз. — Нам усім трэба настройвацца на тое, што вяртацца назад мы будзем не заўтра. Але да вяртання трэба рыхтавацца і думаць пра яго, вядома».